Ашмянскі райвыканкам хоча знесці старадаўнія пабудовы пад Гальшанамі
Аляксандр Варыкіш, дырэктар фонду «Краіна замкаў». Фото с Facebook

Фонд «Краіна замкаў» займаецца распрацоўкай і рэалізацыяй экскурсійных праграм па Беларусі і захаваннем помнікаў архітэктуры. З часу заснавання ў 2006 годзе ён выкупіў тры шляхецкія сядзібы: у Валожынскім раёне, у вёсках Бянюны і Родзевічы Ашмянскага раёна. Апошнія дзве ўваходзяць у веламаршрут «Шляхецкі» на афіцыйным сайце Ашмянскага райвыканкама.

На базе выкупленага шляхецкага хутара ў вёсцы Родзевічы арганізавалі аграсядзібу «Гальшанскі фальварак». Там і знаходзяцца будынкі, якія сталі прадметам канфлікту.

У пачатку верасня 2020 года з пазапланавай праверкай дзейнасці ў фонд прыйшоў дзяржкантроль. Аляксандр Варыкіш адзначаў, што пазапланавая праверка магла быць палітычна матываваная: ён дапамагаў прэс-службе Каардынацыйнай рады, пісаў TUT.BY. Вынікам праверкі стаў штраф у 20 базавых (на той момант 540 рублёў). Дырэктар фонду лічыць, што гэта лухта, з улікам таго, што правяралі пяць гадоў дзейнасці.

«Наша дзейнасць іх задаволіла. Я так разумею, што пасля праверкі запыт накіравалі на Ашмяны, і мясцовы выканкам шырока разгарнуўся. Восенню да нас прыехала сем службаў: пажарныя, санстанцыя. Удалося зачапіцца да мясцовай архітэктуры — за тое, што на двары стаяць два самабуды», — распавёў Аляксандр Варыкіш Hrodna.life.

Стогадовы свіран як дровы і мара пра скансэн

Першапачаткова была ідэя захаваць і развіць шляхецкі хутар у Родзевічах. Там ёсць цэлы комплекс: двор, шляхецкі дом 1918 года, гаспадарчыя пабудовы. У суседняй вёсцы гадоў 6−7 таму хацелі разбіраць старадаўні свіран фальварка Гарэцкаўшчына. Варыкіш дамовіўся з калгасам і выкупіў яго як дровы — на балансе будынка ўжо не было. «Тады не было часу займацца праектнай дакументацыяй. Узяў у выканкаме дазвол на будаўніцтва, і перавёз свіран і старую даваенную хатку [з суседняй вёскі, Дзеркаўшчыны — заўв. Hrodna.life]. Калі яны з’явіліся ў нас, узнікла ідэя ператварыць гэта ў міні-скансен: паступова звазіць аб’екты, у якіх няма шанцаў выжыць у нашым краі».

Ашмянскі райвыканкам хоча знесці старадаўнія пабудовы пад Гальшанамі
Фальварак Родзевічы. Фота: Аляксандр Сапуноў для Hrodna.life

Будынкі паставілі на тэрыторыі аграсядзібы. З тых часоў аформіць іх не ўдалося. «Заўсёды ўпіраешся ў фінансы. Усё гэта ведаў сельскі выканкам, яму не асабліва было справа: гэта край раёна, хутар, ніякія інтарэсы трэціх асоб не закрануты, вакол палі».

«Згодна з артыкулам 223 Грамадзянскага кодэкса (ГК), які рэгулюе пытанні самабуда, зносы — крайняя пазіцыя: калі парушаныя інтарэсы трэціх асоб, калі пабудова на чужой тэрыторыі, калі яна аварыйная. Такіх самабудаў па Беларусі – тысячы! Ім выносяць штрафы, людзі узаконьваюць самабуды, сітуацыя закрываецца. Тут жа — пазіцыя старшыні райвыканкама Гершгорына», — упэўнены Аляксандр.

Ашмянскі райвыканкам хоча знесці старадаўнія пабудовы пад Гальшанамі
Стогадовы свіран і хата, вызначаныя пад знос. Фота прадаставіў Аляксандр Варыкіш для Hrodna.life

За апошнія тры гады на рэстаўрацыю Гальшанскага замка было выдаткавана больш чым паўтара мільёны рублёў. «Як яны будуць адбівацца? Мы знаходзімся ў пяці кіламетрах ад Гальшанскага замка, з’яўляемся адным з вядучых тураператараў з экскурсіямі па Беларусі». Аляксандр Варыкіш лічыць, што мясцовыя ўлады маглі б разам з фондам думаць, як развіваць турыстычны рэгіён.

«Старшыня выканкама згодны выдаткаваць бюджэтныя грошы на знос, прыцягвае да гэтага ЖКГ. Грошы могуць потым вяртаць гадамі. Я хачу захаваць старадаўні аб’ект пачатку XX стагоддзя з фальварка Гарэцкаўшчына, які яны хочуць знесці. Адначасова ў прыгарадзе Ашмянаў стаіць драўляная сядзіба яўрэя Стругача пачатку XX стагоддзя, яна банальна гніе, і грошай не могуць знайсці, каб штосьці з ёй зрабіць, а на знос выдаткаваць — гатовыя», — абураецца Аляксандр.

Ашмянскі райвыканкам хоча знесці старадаўнія пабудовы пад Гальшанамі
Сядзіба Стругачэй, Ашмяны, 2019 г. Фота: «По просторам Беларуси»

Юрыдычныя шляхі

Даведаўшыся аб рашэнні сельсавета разабраць пабудовы, Варыкіш падаў скаргу ў райвыканкам. Згодна з артыкулам 21.12 КаАП, самавольнае будаўніцтва дамоў, будынкаў і збудаванняў цягне накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад дваццаці да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — да пяцісот базавых велічынь. Аляксандр кажа, што гатовы заплаціць штраф. Раённыя ўлады ж адмовілі ў тым, каб узаконіць пабудовы.

Цяпер фонд падаў скаргу і зварот у аблвыканкам, пасля плануе звяртацца ў суд. «Фармулёўкі трохі дзіўныя. Пішуць, што будынкі пабудаваныя з парушэннем будаўнічых нормаў. Уяўляеце, свіран прастаяў сто гадоў!»

Пасля кансультацыі з юрыстам таксама высветліліся некаторыя нестыкоўкі. Артыкул 130 ГК вызначае, што аб’ект нерухомасці — гэта тое, што нельга перамясціць без «неадпаведнай шкоды» яго прызначэнню, тое, што «трывала звязана з зямлёй». Артыкул жа 223 ГК вызначае самабуд як аб’ект нерухомасці. Атрымліваецца, што зносіць можна толькі нерухомасць, а не так даўно перавезеныя будынкі без глыбокага падмурка ёй не з’яўляюцца.

Аб’ект, варты аховы

Аляксандр Варыкіш паказваў свіран доктару архітэктуры, загадчыку кафедры БНТУ прафесару Сяргею Сергачову.

«Гэта найлепшы эксперт па драўлянай архітэктуры ў Беларусі, ён праектаваў Строчыцы [музей драўлянай архітэктуры пад Мінскам — заўв. Hrodna.life]. Ён пацвердзіў, што гэта аб’ект, варты трэцяй катэгорыі ахоўнага статусу, якіх не так шмат засталося па Беларусі».

Ашмянскі райвыканкам хоча знесці старадаўнія пабудовы пад Гальшанамі
Фота прадаставіў Аляксандр Варыкіш для Hrodna.life

«Тыдзень таму я быў на прыёме ў міністра культуры Анатоля Маркевіча. Ён больш за 10 гадоў быў старшынёй райвыканкама і ідэальна разумее сітуацыю з такімі будынкамі. Ён нас падтрымаў, падтрымаў ідэю скансэна, ідэю ставіць макеты крэўскага і гальшанскага замкаў у двары. Яму спадабалася ідэя ўзмацнення турыстычнага маршруту „Крэва-Гальшаны“. Сапраўды, дзяржава ўкладвае грошы, рэстаўрацыя ідзе, пандэмія скончыцца, і ў рэшце рэшт давядзецца рабіць маршрут. Да гэтага трэба рыхтавацца загадзя. Ён вельмі здзівіўся, што выканкам не можа законным парадкам вырашыць пытанне і аформіць будынкі. Я разумею, што гэта не яго кампетэнцыя, але гэта аўтарытэтны чалавек».

Аляксандр кажа, што цяпер, на фоне гэтай сітуацыі, яго падтрымліваюць, запісваюцца на экскурсіі. Тым не менш, ён не хоча канфліктаў з мясцовымі ўладамі. Кажа, што наадварот, хацеў бы працаваць канструктыўна і развіваць мясцовы турызм.

Мясцовая ўлада непахісная

«Усё трэба было рабіць згодна з заканадаўствам. Перш, чым пабудаваць які-небудзь будынак, безумоўна, трэба браць дазвол, і пытанняў няма», — пракаментавала сітуацыю для Hrodna.life Наталля Станкевіч, намесьніца старшыні Ашмянскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях.

У выпадку аб’екта самавольнага будаўніцтва аб гістарычнай каштоўнасці казаць няма сэнсу, сказала «Еўрарадыё» начальніца ўпраўлення архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ашмянскага райвыканкама Ірына Рома. Яна адзначыла, што гаворка ідзе аб капітальных будынках, пабудаваных без рашэння райвыканкама ў парушэнне артыкула грамадзянскага кодэкса.

Поделиться ссылкой: