Фота https://nlb.by

Афіша купалаўскага тэатра на сакавік. На сцэне два спектаклі — «Паўлінка» Янкі Купалы і «Вечар» Аляксея Дударава. Адноўленую класічную пастаноўку па п’есе Янкі Купалы плануюць паказаць 3 сакавіка — яго граюць акцёры, якія прыйшлі на месца купалаўцаў, што звольніліся на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, піша Рацыя.

Раней міністр культуры Анатоль Маркевіч казаў, што ў трупу прынялі студэнтаў універсітэта культуры і акадэміі мастацтваў. А 19 лютага абноўленую «Паўлінку» паглядзеў Аляксандр Лукашэнка, тады прагучала: «яна стала лепей, чым была».

Сёння ў Купалаўскім плануюць паказаць „Паўлінку”
Фота: journ.bsu.by

Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў асцярожна каментуе гэту падзею, кажа, што трэба паглядзець і прафесійна ацаніць:

— Вельмі асцярожна хацеў бы ставіцца да гэтай працы. Вельмі цікава адкінуць вось проста ўсе гэтыя грамадскія і паглядзець на гэта прафесійна. А як вось там гэта спрацавана? Як там было сказана на пазамінулым тыдні, што атрымалася яшчэ лепш, чым было. Я хацеў бы даць гэтаму падрабязную экспертызу. «Паўлінка» — усё ж вельмі важны спектакль, ён не такі просты, як шматлікім здаецца.

«Паўлінка» — спектакль-брэнд купалаўскага тэатра. Яго прэм’ера ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1944 годзе ў Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі. Штогод менавіта гэтым спектаклем пачынаўся новы сезон нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы.

На сакавік у рэпертуары таксама запланаваны спектакль «Вечар» паводле Дударава. Там граюць акцёры са старэйшага пакалення (Генадзь Аўсяннікаў, Тамара Міронава), якія пасля падзеяў восені 2020 года засталіся ў тэатры.

Поделиться ссылкой: