Шэсць месяцаў знаходзіцца за кратамі вядомы беларускі бізнесмен Аляксандр ВАСІЛЕВІЧ – саўладальнік рэкламнага холдынга Vondel/Hepta, сайтаў kyky.org і the village.me, а таксама галерэі “Ў”.

Надзея ЗЕЛЯНКОВА, жонка бізнесмена, распавяла “Народнай Волі” пра тое, што вось ужо паўгода Аляксандр пакутуе за кратамі і як ёй даводзіцца трымацца адной з дзецьмі на чужыне – у Эстоніі.

Аляксандра Васілевіча мінулым летам затрымлівалі двойчы. Першы раз – калі прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання для прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. Тады паход у афіцыйную ўстанову закончыўся судом, Васілевічу далі 14 сутак – за тое, што ён нібыта “актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу” і крычаў “Свабоду Бабарыку!”.

Аляксандр з пратаколам не пагадзіўся. Адбыў адміністрацыйны арышт у ізалятары, выйшаў на волю і зноў быў затрыманы 27 жніўня прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

4 верасня Васілевічу было прад’яўлена абвінавачанне. З-за ўзятай у адваката падпіскі аб невыдаванні матэрыялаў следства на дадзены момант невядома, паводле якога артыкула Крымінальнага кодэкса яно прад’яўлена.

У якасці падазраванай па распачатай крымінальнай справе праходзіць таксама і жонка Васілевіча – Надзея Зелянкова. 2 снежня ў іх нарадзілася дачка Уршуля. Зараз Надзея з сям’ёй знаходзіцца у Таліне…

– Паўгода прайшло, як Саша за кратамі, і гэта, натуральна, не самы лепшы час у маім жыцці, – кажа Надзея. – Адбыліся перамены, пераезды, перавод дачкі з адной школы ў іншую. Але ў любым выпадку нельга параўнаць маю сітуацыю з той, у якой знаходзіцца муж.

– Пра што ён піша? Як трымаецца?

– Пра сваю справу, натуральна, нічога паведаміць не можа і не спрабуе гэта рабіць, таму апісвае ў асноўным свой турэмны побыт і жыццё ў камеры. Займаецца спортам, чытае кнігі. Паводле слоў мужа, на розныя бытавыя рэчы цэлы дзень і сыходзіць. Дванаццаць чалавек, якія знаходзяцца ў камеры, павінны прывесці сябе ў парадак, прыгатаваць каву, памыць па раскладзе свае рэчы…

Ведаю, што зараз у Сашавым жыцці шмат спорту. Займаецца рэгулярна, але ў тым выпадку, калі адчувае сябе нармальна. У студзені муж хварэў на каранавірус, і зараз ёсць наступствы – баліць горла, насмарк, жоўтая скура, кан’юнктывіт. Адным словам, не самы цудоўны набор для таго, каб адціскацца ад падлогі 300 разоў.

– Прагулкі ёсць?

– Там сістэма такая: на прагулку ідзе абавязкова ўся камера. Нехта адмаўляецца – ніхто не ідзе. Але бываюць выключэнні: калі Саша хварэў, то ўсе гулялі, а ён заставаўся ў камеры. Зараз ён вызвалены ад прагулак, здаецца, да 8 сакавіка.

Але без справы не застаецца. Шмат часу ў мужа займаюць адказы на лісты (гэта дастаткова прыемны занятак) і чытанне кніг. Хаця з кнігамі ёсць пэўная праблема. Калі раней можна было перадаць хаця б навуковую літаратуру, то зараз кнігі перадаваць наогул забаронена. Хаця спрабуем, як кажуць, прабіць гэтую сцяну.

– А раней што з літаратуры перадавалі?

– Яму цікава паводзінная эканоміка. А вось мастацкую літаратуру ніколі нельга было перадаваць. Можна чытаць толькі тое, што маецца ў бібліятэцы. Да таго ж ніхто не ведае, якія кнігі там ёсць. Таму называюць любога аўтара і назву твора. Калі ёсць, то даюць, на няма і суда няма. Такая своеасаблівая гульня ў бінга.

– Ведаю, што апошнім часам некалькі змяніўся фармат зносін Аляксандра з адвакатам…

– Да студзеня сустрэчы з адвакатам праходзілі ў звычайным пакоі для перамоў, а зараз прадастаўляюць кабінет, у якім зносіны адбываюцца праз акно. І зараз кожны ліст справы адвакатка павінна паказваць мужу праз шкло. А ў Сашы, дарэчы, у ізалятары зрок пагоршыўся, святло там самі разумееце якое. А праверыць зрок у ізалятары пакуль не ўдавалася.

– Перамовы з адвакатам праз шкло – з-за пандэміі?

– Наколькі я зразумела, абсалютна не з-за гэтага, бо з усяго СІЗА толькі некалькі чалавек адпраўляюць на сустрэчы з адвакатамі у гэты пакой. У тым ліку Максіма Знака і Марыю Калеснікаву.

Дарэчы, днямі стала вядома, што Сашу яшчэ на два месяцы працягнулі тэрмін утрымання пад вартай.

– У снежні мінулага года вы нарадзілі дачушку Уршулю. Як прайшлі роды ў такой стрэсавай сітуацыі?

– Дзякуй Богу, усё прайшло нармальна, нічога звышнезвычайнага не адбылося. Пайшла ў радзільны дом у Таліне (а ў Эстонію мы пераехалі каля чатырох месяцаў таму) і нарадзіла. Малая ў парадку, а калі спіць, то і зусім з ёй няма ніякіх праблем.

– Імя Уршуля выбралі загадзя?

– Імя я ўзгадняла з Сашам, калі ён ужо быў за кратамі. Гэтую тэму абмяркоўвалі падчас перапіскі, і спачатку Уршуля не была ў шорт-лісце. Аднак вызначаліся прыкладна за тыдзень да родаў.

У нас былі патрабаванні, як і ў выпадку з Адэляй, – каб імя было беларускае, але пры гэтым каб яно адэкватна і добра гучала для замежнай аўдыторыі, бо мы не ведаем, у якой краіне будуць жыць нашы дзеці.

– Нараджалі ў прыватным радзільным доме?

– Ды не, у звычайнай дзяржаўнай клініцы, хаця я, як замежная грамадзянка, павінна была аплачваць роды. Дарэчы, першую дачку Адэлю, якой зараз ужо сем гадоў, нарадзіла ў прыватным радзільным доме ў Вільнюсе.

– Як вы з сям’ёй уладкаваліся ў Эстоніі?

– Нармальна ўладкаваліся, бо ў Таліне жыве мая сястра. Калі прыехалі, то адразу ж знялі кватэру, якая знаходзіцца пад яе кватэрай. Мне ў гэтым плане вельмі зручна, бо сям’я сястры вельмі дапамагае. Яе муж адвозіць старэйшую дачку ў школу, падтрымліваюць нас ва ўсім.

Зараз я ўжо адаптавалася да новага месца, адышла пасля родаў і вяртаюся да спраў, многія з якіх звязаны менавіта з Сашам.

– Эстонскую мову ўжо пачалі вучыць?

– Пачынаю пакрысе, хаця разумею, што для нармальнага вывучэння патрэбны альбо спецыяльныя моўныя курсы, альбо шмат часу. Пакуль гэта не для мяне.

Што датычыцца Адэлі, то яна ходзіць у англамоўную школу. Але акрамя гэтага вывучае эстонскую і французскую. У Мінску яна таксама вучылася ў англамоўнай школе, таму для яе ніякіх праблем у гэтым плане няма.

– Ваш муж – у ізалятары, вы – у Эстоніі. А што сталася з яго бізнесам у Беларусі?

– Асноўны бізнес Сашы – гэта рэкламны холдынг, і з ім усё ў парадку. Ёсць, безумоўна, некаторыя нюансы, якія звязаны з арыштаванымі грашыма на рахунках, але ў цэлым усё працуе.

І супрацоўнікі разумеюць сітуацыю, і ўвесь рынак праявіў салідарнасць. Удзельнікі рынку зараз дапамагаюць агенцтвам, кліенты нас не пакінулі. Адным словам, з гэтым бізнес-накірункам нічога асаблівага не здарылася.

– Ваш муж таксама сузаснавальнік кампаніі “Мінт Медыя”, чыімі праектамі з’яўляюцца KYKY і “The Village Беларусь”…

– Пасля выбараў сайты kyky.org і the-village.me былі заблакіраваны Міністэрствам інфармацыі, а рэдакцыі былі вымушаны з’ехаць за мяжу. Блакіроўка, безумоўна, уплывае на наведвальнасць, але ўсе таксама працягваюць працу і не збіраюцца спыняцца.

А вось з праектаў галерыі “Ў” і віннага бара на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску давялося выйсці. Закрыццё праекта галерыі сучаснага мастацтва было, напэўна, найбольш балючым, бо ў яго ўклалі вельмі шмат сіл, любові, энергіі і грошай. Але сёння для беларускай сталіцы, відаць, не навіна, калі такія праекты закрываюцца.

– Сочыце за тым, што адбываецца зараз у Беларусі?

– Безумоўна, і многія судовыя гісторыі адбываюцца з маімі знаёмымі. Тая ж журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч, якую зараз судзяць, раней сама пісала пра суд над Сашам па адміністрацыйным артыкуле. Натуральна, пісала, калі ў дачыненні да мужа завялі крымінальную справу.

Таму ў інфармацыйным плане я па-ранейшаму знаходжуся ў Беларусі. Эстонскія навіны чытаю мала –толькі калі справа тычыцца Беларусі альбо нешта пра беларускую дыяспару ў Эстоніі. Фізічна жывём у Таліне, інфармацыйна – у Мінску.

– Як старэйшая дачка перажывае сітуацыю з арыштам таты?

– Складана сказаць. Мне падаецца, што чалавечая псіхіка – гэта наогул такая чорная скрыня. Да таго ж я не веру, што ўсё гэта праяўляецца імгненна.

Адэля піша тату лісты, адпраўляе яму свае малюнкі, чытае казкі, якія ён дасылае.

– Маеце стасункі з беларускай дыяспарай у Таліне?

– Безумоўна. Дапамагаюць і ў Эстоніі, і шмат сяброў у Мінску, за што я ўсім бязмерна ўдзячна. Не ведаю, калі Саша выйдзе на волю, але калі выйдзе, то яму трэба будзе падумаць, як аддзячыць усім салідарным людзям. Для Сашы купляюць прадукты, адвозяць у СІЗА, дасылаюць яму пасылкі. Салідарнасць проста неверагодная!

Публікацыя – з № 16 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: