125 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы

5 сакавіка 2021-га спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры і першага з дзевяці народных пісьменнікаў Беларусі Кандрата Крапівы. З гэтай нагоды пра жыццё і шматгранную дзейнасць пісьменніка піша «Будзьма!».

15
125 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы
Кандрат Крапіва (Атраховіч)

Апошні імператар

Біяграфія Кандрата Крапівы (сапраўднае імя — Кандрат Атраховіч) ахоплівае 94 чатыры гады (1896–1991 гг.), дзякуючы чаму яму выпала стаць сучаснікам і сведкам шмат якіх пераломных гістарычных падзей. Згадваючы гэты факт, нярэдка адзначаюць, што ён нарадзіўся ў год каранацыі апошняга расійскага імператара, а памёр у год аднаўлення незалежнасці Беларусі, стаў удзельнікам чатырох войнаў і жыў, калі змянілася некалькі дзяржаў. І гэта не кажучы пра асабістыя трагедыі, у прыватнасці, шлюб каханай з іншым ці смерць дзяцей.

Крапіва нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Маці памерла рана, а бацька пасля гэтага быў яшчэ двойчы жанаты. Спачатку хлопчык навучаўся ў мясцовай царкоўнапрыходскай школе. Але, імаверна, калі б не кепскія стасункі з новай мачахай, якая нават адбірала ў хлопца кнігі, бацька не адправіў бы яго вучыцца далей.

Так, Крапіва атрымаў адукацыю ў 4-класным вучылішчы спачатку ў Стоўбцах, а потым у Койданаве, экстэрнам здаў экзамен на народнага настаўніка і ў 1914-м пачаў выкладаць у адной вёсак Міншчыны. Пазней скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў і зноў працаваў настаўнікам.

І гэты, і наступны перыяд навучання і працы Крапівы перарываліся войнамі і ваеннымі кампаніямі. Так, ён быў мабілізаваны з пачаткам Першай сусветнай вайны, удзельнічаў у баях на румынскім фронце, у 1939 годзе ўдзельнічаў у паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь. Пазней — браў удзел у савецка-фінскай вайне, а неўзабаве — і Другой сусветнай.

ААН і старшыня Вярхоўнага Савета

Імаверна, істотным для наступнай кар’еры і літаратурнай дзейнасці стаў не толькі настаўніцкі кірунак, але і пераезд у Мінск. Тут Кандрат Крапіва скончыў педагагічны факультэт БДУ, літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне, а перад гэтым далучыўся да такіх вядомых літаратурных аб’яднанняў, як «Маладняк» і «Узвышша» (сябрамі якіх былі беларускія пісьменнікі Чарот, Пушча, Дубоўка, Чорны, Бядуля, Броўка, Глебка, Мрый і іншыя).

Далейшы кар’ерны шлях Крапівы гэта не толькі ўласна літаратурная і калялітаратурная дзейнасць (рэдактарская, выдавецкая і інш.), але і дзейнасць у навуковым і палітычным кірунку.

Так, у 30-я гады Крапіва працаваў загадчыкам аддзела часопіса «Полымя рэвалюцыі». Ужо падчас вайны рэдагаваў газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», а таксама працаваў у франтавых газетах. А з 1945 года быў рэдактарам часопіса «Вожык», які фактычна ўзнік з вышэйзгаданай газеты-плаката.

Не менш уражвае навуковы напрамак дзейнасці. Ужо з сярэдзіны 20-х гадоў Крапіва працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце, пасля вайны — загадчыкам сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук (АН) і дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН і, урэшце, віцэ-прэзідэнтам АН. А сярод найбольш значных навуковых рэгалій можна адзначыць ступень доктара філалагічных навук і званне акадэміка.

На палітычнай ніве Кандрат Крапіва неаднаразова абіраўся дэпутатам і старшынёй Вярхоўнага Савета беларускай рэспублікі, а таксама ўдзельнічаў у сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!