Прэм’ера без аншлагу

Хто толькі не выступаў у Купалаўскім тэатры пасля таго, як з яго звольнілася амаль уся трупа на чале з галоўным рэжысёрам Мікалаем Пінігіным! І фінбергаўскі аркестр, якому без розніцы, дзе іграць, хоць на маскоўскім тэлешоў “Поле чудес”. І яшчэ больш непераборлівыя “Харошкі”, якія спадзяваліся ў разбураным тэатры выканаць план па выступленнях. І нейкія шарамыжнікі з Баранавічаў з такім песенным рэпертуарам, што хоць вушы затыкай…

919
100 радкоў Міхася Скоблы. Прэм’ера без аншлагу
Прэм'ера спектакля "Паўлінка" у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Фота: kupalauski.by

І вось нарэшце новапрызначанае кіраўніцтва тэатра абвясціла пра тэатральную прэм’еру. 3 сакавіка ў Купалаўскім давалі “Паўлінку”. Шматлікія скептыкі паціскалі плячыма – хто будзе выконваць ролі, калі ў тэатры засталося ўсяго з дзясятак дзейных акцёраў? Умеркаваныя аптымісты даводзілі – правалу не будзе, бо за сто з гакам гадоў купалаўскую камедыю ставілі ўсе, каму не лянота, – і студэнты ў Пецярбургу, і сялянская моладзь у вясковым гумне.

Дарэчы, адно з такіх гумнаў – у вартым жалю выглядзе – стаяла ўсяго за некалькі кіламетраў ад маёй роднай хаты на Зэльвеншчыне, і нас, школьнікаў, вадзілі туды на экскурсію. Здавалася б, пасля таго, як Нацыянальны тэатр №1 улады ледзь не ператварылі ў напаўразбуранае гумно, дзе замест класікі са сцэны гучаў прыблатнёны шансон накшталт “Сукі-разлукі”, мяшчанская цікавасць да доўгачаканай прэм’еры забяспечыць поўны аншлаг.

100 радкоў Міхася Скоблы. Прэм’ера без аншлагу
Прэм’ера спектакля “Паўлінка” у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Фота: kupalauski.by

Але аншлагу не было. Праглядваліся вольныя месцы ў партэры, бельэтаж быў запоўнены напалову, балкон – на адну траціну. І гэта першая прэм’еры на маёй памяці з незапоўненай дарэшты залай. Настальгічна ўспамінаю, як складана было купіць квіткі на “Пінскую шляхту”, як не хапіла прыстаўных крэслаў на “Каралі Ліры”, як усё прытэатральнае грамадства ахопліваў здаровы ажыятаж перад “Тутэйшымі”…

Што ж, няма таго, што раньш было. Прыгледзімся больш падрабязна да таго, што ёсць, што дзве з паловай сотні гледачоў пабачылі на прэм’еры.

100 радкоў Міхася Скоблы. Прэм’ера без аншлагу
Прэм’ера спектакля “Паўлінка” у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Фота: kupalauski.by

Перад пастаноўшчыкамі спектакля (за аснову быў узяты варыянт рэжысёра Льва Літвінава, што і значылася ў праграмках) стаяла складаная задача – аўтарам п’есы вызначаны ўзрост галоўных герояў, а акцёраў у такім узросце ў тэатры не хапае.  Таму ролю пяцідзесяцігадовага Пранцыся Пустарэвіча давялося выконваць васьмідзесяцішасцігадоваму Генадзю Аўсяннікаву. У камедыі Сцяпан Крынцікі равеснік Пустарэвіча, а на сцэне, у выкананні Васіля Сушыцкага, ён больш падыходзіў яму ў сыны. Першы з усіх сіл маладзіўся, другі, каб падыграць Народнаму артысту СССР і БССР, стáрыўся, а гарманічнага дуэта так і не атрымалася.

Тое ж самае ўзроставае несупадзенне назіралася ў Пустарэвіча з жонкай Агатай – яе ролю выконвала Тамара Міронава. Помніцца, пераўвасобіцца ў бабулю ў яе атрымалася ў даўнім спектаклі “Не мой”. У “Паўлінцы” ж, як мне падалося, удалося не зусім. Да таго ж, яна яўна перабрала з грубасцю, з аглушальным рогатам, ад якога аж трэслася вялізная люстра над партэрам. Яе гераіня, не выпускаючы з рук тоўстае пугаўё і час ад часу знаходзячы яму прымяненне, нагадвала (з улікам сучасных рэалій) нейкага амапаўца ў спадніцы. Асабліва гэта кідалася ў вочы на фоне больш ціхмянай, праз меру напамаджанай і абвешанай зусім не старасвецкай біжутэрыяй Альжбеты (Вольгі Няфёдавай).

100 радкоў Міхася Скоблы. Прэм’ера без аншлагу
Прэм’ера спектакля “Паўлінка” у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Фота: kupalauski.by

Куды больш натуральна глядзелася на сцэне моладзь – Паўлінка (студэнтка Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Анастасія Варанкова) і Якім Сарока (Ілля Крук). Размеркаванне ў Купалаўскі Анастасіі (пры надзвычайным кадравым дэфіцыце), вядома ж, забяспечана, а Іллі я мушу выказаць два пажаданні. Па-першае, пазбавіцца ад моўных агрэхаў (“добры вечар, панне Паўлінке”, “а не магла ты мне сразу сказаць” і г.д.). Па-другое, у наступных паказах скінуць з сябе шарачковы пінжачок (падобны на ўніформу фабзайца), пад якім праглядалася беларуская вышыванка.

Найбольш пераканаўчым, каб не адно “але”, мог атрымацца сцэнічны вобраз Адольфа Быкоўскага ў выкананні Міхаіла Світы. Фанабэрыстага, карыкатурна выпісанага Купалам шляхцюка ён сыграў, можна сказаць, бліскуча – ад бліскучых галёш пачынаючы, якія здолеў зрабць удзельнікамі спектакля. Але, думаецца, спецыяльна, пастаноўшчыкі апранулі яго па схеме б-ч-б – белыя порткі, белая кашуля і чырвоная камізэлька. Прайшоўся б пан Быкоўскі ў такім выглядзе па цэнтры Мінска – абавязкова трапіў бы ў ІЧУ на Акрэсціна.

100 радкоў Міхася Скоблы. Прэм’ера без аншлагу
Прэм’ера спектакля “Паўлінка” у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Фота: kupalauski.by

Такім чынам, бел-чырвона-белы пан Быкоўскі і бачыцца мне ці не галоўным палітычным пасылам новапастаўленай “Паўлінкі”. На фоне штодзённых затрыманняў за бел-чырвоныя парасоны, за бел-чырвоныя фіранкі і жалюзі, за бел-чырвоныя сняжынкі на вокнах так апрануты карыкатурны герой успрымаецца адназначна. Успрымаўся адпаведна ён, відаць, і галоўным гледачом, які наведаў разгромлены тэатр незадоўга да прэм’еры. Так што пастаноўшчыкі з поўным на тое правам могуць чакаць на ганаровае званне з рук таго самага гледача. А што – дагадзілі.

Дагадзілі яны і прыдуманым, высмактаным з пальца фіналам, які ў “Паўлінкі” з’явіўся даўно, па волі згаданага ўжо Льва Літвінава (памёр у 1963 годзе). У Купалы ў канцы п’есы Паўлінка голасна ўскліквае: “Якімку арыштавалі! Маю ясную зорачку арыштавалі! Сляпыя звяры!!!”. Гэтыя словы ў новую пастаноўку не трапілі, відаць, за “экстрэмісцкі” падтэкст. Напэўна, каб не нагадвалі публіцы пра больш за трыццаць тысяч арыштаваных пратэстоўцаў па ўсёй краіне. А то нагадаеш – і атрымаеш неспадзяваную рэакцыю гледачоў. Як было, напрыклад, у спектаклі “Раскіданае гняздо” – акцёр выбягае на авансцэну і з ашалелымі вачыма лямантуе: “Бацька павесіўся!”. А ў адказ – авацыя…

Варта сказаць, што трагічны фінал у камедыі бянтэжыў рэжысёраў і раней. Купалу нават угаворвалі яго перапісаць, маўляў, навошта вясёленькую п’есу заканчваць арыштам і беспрытомнай Паўлінкай. Але Купала настойваў на сваім фінале. Катэгарычна. І рэжысёры былі вымушаны выконваць аўтарскую волю.

100 радкоў Міхася Скоблы. Прэм’ера без аншлагу
Прэм’ера спектакля “Паўлінка” у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Фота: kupalauski.by

Купалы няма – і новым пастаноўшчыкам не было каму запярэчыць. Новая-старая “Паўлінка” заканчваецца прыцягнутым за вушы, не выпісаным па тэксце хэпі-эндам. Альжбета Вольгі Няфёдавай проста выходзіць на сярэдзіну сцэны і абвяшчае: “Паўлінка з Якімам – і дзякуй Богу!”. Пасля чаго ўсе акцёры выходзяць на паклон.

Авацый і паўторных выхадаў не было. Рэжысёра на сцэну не выклікáлі. Пакуль першыя шэрагі даволі бязладна выгуквалі “спасибо!”, заднія паспяшаліся ў гардэроб.

І такую – дапісаную за Купалу, з відавочнымі момантамі палітычнай кан’юнктуры – “Паўлінку” тэатр сабраўся паказваць ледзь не праз дзень – толькі ў сакавіку дзевяць разоў. І, хутчэй за ўсё, знойдуцца аматары такога дзівадла (так па-чэшску тэатр). Я ж туды больш не хадок – да лепшых часоў. Паколькі пазаўчарашняя безаншлагавая прэм’ера пераканала мяне толькі ў адным – у сённяшняй Беларусі Янка Купала ў тэатры свайго імя фактычна прызнаны экстрэмістам. З чым я і віншую ўсю яго малалікую, ледзь жывую трупу.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!