Сёння хакейнае мінскае “Дынама” стартуе ў плэй-оф КХЛ. Сапернік – піцерскі СКА.

“Зубры” занялі ў сваёй канферэнцыі 7-е месца і такім чынам патрапілі ў плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. Зрэшты, не варта з гэтай нагоды кідаць у паветра чэпчыкі. Дасягненне хаця і вартае ўвагі, але па вялікім рахунку не асабліва значнае, бо зараз мінскае “Дынама” ўжо пяты раз у сваёй гісторыі выйшла ў плэй-оф.

Адным словам, у гісторыі такое ўжо было, але на гэтым усё і заканчвалася. Першы раўнд станавіўся для “Зуброў” той максімальнай вяршыняй, на якую яны здольны ўзбіцца.

Практычна нулявыя шанцы выйсці ў наступны раўнд у мінскай каманды і зараз. Напрыклад, букмекерская кантора “Марафон” на выхад СКА у ¼ Кубка Гагарына дае каэфіцыент усяго 1,075. На выхад “Зуброў” – 7,80. Такім чынам, калі вы паставіце грошы на “Дынама” і мінская каманда ўсё- такі пераадолее піцерскі бар’ер, то ваша сума павялічыцца амаль у восем разоў. Дарэчы, падчас рэгулярнага сезона “Зубры” перамагалі армейскую каманду, таму нічога немагчымага няма.

“СКА – вельмі класная каманда з вялікім бюджэтам, – кажа галоўны трэнер “Дынама” Крэйг Вудкрафт. – У яе складзе сабраны адны з самых таленавітых ігракоў не толькі з усёй Расіі, але і свету”.

2 і 4 сакавіка СКА прыме “Зуброў” на сваёй пляцоўцы, а 6 і 8 сакавіка гульні пройдуць на “Мінск-Арэне” (матчы будуць праходзіць да чатырох перамог).

Астатнія пары першага раўнда плэй-оф КХЛ:

ЦСКА (Масква) – “Спартак” (Масква)
“Динамо” (Масква) – “Северсталь” (Чарапавец)
“Локомотив” (Яраслаўль) – “Ёкерыт” (Фінляндыя)
“Ак Барс” (Казань) – “Торпедо” (Ніжні Ноўгарад)
“Авангард” (Омск) – “Автомобилист” (Екацярынбург)
“Металлург” (Магнітагорск) – “Барыс” (Казахстан)
“Салават Юлаев” (Уфа) – “Трактор” (Чалябінск).

Публікацыя – з № 16 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: