
Пару дзён таму Следчы камітэт змясціў на сваім сайце паведамленне пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да чатырох давераных асоб Святланы Ціханоўскай.
«Праваахоўнікі атрымалі інфармацыю аб тым, што асобы з найбліжэйшага атачэння Святланы Ціханоўскай рыхтуюцца да масавых беспарадкаў і захопу будынкаў дзяржаўных органаў на тэрыторыі Гомеля. Для ажыццяўлення плана апошнія шукалі ахвотных сярод былых вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. З мэтай прапрацоўкі і падрабязнага планавання сваіх дзеянняў абвінавачаныя 5 жніўня арганізавалі сустрэчу, на якой прысутнічала ў тым ліку сама Ціханоўская», – адзначаецца ў паведамленні.
Асноўных фігурантаў затрымалі з 6 па 8 жніўня. Афіцыйна іх прозвішчы не агучаны. Але вядома, што ў Гомелі даверанымі асобамі Ціханоўскай былі Юрый Уласаў і Таццяна Канеўская. Яны сядзяць у мінскім СІЗА. За кратамі знаходзяцца таксама актывісты «Страны для жизни» Аляксандр Шабалін і Дзмітрый Івашкоў. Хутчэй за ўсё, размова ідзе менавіта пра іх.
З абнародаванай фанаграмы, якая мае прыкметы нарэзкі, вынікае, што Гомель прадстаўляецца падчас сустрэчы як «пратэстны горад, гатовы на кардынальныя рэчы».
Чуваць мужчынскі голас: «Падыходзіць да выканкама, выклікаць начальства, патрабаваць пераліку (відавочна, галасоў)».
Жаночы голас нечакана дадае: «Наша задача будзе ўсё-такі захоп выканкама».
Мужчына: «План такі – прыбраць усіх кіраўнікоў адміністрацый, паставіць намеснікаў пад кантроль і на кожны раён паставіць па адным з упаўнаважаных прадстаўнікоў… Што людзі выйдуць у Гомелі, ну, гэта мы ўжо не сумняваемся. Не меншая колькасць, чым была тады (магчыма, маецца на ўвазе 10-тысячны чарнобыльскі мітынг 1990 года). Значыць, адзінае пытанне, як усё гэта скаардынаваць, каб не атрымалася… (фраза абрываецца)».
Абмяркоўвалася і праблема рэсурсаў: патрэбны мегафоны, камплекты рацый, газавыя балончыкі, электрашокеры ў выглядзе ліхтарыкаў, фінансаванне.
На той сустрэчы, як сведчаць відэакадры, прысутнічала і Святлана Ціханоўская. Але яна сышла, як толькі ўдзельнікі сталі абмяркоўваць нейкія магчымыя канкрэтныя дзеянні. Перад развітаннем яна выказала сумненне ў рэальнасці планаў удзельнікў сустрэчы.
Агітацыя і трохступеньчаты ізалятар
Драматычна складваўся ўдзел у выбарчай кампаніі давераных асоб Ціханоўскай.
7 мая мінулага года 52-гадовага Юрыя Уласава затрымалі на плошчы Леніна за пікет салідарнасці з арыштаваным Сяргем Ціханоўскім і асудзілі на 15 сутак. Як расказваў Уласаў, чарговыя пятнаццаць «накінулі» зноў жа паводле артыкула 23.34 КаАП – «Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў». Раней Юрый і яго паплечнікі выпусціў відэаролік, у якім выказваліся супраць удзелу Аляксандра Лукашэнкі ў выбарах прэзідэнта. Гэта было расцэнена як заклік да несанкцыянаванай масавай акцыі.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Пасля трыццаці сутак Уласава вывезлі з ІЧУ на ўскрай горада і адпусцілі. У пастку. На волі ён быў літаральна паўтары хвіліны. Як толькі Юрый палез у сваю торбу па тэлефон, са спіны на яго наляцелі трое ў цывільным з крыкам: «Чаму вы парушаеце?!» Ну і «павязалі». Адвезлі ў Савецкі РАУС, склалі пратаколы – нібыта ён мачыўся на вуліцы і не падпарадкаваўся міліцыі.
У ІЧУ Уласаў сядзеў у адзіночнай камеры ў поўнай ізаляцыі, трымаў нейкі час галадоўку, страціў 12 кілаграмаў вагі.
Пасля 45 сутак адсідкі Уласаў уключыўся ў перадвыбарную агітацыю за Ціханоўскую. Але аказалася, што агітацыйныя пікеты можна праводзіць толькі з 8 раніцы альбо на змярканні – пасля 21 гадзіны. У выканкамах тлумачылі, што іншы час усе пляцоўкі заняты агітатарамі за Лукашэнку.
Пікеты Уласаў арганізоўваў у райцэнтрах рэгіёна часцей за ўсё разам з Таццянай Канеўскай, шматдзетнай актывісткай руху «Маці-328», экс-кандыдаткай у Палату прадстаўнікоў, якая канкурыравала на парламенцкіх выбарах з начальніцай упраўлення па ідэалогіі аблвыканкама.
Нягледзячы на розныя перашкоды, на пікеты «за Ціханоўскую» прыходзіла нямала людзей. А ў самім Гомелі мітынг Ціханоўскай-Калеснікавай-Цапкалы сабраў каля 10 тысяч чалавек. Такой колькасці выбаршчыкаў на адным мітынгу мясцовая гісторыя не ведала.
7 жніўня Юрыя Уласава затрымала міліцыя, яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Потым стала вядома, што Юрыя перавезлі ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску і завялі крымінальную справу «за масавыя беспарадкі» на падставе артыкула 293 Крымінальнага кодэкса.
Таццяну Канеўскую міліцыя затрымала 8 жніўня. Звыш паўтара дзясятка міліцыянераў і АМАП удзельнічалі ў ператрусе ў доме Канеўскіх. Да агітацыйнай кампаніі Таццяна збірала на пікетах подпісы за Ціханоўскую. У чэрвені яе ўжо штрафавалі за «актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі» ў падтрымку арыштаванага Сяргея Ціханоўскага. Гэтым разам маці чатырох сыноў вінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні. 10 жніўня адміністрацыйны пратакол разглядалі ў судзе Савецкага раёна. Суддзя вярнула пратакол на дапрацоўку, а саму Таццяну адпусціла, паколькі ў сям’і ёсць непаўнагадовы сын. Але як толькі яна пайшла да канвойнай машыны па свае рэчы, яе зноў затрымалі. Два дарослыя сыны Канеўскай спрабавалі даведацца пра лёс маці ў ІЧУ, але іх схапілі людзі ў цывільным быццам за нейкія парушэнні.
Праз колькі часу сям’я даведалася, што Таццяна Васільеўна пераведзена ў мінскі СІЗА і праходзіць па справе аб масавых беспарадках.
Перад выбарамі затрымалі і Аляксандра Шабаліна, які быў у камандзе Ціханоўскай. Ён збіраўся ехаць на агітацыйны пікет. За кратамі Аляксандр ужо 274 дні. Ён таксама абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і знаходзіцца ў СІЗА №1.
У нядзелю 27 верасня ў Гомелі на маршы пратэсту, дзе АМАП ужываў для разгону пярцовы газ, святлошумавыя ракетніцы і халастыя стрэлы ўверх, быў затрыманы Дзмітрый Івашкоў. Першапачаткова яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у недазволеным маршы – далі 20 сутак і «накінулі» яшчэ 7 сутак, якія ён «не даседзеў» у жніўні. А неўзабаве яго бацькі даведаліся, што Дзмітрый апынуўся ў сталічнай турме. Супраць яго распачата крымінальная справа за «масавыя беспарадкі».
«Падтрымлівалі толькі мірныя метады»
З абнародаванай інфармацыі СК бачна, што матэрыялы крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі перададзены ў пракуратуру для накіравання ў суд. Які гэта будзе суд, пакуль не вядома. Праваабаронцы і актывісты не выключаюць, што ён можа адбыцца і ў Гомелі.
Следчы камітэт паведаміў таксама, што абвясціў Святлану Ціханоўскую ў вышук, дакументы на яе экстрадыцыю перададзены ў Генеральную пракуратуру.
Стала вядомай і рэакцыя Ціханоўскай на абвінавачанні. Праз сваю прэсс-акратарку Ганну Красуліну высунутыя абвінавачанні экс-кандыдатка ў прэзідэнты адпрэчыла.
«Як паказваюць больш за 200 дзён беларускага пратэсту, Святлана Ціханоўская і яе каманда падтрымлівалі толькі мірныя метады», – зазначыла Красуліна.
Відавочна, што пратэстныя дэманстрацыі і маршы каманда Ціханоўскай не лічыць масавымі беспарадкамі, а захопу будынкаў выканкамаў ці адміністрацый нідзе не было. У Гомелі, у прыватнасці, маршы пратэсту праходзілі паўз гарадскі і абласны выканкамы, але ніхто не набліжаўся нават да дзвярэй гэтых устаноў, не кажучы ўжо пра нейкія гвалтоўныя дзеянні.
Публікацыя – з № 17 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.











