Фота: Белсат

Суддзя Наталя Багук пазбавіла журналістак Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву) і Дар’ю Чульцову свабоды на два гады з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. «Народная Воля» звярнулася да шэрагу грамадзян з пытаннем: “Ці згодны Вы з такім прысудам?”

Марыя ДРЫНЕЎСКАЯ, культуролаг (унучка народнага артыста Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага, якога некалькі месяцаў таму забраў кавід):

– Гэта несправядліва! І непрымальна!

Віктар МАРЧЫК, актывіст Слонімскага грамадскага аб’яднання «Мінолс»:

– Катэгарычна не згодны з прысудам журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай! Яны выконвалі свой прафесійны абавязак, а пакаранне, ні для кога не сакрэт, скіравана на застрашэнне іншых журналістаў, бо ўлады баяцца незалежных СМІ, баяцца праўды. Яны не хочуць, каб да людзей даходзіла праўдзівая інфармацыя аб тым, што насамрэч адбываецца ў нашай краіне.

Сяргей ВЕРАМЕЕНКА, прадпрымальнік (Гродна):

– Прысуд журналісткам – гэта юрыдычны абсурд. Самае максімальнае нават па тых законах, якія існуюць у Беларусі, іх маглі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за працу без акрэдытацыі на замежны сродак масавай інфармацыі. Справа выглядае настолькі абсурдна, што нават няма чаго больш і дадаць.

Іван АЙПЛАТАЎ, дызайнер, неаднаразовы прызёр і ўладальнік Гран-пры міжнародных конкурсаў моды:

– Напішыце, што я рассмяяўся ў адказ. Калі ў нашай краіне ўзнікае пытанне аб справядлівасці ў судах, адказам можа быць толькі смех.

Раман ЮРГЕЛЬ, праваабаронца (Гродна):

– Прысуды адназначна неправамерныя і незаконныя, яны палітычна матываваны і скіраваны на запалохванне не толькі журналістаў, але і іншых прадстаўнікоў грамадскасці. На жаль, пасля 9 жніўня ўжо тысячы людзей атрымалі падобныя прысуды, а ў судах сведчаць асобы з выдуманымі прозвішчамі і адрасамі і закрытым балаклавай тварам, а суддзі бяруць пад увагу толькі гэтыя сведчанні, не зважаючы ні на якія іншыя, бо ў краіне «часам не да законаў».

Васілій МАРКОВІЧ, дыпламат:

– Адназначна несправядліва. За што судзіць?! Журналісткі Андрэева и Чульцова выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Да, «Белсат» у Беларусі не акрэдытаваны, але гэта не значыць, што яго супрацоўнікі павінны падвяргацца крымінальнаму пераследу.

Сяргей КЛІМАЎ, кандыдат гістарычных навук, былы дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж»:

– Асуджаныя Кацярына і Дар’я выконвалі свае прафесійныя абавязкі – як можна было асуджаць за гэта? Але тое, што зараз адбываецца ў судах, цяжка паддаецца логіцы. Сёння пра законы ў нашай краіне казаць не даводзіцца.

Сяргей БАНДАРЭНКА, скульптар, лаўрэат спецыяльнай прэміі прэзідэнта (дыплом парваў публічна 15 жніўня 2020 года):

– Два гады – гэта надзвычайна многа і надзвычайна несправядліва.

Віктар ЛАМЕКА, прадпрымальнік (Зэльва):

– Лічу, што іх асудзілі несправядліва. Ніякіх дзеянняў, якія падпадалі б пад парушэнне заканадаўства, з іх боку не было. А таксама ў судовым працэсе над імі не было ўстаноўлена, якія наступствы ў выніку іх дзейнасці былі нанесены дзяржаве і грамадзянам. А тое, што там нібыта па іх віне быў спынены транспарт і што яны вялі каардынацыйную дзейнасць пратэстуючых, – глупства. І ў гэтым прысудзе адназначна крыецца чыста палітычны пераслед.

Рамуальд УЛАН, прадпрымальнік (Смаргонь):

– Я не разумею наогул, што адбываецца ў нашай краіне ў ХХІ стагоддзі. Гэта яркі прыклад маразму ўлады ў яе жаданні задушыць усё, што паказвае іншы пункт гледжання, які не адпавядае дзяржаўнай ідэалогіі.

Аляксандр СІЛКОЎ, каардынатар кампаніі «Права выбару»:

– Як мне падаецца, гэта вельмі несправядлівае і даволі жорсткае рашэнне. Якая функцыя ў журналістаў? Паказваць, што адбываецца ў краіне. Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова выконвалі рэдакцыйныя заданні, распавядалі пра падзеі. Што ў гэтым злачыннага? Я ўпэўнены, што дзяўчатам далі па два гады зняволення менавіта за тое, што яны казалі праўду. Жадаю, каб Кацярына і Дар’я трымаліся і разумелі, што яны рабілі вельмі важную справу ў адказны для краіны час.

Зінаіда БАНДАРЭНКА, народная артыстка Беларусі:

– Пра якую справядлівасць можна казаць? Гэта проста здзек і з журналістаў, і з усяго народа. Тое, што сёння робіцца ў краіне, – проста жах! Такое ўражанне, што Беларусь замерла перад нейкай важнай пераломнай падзеяй, бо не можа бясконца такая сітуацыя працягвацца. Яна не ўкладваецца ні ў якія маральныя межы. Здзекуюцца з народа, які і так шмат усяго перажыў. Здзекуюцца з нашага гонару, з Канстытуцыі.

Валянцін ДУБАТОЎКА, старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў:

– Дзяўчат асудзілі абсалютна ні за што. Я сачыў за працэсам. На іх – маладых, прыгожых у «падсуднай» клетцы – немагчыма было глядзець без болю. Лукашэнка і яго падручныя ў судзейскіх мантыях, пераследуючы і кідаючы за краты моладзь, аб’явілі вайну будучыні Беларусі. Нічога агульнага з юрыспрудэнцыяй гэты прысуд (і дзясяткі іншых) не мае. Гэта проста расправа над іншадумцамі, мне так бачыцца. А яшчэ – забарона на прафесію ў краіне, бо Чульцова і Андрэева проста выконвалі свае прафесійныя абавязкі.

Алена СТРАЛЬЦОВА, пенсіянерка (Мінск):

– Журналісткі збіралі натоўп? Не! Журналісткі перакрывалі вуліцу? Не! Журналісткі кідалі камянямі ў сілавікоў? Таксама не. І ніхто ў той дзень не кідаў. То, скажыце, за што такі жорсткі прысуд? Гэта абуральная несправядлівасць. Думаю, што пры новай уладзе многія прысуды па палітычных справах, вынесеныя ў апошнія месяцы, будуць адменены. І на лаву падсудных сядуць тыя, хто слепа выконвае злачынныя загады. І народнай спагады яны не дачакаюцца…

Міхаіл ЧАРКАСАЎ, прадпрымальнік:

– На днях мне трапілася на вочы інфармацыя, што Следчы камітэт прызнаў наяўнасць у Беларусі каля 2300 крымінальных спраў, распачатых па палітычных матывах супраць пратэстоўцаў. Гэта лічба павінна гучаць на ўвесь свет! Каб увесь свет ведаў, як збудаваная за чвэрць стагоддзя крыважэрная сістэма нішчыць і гвалтуе беларусаў. Прысуд Чульцовай і Андрэевай – з таго самага серыяла, які сёння паказваецца беларусам па ператвораным у памыйніцу БТ. На жаль, канца таму серыялу пакуль не відно…

Сяргей КУДЗЁЛКА, фермер (Слуцкі раён):

– Нядаўна ў «Народнай Волі» я прачытаў верш маладой паэткі Насты Кудасавай «Суддзям» – ён якраз пра такога суддзю, які адправіў у калонію Андрэеву і Чульцову. Што ж, знойдзецца і на такіх «вяршыцеляў закона» найвышэйшы Суддзя. Але атрымаюць яны па заслугах, я думаю, значна раней – як толькі пасыплецца тая злачынная сістэма, якой яны сёння так рабалепна служаць, забыўшыся на закон і сумленне.

Апытвалі Алена Малочка,
Міхал Карневіч, Алесь Сівы,
Антон Загорскі.

Публікацыя – з № 16 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: