Пазітыўная размова з баскетбалісткай Сныцінай аб продажы медаля і змаганні за перамены
Кацярына Сныціна. Фота: Pressball.by

«Немагчымае магчыма» як жыццёвае крэда

– Калі і з якой нагоды вы яе зрабілі тату на руках «Немагчымае – магчыма»? І як гэты дэвіз адпавядае цяперашняму настрою?

– Я зрабіла яе ў 19 гадоў. Мне здавалася і дагэтуль здаецца, што немагчымае магчыма. Гэтая фраза застаецца са мной усё жыццё. Мы вельмі часта апускаем рукі, калі не атрымліваецца дасягнуць поспеху хутка і лёгкім шляхам. У мяне шмат не атрымлівалася ад самага пачатку. І гэта напамін самой сабе, што немагчымае магчыма, што спыняцца – гэта не варыянт.

– Тое, што мы з вамі размаўляем, азначае, што ўмова ў кантракце, якую вам паставіла Беларуская федэрацыя баскетболу – узгадненне кантактаў са СМІ – для вас па-ранейшаму непрымальная, і вы працягваеце даваць інтэрвʼю і выказваць свае думкі…

– У маім папярэднім кантракце не было такога пункту, і ён дзейны да канца сакавіка, таму я магу гаварыць са СМІ, а магу і не гаварыць. Што будзе праз месяц? Ня ведаю, ці падпішуць мне кантракт. Я проста выкрасліла гэты пункт з кантракту, напісала, што ня згодная, і падпісала кантракт. Гэта будзе ўжо іх рашэнне. Усё пачалося ў мінулую пятніцу, калі мне паведамілі, што такі кантракт ня могуць падпісаць. Я даслала наймальніку дадатковыя пытанні. Мы размаўляем у панядзелак, адказу пакуль няма.

– Але вы цвёрда стаіце на тым, што ня будзеце ўзгадняць, каму і пра што даваць інтэрвʼю?

– Я не ўяўляю, як гэта можа быць. Я прасіла іх удакладніць, што значыць гэты пункт. Што я павінна ўзгадняць? З кім узгадняць? Колькі ў іх часу на ўзгадненне? Што будзе, калі яны ня ўзгодняць? Які спіс СМІ, з якімі я абавязаная ўзгадняць інтэрвʼю, а з якімі СМІ ня трэба ўзгадняць, а з якімі няма шанцаў узгадніць? А мае сацыяльныя сеткі? Ці трэба ўзгадняць сацсеткі, ці ня трэба?

Пасля афіцыйных гульняў, калі заканчваецца матч, выходзіш з пляцоўкі, і ты ня можаш пайсці адразу ж у раздзявалку, ты абавязаны прайсці па калідоры, дзе стаяць журналісты сусветных СМІ. І што мне рабіць? Бегчы ўзгадняць ці праходзіць, апусціўшы галаву? На большасці чэмпіянатаў Еўропы і свету менавіта як капітан я іду на прэсавую канферэнцыю, якая праходзіць праз 15 хвілін пасля гульні. Узгадняць ці не ўзгадняць? Шмат незразумелага.

– А ці шмат спартоўцаў цяпер па такіх правілах жыве? Напэўна, таму іх інтэрвʼю і ня чуем…

– Раней ніхто не прыдумляў, каб гэта ўзгаднялі. Вядома, у маім кантракце ёсць запіс, што я павінна ўзгадваць зборную, нацыянальную каманду, федэрацыю ў найлепшым святле. Зразумела, што ты ня будзеш паліваць брудам, бо гэта твая сямʼя. Ведаю, што цяпер многія спартоўцы ў многіх відах спорту падпісалі гэта, але гэта не мая пазіцыя. Я не ўяўляю і самога ўзгаднення, і таго, што я не магу выказацца пра тое, давайце будзем шчырымі, што адбываецца ў краіне.

Пазітыўная размова з баскетбалісткай Сныцінай аб продажы медаля і змаганні за перамены
Кацярына Сныціна. Фота: Pressball.by

«Выбар без выбару»

– Што адбываецца ў Нацыянальным алімпійскім камітэце цяпер? Змянілася кіраўніцтва. Як вы гэта ацэньваеце?

– Гэта быў выбар без выбару. Мы чакаем рэакцыі МАК. Першы крок зроблены, бо Віктар Лукашэнка, Дзмітрый Баскаў і Любоў Чаркашына і так знаходзяцца пад санкцыямі МАК. Раней было паседжанне МАК, на якім Бах сказаў, што яны чакаюць вынікаў паседжання НАК Беларусі. Чакаў ён празрыстасці ці адкрытасці, ня ведаю. Канчатковае рашэнне МАК аб беларускім НАК пакуль не прынята. Я думаю, што пазней будзе велізарная дзейнасць па вяртанні НАК у рамкі прававога поля. Было звольнена шмат спартоўцаў за тое, што яны падпісалі наш ліст, парушаная Алімпійская хартыя, усё гэта трэба выпраўляць і не шукаць вінаватых на Захадзе. Мы чакаем канчатковага рашэння МАК.

– У спорце, у каманднай гульні ёсць свае законы, свая тактыка і стратэгія. Ці можна спартовую барацьбу ў пэўным сэнсе параўнаць з тым, што адбываецца ў Беларусі апошнія больш як 200 дзён? Натуральна, гэта не гульня па правілах. Але, магчыма, ёсць іншыя паралелі, у тым ліку са спартовым характарам, з воляй да перамогі, з падрыхтоўкай да барацьбы?

– Характар мы ўжо паказалі. Мы прынялі тое, што гэта ня спрынт, а марафон. 210 дзён мінула, але здаецца, што вечнасць. Уявіце баскетбольную каманду. Выходзяць 5 чалавек і пачынаюць гуляць. Дрэнна, добра – няважна. Ёсць яшчэ ззаду людзі, якія цябе могуць замяніць, калі нешта ня пойдзе. Ёсць людзі, якія цябе падбадзёрваюць. Ты не застаешся на пляцоўцы адзін на адзін, сам па сабе. Ёсць дзяўчаты ў камандзе, ёсць заўзятары, якіх мы чуем… Гэта ўсё падобна да нашай барацьбы. Гэта камандная барацьба, гэта народная барацьба.

Часам цяжка. Часам нешта натхняе, часам нешта «прыбівае» да падлогі, эмоцыі на нулі і гэтак далей. Але тут таксама ўключаецца камандны дух. Я асабіста не магу пакутаваць доўга праз тое, што за суткі не магу прачытаць ніводнай добрай навіны ў навіннай стужцы. Гэта «прыбівае», але ёсць людзі, якіх гэтая сітуацыя «прыбівае» нашмат болей, якія пацярпелі сёння. Яны мне пішуць, я з імі кантактую. Я стараюся сябе трымаць на пазітыўнай ноце, бо ў камандзе павінен быць нехта пазітыўны, нехта, хто ня толькі трымае ўдар, але і скажа ўсім: «Давайце, сабраліся, пагналі, сёння, цяпер».

Гэта камандны від спорту, за гэтыя 6 месяцаў я займела людзей. Як Лена Леўчанка нядаўна сказала, што яна займела яшчэ адну зборную – людзей, якіх яна падтрымлівае і якія яе падтрымліваюць. І гэта ня толькі спартоўцы, гэта сотні тысяч беларусаў, з якімі я кантактую. Людзі дагэтуль змагаюцца…

– А вы кажаце, ніводнай пазітыўнай навіны…

– Гэта крыху заліваецца. Столькі дрэнных навінаў навальваецца, што часам здаецца, што нічога добрага не адбываецца. Я задаю сабе пытанне, ці адбылося 1 сакавіка нешта добрае – нібыта і ня бачу. А з другога боку – гэта людзі, светлыя, чулыя, добрыя, якія віншуюць адзін аднаго з 1 сакавіка. Неймаверныя дзяўчаты ў чырвоным адзенні з кветкамі выйшлі. Лепей больш заўважаць пазітыўныя рэчы, якія з намі адбываюцца. Асабліва ў такія цёмныя часы.

– Як вы мяркуеце, ці ёсць спартовы характар у тых, хто пад ціскам і праз страх падпісаў праўладны ліст спартоўцаў?

– Спартовы характар, напэўна, у іх ёсць, бо ён выпрацоўваецца ў любога спартоўца. А вось характар, каб пастаяць за свае перакананні – тут ёсць у мяне сумневы. Нельга ўжо не разумець, не заўважаць, не ўсвядоміць таго, што адбываецца насамрэч у краіне. І нават пад гэтым ціскам падпісваць лісты… Для мяне гэта людзі, у каго сапраўды слабы характар.

«Яны падтрымлівалі мяне ўсё жыццё, і ў гэты момант я не магла прамаўчаць і не падтрымаць свой народ»

– Калі і як замяніліся вы пасля лета 2020 году?

– Гэта было 12 жніўня 2020 году. Усе тры дні я глядзела навіны пра тое, што адбываецца ў Беларусі, на вуліцах майго гораду, і ня верыла, што рэжым так абыходзіцца з народам, уласнымі грамадзянамі, якія выйшлі з узнятымі рукамі і жаданнем дамагчыся праўды. Я сачыла і на трэці дзень зразумела, што не магу маўчаць. Было немагчыма дазваніцца да тых, хто ў Менску, мне ніхто не адказваў. Як адрэзаная краіна, я пісала дзясяткам людзей, і ўсе маўчалі, ніхто не атрымліваў маіх паведамленняў. Гэта было страшна. Гледзячы на гэта, я не магла прамаўчаць. Колькі гадоў я гуляю, за намі на спаборніцтвы ездзяць нашыя заўзятары, колькі людзей у Палац спорту прыходзілі нас падтрымаць. Яны падтрымлівалі мяне ўсё жыццё, і ў гэты момант я не магла прамаўчаць і не падтрымаць свой народ і не абурыцца тым, што адбываецца.

Пазітыўная размова з баскетбалісткай Сныцінай аб продажы медаля і змаганні за перамены
Кацярына Сныціна

Як прадавалі бронзавы медаль

– Раскажыце гісторыю пра бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы – 2007, які вы прадалі, каб дапамагчы пацярпелым.

– Мы перыядычна выстаўляем свае ўзнагароды, медалі, нешта з атрыбутыкі на продаж для падтрымкі фонду спартовай салідарнасці ў падтрымку рэпрэсаваных спартоўцаў. Ня тое што мая чарга прыйшла, я проста вырашыла, што мой час надышоў, што для сваіх спартоўцаў я хачу зрабіць максімум. І выставіла самы важны, самы дарагі медаль у маёй карʼеры, бо з яго ўсё пачалося, ня толькі мая карʼера, але і жаночая зборная, якая моцна гучала на працягу 10–12 гадоў у Еўропе і свеце.

Гэты лот трымаўся 10 дзён, людзі перабівалі цану, у выніку яго купіў немец за 10 100 еўра. Як выявілася, у маладосці ён два гады жыў у Менску, вучыўся на архітэктара, потым дапамагаў з іншымі немцамі будаваць дзіцячы лагер для чарнобыльскіх дзяцей. Ён добра ведае, хто такія беларусы. Да таго ж калісьці ён дапамагаў перакладаць для баскетбольнай каманды падчас спаборніцтваў. Ён кожны год прыязджае ў Беларусь і разумее, што такое медаль для гульца. Як ён мне потым расказаў, у яго са жніўня была думка: «Як я магу ім дапамагчы?» Нічога ня мог прыдумаць, але калі пабачыў інфармацыю пра продаж медаля, вырашыў, што гэта тое, чым ён можа дапамагчы беларусам у іх барацьбе. Гэта тое, што называецца салідарнасць. Я разумею, што гэта наша барацьба і што, акрамя беларусаў, ніхто ня зможа зрынуць рэжым, але тое, што нам дапамагаюць людзі з-за мяжы, надае сілаў.

– Вы цяпер граеце за турэцкі клуб «Нэсібе Айдын» з Анкары, але застаяцеся ў зборнай. Які прэсінг, ціск ці рэпрэсіі вы адчулі за сваю грамадзянскую пазіцыю?

– Толькі праблемы з кантрактам. На фоне таго, што адбывалася з нашымі спартоўцамі, якіх звальнялі, да якіх прыязджалі з тлумачальнымі размовамі, – мяне гэта ўсё абмінула. Цяпер з кантрактам разбяромся.

– Ці даруеце вы сілавікам?

– Першыя месяцы мне здавалася, што мы павінны ім дараваць, ня дзеля іх, а дзеля саміх сябе. Але потым я вырашыла, што не змагу ім дараваць… Цяпер запусцілі праект «Жнівень-2020», у якім пацярпелыя дзеляцца сваімі гісторыямі. Мне пашчасціла паўдзельнічаць у ім. Гэта немагчыма чытаць бязь слёз. Самае страшнае, што мяне шакавала, што гэта рабілі самі беларусы. Ніхто не прыехаў і не пабіў беларусаў. Беларусаў пабілі беларусы. Гэтага я не магу дараваць.

«26 гадоў жанчын разглядалі як суперлаяльны электарат»

– Вельмі часта гавораць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка недаацаніў жанчын, гаворачы і пра тое, што жанчына ня можа быць прэзідэнтам, дазволіўшы рэгістрацыю Ціханоўскай, бо ня верыў у перамогу нібыта простай хатняй гаспадыні. Жанчыны сапраўды адыгрываюць велізарную ролю ў мірнай беларускай рэвалюцыі. Як вам здаецца, наколькі ўзаемазвязаныя патрыярхат з аўтарытарызмам і дыктатурай?

– 26 гадоў жанчын разглядалі як суперлаяльны электарат, не лічылі, што жанчынам цікавая палітыка, што жанчына можа быць у палітыцы менавіта ў Беларусі. І заява, што Канстытуцыя не пад жанчыну, – усё гэта наступства патрыярхальнай сістэмы. Як спартоўка я бачу на тых жа Алімпійскіх гульнях, што жанчыны могуць рабіць ня горш за мужчын. У сваёй катэгорыі, бо гэта спорт. Тут жа, калі трэба думаць галавой, я не разумею раздзялення на мужчын і жанчын. Недаацанілі, у гэтым наша перавага аказалася. Асабліва калі неймаверныя жанчыны выйшлі на 3–4 дзень пасля 9 жніўня да Камароўскага рынку з кветкамі – гэта агонь.

Пазітыўная размова з баскетбалісткай Сныцінай аб продажы медаля і змаганні за перамены
Кацярына Сныціна. Фота: TUT.BY

Другое дыханне на пачатку вясны

– Які ваш настрой як спартоўкі, як грамадзянкі ў першыя дні вясны?

– Многія ведаюць выраз пра другое дыханне. У мяне была тыдні два таму дэпрэсія (беларусы ведаюць, што гэта такое). Тады пачаліся суды над журналісткамі, на мяне гэта моцна паўплывала. Але цяпер я адчуваю, што адкрылася другое дыханне. Ёсць сілы, я бачу, да чаго мы ідзём, я бачу, колькі людзей вакол мяне, колькі людзей падтрымліваюць адзін аднаго. 97%, нічога іншага ня ведаю. Ёсць энергія, якой, спадзяюся, змагу падзяліцца з усімі. Я ведаю, я не знаходжуся ў краіне, але я пастараюся зрабіць усё, што змагу. XXI стагоддзе, кампутар, тэлефон – усё ёсць. Буду па максімуме рабіць усё, што магу, падтрымліваць свой народ, і са сваімі спартоўцамі мы будзем дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці.

– Вы назвалі тое, што адбываецца ў Беларусі, марафонам. На якім прыкладна мы кіламетры цяпер?

– Засталося менш, чым ужо прайшлі. Таму вясна наша.

Поделиться ссылкой: