
Як стала вядома «Народнай Волі», у бліжэйшы час нарвежцы павінны прыехаць на «Беларуськалій».
Нагадаем, што нарвежская кампанія Yara – адзін з буйнейшых сусветных пастаўшчыкоў мінеральных угнаенняў і адзін з ключавых кліентаў «Беларускай калійнай кампаніі».
Yara падкрэслівала, што з’яўляецца прыхільнікам ўсеагульных правоў чалавека і падтрымлівае Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў яе асуджэнні парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Апошнім часам кампанія з Нарвегіі імкнулася дасягнуць пазітыўных змен праз дыялог з кіраўніцтвам «Беларускай калійнай кампаніі» і «Беларуськалія».
Не так даўно страйкам «Беларуськалія» зноў звярнуўся да нарвежскай кампаніі з просьбай не падпісваць кантракт да выканання кіраўніцтвам прадпрыемства вылучаных страйкамаўцамі патрабаванняў.
– Перамовы з нарвежцамі працягваюцца, – кажа лідар страйкама ААТ «Беларуськалій» Анатоль БОКУН. – Праўда, нейкага канкрэтнага выніку пакуль няма. Наколькі вядома, Yara збіраецца высадзіць на «Беларуськаліі» свой аўдытарскі дэсант. Але адказу на зварот страйкамаўцаў мы пакуль не атрымалі.
– Наколькі вядома, прадстаўнікі нарвежскай кампаніі ўжо наведваліся ў Беларусь…
– Так, яшчэ ў верасні мінулага года нарвежцы сустракаліся і з намі, і з генеральным дырэктарам «Беларуськалія» Іванам Галаватым. Затым прыязджалі ў снежні, зноў была размова з кіраўніцтвам прадпрыемства ў прысутнасці старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука.
На гэтым пакуль усё і закончылася. Затым Іван Галаваты заявіў, што прымуць на працу ўсіх тых страйкамаўцаў, якія звольніліся, але ж праблема не толькі ў гэтым. Не вырашаны пытанні, якія ставілі страйкамаўцы. І ніхто не будзе аднаўляцца на працы, пакуль кіраўніцтва прадпрыемства не выканае патрабаванні.
Больш за тое – мы не прызнаём нашы звальненні, бо мы баронім свае правы, і нас фактычна вымусілі не хадзіць на працу. Страйкамаўцы захоўваюць свой кодэкс паводзін, і такі ж самы кодэкс ёсць у кампаніі Yara. Ён, дарэчы, замацаваны на паперы.
– Калі прадстаўнікі Yara павінны прыехаць у Беларусь?
– З-за пандэміі іх візіт адкладваецца, але, магчыма, наведаюцца ўжо ў бліжэйшы час. Патрэбна ж будзе прымаць рашэнне наконт таго, падпісваць кантракт альбо не.
– Нарвежцы могуць на першае месца паставіць свае бізнес-інтарэсы…
– Могуць, безумоўна. Пабачым, ці адпавядаюць іх справы словам. І ці будуць яны выконваць свой задэклараваны кодэкс паводзін з бізнес-партнёрамі.
Публікацыя – з № 17 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.











