Павел Латушка

У інтэрв’ю нямецкаму выданню Die Welt, апублікаваным 28 лютага, Павел Латушка заклікаў ЕС узмацніць санкцыі супраць рэпрэсіўнага рэжыму ў Беларусі.

Вытрымкі з інтэрв’ю размешчаныя ў тэлеграм-канале Паўла Латушкі.

«Кожны дзень размаўляю з актывістамі з дваровых супольнасцяў, а таксама членамі страйкавых камітэтаў. І людзі, якія змагаюцца за свабоду ў Беларусі, пастаянна пытаюцца мяне: дзе рэакцыя Еўрасаюза? Мы тлумачым, што ЕС ужо паўгода працуе над тым, каб запусціць працэс санкцый. Мы ўдзячныя ЕС за салідарнасць. Але для нас важныя дзеянні».

«Санкцыяў ЕС недастаткова, фактычна, яны не маюць ніякага эфекту. Гэта касметычныя меры. На працягу шасці месяцаў беларусы падвяргаюцца масавым рэпрэсіям па ўсёй краіне. Дзевяць чалавек было забіта, больш 33000 чалавек арыштавана. Мінімум 1800 чалавек былі падвергнуты катаванням у турмах. Таксама было арыштавана 500 журналістаў».

«Санкцыі не з’яўляюцца самамэтай, але яны павінны быць інструментам ціску на Лукашэнку, каб ён, нарэшце, перастаў мучыць беларускі народ. Санкцыі павінны прымусіць рэжым уступіць у перамовы. Лукашэнка ніколі не стане добраахвотна размаўляць з народам. Гэта можа адбыцца толькі пад ціскам».

«Гаворка ідзе пра санкцыі ЕС на розных узроўнях. Перш за ўсё, важна прыняць меры ў дачыненні да суддзяў, якія выносілі несправядлівыя прысуды. Гэта каля 400 чалавек. Многія пракуроры і следчыя таксама павінны трапіць пад санкцыі. Да гэтага часу не было ўзбуджана ніводнай справы аб забойствах мірных беларусаў. У Брэсце спецназавец забіў Генадзя Шутава стрэлам у патыліцу. Аляксандра Тарайкоўскага застрэлілі, калі ён стаяў з паднятымі рукамі».

«Санкцыі павінны быць мэтанакіраванымі і адчувальнымі для рэжыму».

Поделиться ссылкой: