Руслан Парфёнаў

З сакавіна ў Мазыры старшыня суда Анатоль Стрэльчанка прызнаў вінаватым ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» Руслана Парфёнава, актывіста «Страны для жизни» і сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, і пакараў яго 5 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд быў закрытым, паведамляе Рalesse.press. Сваякоў ды слухачоў пусцілі толькі на агалошванне прысуду на падставе часткі 2 артыкула 293 Крымнальнага кодэкса.

Руслан збіраў подпісы за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты, арганізоўваў пікеты, вёў анлайн-трансляцыі на YouTube-канал “Мозырь для жизни”.

Са звестак, якія траплялі да грамадскасці, Парфёнава вінавацілі ў вырабе металічных “вожыкаў” для спынення транспарту. Адразу пасля яго затрымання 8 жніўня на тэлеканале АНТ паказалі сфальсіфікаваны няўклюдны сюжэт, дзе ў ролі Руслана знялі невядомага маладзёна.

У апошнім слове перад прысудам Парфёнаў заявіў, што “масавыя беспарадкі” адбыліся “з боку так званых праваахоўных органаў у дачыненні да грамадства, якое мірна выражала свае меркаванні і перакананні… Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, страцілі ўсякую абарону сваіх правоў і свабод, намі маніпулююць праз страх і пагрозы… Калі раней мы гаварылі пра прававы дэфолт, то цяпер гэта нагадвае тэрор. Рэпрэсіўная машына не можа спыніцца… Я былы баец спецназа, сын рабоча-сялянскай сям’і не збіраўся быць палітнявольнікам. Я проста хацеў абараніць такіх жа людзей, як і я, якія мне пішуць, ад беззаконня. І ў гэтым мая віна. Я быў і застаюся, незалежна ад прысуду, на баку справядлівасці — як грамадзянін, як салдат, як мужчына, бо мой дэвіз застаецца нязменным: “АБАВЯЗАК, ГОНАР, АЙЧЫНА”.

Рукапісны тэкст апошняга слова Парфёнаў перадаў на волю.

Поделиться ссылкой: