Стары замак у Гродне

Турыстычная галіна адна з тых, што больш за іншых пацярпелі ад пандэміі каранавіруса. Калі ў 2019 годзе даходы ад уязнога турызму ў Гродзенскай вобласці склалі 15 мільёнаў долараў, дык у 2020-м – усяго каля 4,5 мільёна.

Узлёт і падзенне

Узлёт турыстычнай галіны ў Гродзенскім рэгіёне пачаўся з кастрычніка 2016 года, калі абласны цэнтр быў аб’яўлены бязвізавай зонай. У горад над Нёманам наведваліся турысты амаль з 80 краін свету, іх колькасць імкліва расла.

З’явіліся і праблемы: у горадзе не ставала стаянак для аўтобусаў, месцаў у гатэлях і рэстаранах, нават прыбіральняў. Але літаральна за год сітуацыя выправілася. У Гродне з’явіліся першыя хостэлы, пачалі разбудоўвацца гатэлі, увесь цэнтр запаланілі кавярні і рэстараны.

Бязвізавую зону пашырылі на тэрыторыі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.

Аднак 2020 год пераламаў сітуацыю. Яшчэ ў ліпені турысты наведвалі Гродзеншчыну, але другая хваля каранавірусу прывяла да поўнага прыпынення турыстычнага патоку. У чацвёртым квартале 2020 года Гродзенскую вобласць наведалі 2030 бязвізавых турыстаў, тады як за аналагічны перыяд 2019 года іх колькасць, згодна з дадзенымі абласнога ўпраўлення спорту і турызму, склала 40.898 чалавек.

Турфірмы былі першымі…

Ва ўсім свеце турбізнес стаў адной з першых ахвяр каранавіруса.

Адмыслоўцы ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама і зараз схільны лічыць, што сітуацыя з каранавірусам адкінула турыстычную галіну на некалькі гадоў назад і дзеля таго, каб вярнуць пазіцыі, неабходны 3–4 гады.

Асабліва адчувальна пацярпелі турыстычныя фірмы. Цяжкасці пачаліся мінулай вясной, калі сталі зачыняцца граніцы і давялося адмяняць раней забраніраваныя туры. Адносіны з кліентамі накаляліся. Каб уратаваць галіну, многія спрабавалі пераарыентаваць дзейнасць на ўязны турызм, але вялікага плёну гэта не дало. Многія турыстычныя фірмы ў Гродне зачыніліся.

Дырэктар турфірмы “Студыя адпачынку” Канстанцін Карачанцаў толькі ўздыхае, калі я пытаюся пра стан спраў:

– Па некалькі чалавек адпраўляем у Егіпет альбо Турцыю – вось і ўся дзейнасць.

Спадар Канстанцін распавядае: у 2019 годзе была праведзена вялізарная праца па папулярызацыі Гродна і развіцці ўязнога турызму, падпісаны дзясяткі кантрактаў з турыстычнымі кампаніямі Еўропы. Але ўсё рэзка абрынулася. І такая сітуацыя не толькі ў яго фірме, але і ў іншых. Многія папросту зачынены.

“Студыя адпачынку” спрабавала пераарыентавацца на ўнутраны турызм – у горадзе і вобласці шмат цікавых месцаў і помнікаў, якія было б цікава і карысна пабачыць і беларусам з іншых месцаў. Але з гэтага нічога не выйшла. Карачанцаў лічыць, што ў краіне няма культуры падарожжаў па роднай краіне.

– Не даспелі мы да гэтага, не сфарміравана ў нас пакуль такая патрэба, – кажа спадар Канстанцін.– Гэта асабліва яскрава разумееш, калі глядзіш на нашых суседзяў: у Літве ўнутраны турызм займае больш за 60 працэнтаў рынку. Была спроба рэанімаваць сітуацыю ў ліпені, калі ў рэгіён паехалі турысты з Літвы і Польшчы. Але жнівеньскія падзеі зноў прывялі да закрыцця беларускіх граніц, што практычна цалкам спыніла прыезд турыстаў у нашу краіну.

Гатэлі і грамадскае харчаванне ў рэжыме выжывання

Цэнтр Гродна цяпер выглядае не такім ажыўленым, як год таму. Кавярні і рэстараны пустуюць. Іх гаспадары неахвотна гавораць з журналістам: маўляў, няма чаго казаць, сітуацыя відавочная, галоўнае – выжыць.

У адным з рэстаранаў на цэнтральнай вуліцы гаспадыня (просіць не называць прозвішча, але яно ёсць у рэдакцыі) кажа, што бізнес пацярпеў адчувальна. Даходы знізіліся на 70 працэнтаў, працоўныя месцы давялося, так бы мовіць, аптымізаваць, хаця супрацоўнікі самі пачалі адыходзіць, калі рэзка зменшылася колькасць кліентаў і пачалі зніжацца заробкі. Паводле слоў жанчыны, бізнес удалося ўтрымаць толькі дзякуючы вялікаму досведу ў сферы грамадскага харчавання – яны з мужам працуюць больш за 20 гадоў.

У суседнім рэстаране дырэктарка Віялета распавяла, што ад пачатку дзейнасці яны былі скіраваны на абслугоўванне турыстаў, але пандэмія прымусіла перабудаваць працу.

– Мы сталі прапаноўваць дастаўку гатовых абедаў, пачалі праводзіць карпаратывы і розныя ўрачыстасці, – дзеліцца дзяўчына.– Сталі больш рэкламаваць нашу ўстанову сярод мясцовых кліентаў, і гэта ў выніку дало нам шанец выжыць. Але моцна цісне канкурэнцыя.

Хостел Costeam у цэнтры Гродна адзін з самых вялікіх па ўмяшчальнасці. У ім працуе толькі адзін чалавек – сама гаспадыня: няма ні адміністратараў, ні прыбіральшчыц, ні іншага персаналу.

– І кліентаў у нас амаль няма, – сумна кажа спадарыня Анастасія. – Заробак складае трохі больш за сотню, хапае толькі на тое, каб заплаціць неабходныя падаткі і разлічыцца за камуналку. Арэндадаўца зрабіў канікулы па арэндзе, то дзякуючы гэтаму наогул існуем.

На суседняй вуліцы хостэл невялічкі, знаходзіцца ў былой кватэры. На месцы таксама толькі гаспадар – Юрый.

– У нас кліентаў не было з 1 снежня, і ніхто не цікавіцца, – уздыхае ён.

Пасля таго як кватэру вывелі з жылога фонду і зрабілі ў ёй хостэл, дзяржава падняла плату за камунальныя паслугі ў 10 разоў.

– Мы цяпер не маем ніводнага кліента, а вымушаны плаціць 600 рублёў толькі за камуналку, – канстатуе мой суразмоўца. – Калі ў сакавіку ніхто не будзе сяліцца, то наша дзейнасць спыніцца. І ніхто на нашы праблемы не звяртае ўвагі.

Адзін з цэнтральных гатэляў Гродна – “Нёман”. У фае і на калідорах цішыня – ніводнага чалавека. Праўда, у адміністрацыі распавядаюць, што пастаяльцы ў іх усё ж ёсць. Турыстаў няма, але час ад часу заязджаюць спартсмены і камандзіровачныя.

– Нам нават удалося за перыяд пандэміі не скараціць персанал, – кажа кіраўнік аддзела кадраў. – А вось што будзе далей – ніхто не ведае.

Сумна…

За апошнія некалькі гадоў у Гродне, як, дарэчы, і ва ўсёй Беларусі, з’явілася шмат кваліфікаваных экскурсаводаў, высокія прафесійныя якасці якіх пацверджаны адмысловымі ліцэнзіямі. Але апошнія месяцы яны практычна сядзяць без працы.

– Сумна! – заўважае гродзенскі гід Іна Крайнева. – У месяц – усяго пара экскурсій. Хаця раней мы заказы на зімнія месяцы афармлялі яшчэ ў жніўні.

Зараз у Гродна, дзеліцца спадарыня Іна, прыязджаюць толькі індывідуальныя турысты, у лепшым выпадку сем’і альбо некалькі сяброў. Пераважна гэта жыхары сталіцы, якія аб’ездзілі ўвесь свет, а цяпер у сувязі з тым, што граніцы закрыты, пачалі знаёміцца з краявідамі і гісторыяй уласнай краіны. Гід кажа, што ўжо і не памятае, калі апошні раз праводзіла экскурсію для вялікай групы людзей. Экскурсій, якія прыязджаюць цэлымі аўтобусамі, няма з сярэдзіны мінулага лета. Раней можна было нядрэнна зарабіць, уздыхае жанчына, а зараз марыш аб тым, каб толькі выжыць.

Дапамога была, але не для ўсіх

Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама лічаць, што крызіс, які звязаны з каранавірусам, стаў адным з самых цяжкіх выпрабаванняў для турыстычнай галіны.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у 2020 годзе ў вобласці была аказана падтрымка 33 суб’ектам туріндустрыі, сярод якіх 23 турыстычныя арганізацыі, два гатэлі, чатыры санаторна-курортныя ўстановы, чатыры аб’екты грамадскага харчавання.

Падтрымка заключалася ў зніжэнні каэфіцыента да базавай стаўкі арэнднай платы, прадастаўленні адтэрміноўкі па аплаце падаткаў і збораў у мясцовы бюджэт, ільгот суб’ектам грамадскага харчавання шляхам зніжэння стаўкі падатку на нерухомасць. Адбылося і зніжэнне курортнага збору: замест 5 працэнтаў ён на тэрыторыі Гродна склаў 3 працэнты.

Напэўна, і для супрацоўнікаў упраўлення спорту і турызму відавочна, што ўказамі  №143 і 178 змаглі скарыстацца далёка не ўсе суб’екты турыстычнай дзейнасці. Памятаецца, што на першапачатковым этапе пандэміі Рэспубліканскім саюзам турыстычных арганізацый былі падрыхтаваны прапановы аб падтрымцы галіны. Рыхтаваўся нават асобны дакумент, але ён не быў падтрыманы на самым высокім узроўні.

У выніку дапамогу атрымала толькі частка суб’ектаў, але шмат хто вымушаны быў прыпыніць сваю дзейнасць. На жаль, не ўдалося знайсці статыстыку, колькі дакладна такіх суб’ектаў у выніку пандэміі перасталі дзейнічаць у Гродне.

Калі ж казаць пра самыя адчувальныя страты ў галіне турызму, то, як патлумачылі мне ў адным агенцтве, гэта кадры. Мікалай Іваноў, які аддаў турбізнесу больш за 15 гадоў, звярнуў увагу на тое, што ў беларускіх ВНУ для іх галіны не рыхтуюць спецыялістаў “у гатовым выглядзе”. На яго думку, каб стаць адмыслоўцам у сферы турызму з неабходнымі навыкамі і кампетэнцыямі, патрэбна каля пяці гадоў працы. І тыя кадры, якія былі, каштуюць вельмі дорага. А зараз каля 60 працэнтаў такіх прафесіяналаў вымушаны змяніць сферу дзейнасці. Галіна, лічыць спецыяліст, у тупіку.

Публікацыя – з № 16 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: