Мурал вершніка. Фота Palesse.press.

Суддзя Калінкавіцкага раёна Святлана Кугейка пакарала 290- рублёвым штрафам мясцовую жыхарку Валянціну Яшчанку паводле “народнага” артыкулу 23.34 КаАП, пры гэтым юрыдычна не прызнала яе вінаватай ў правапарушэнні.

Але ці можа быць такое?

“Яшчэ як можа, калі справа датычная пераследу пратэстоўцаў супраць фальсіфікацыі выбараў альбо нават нацыянальна настроеных грамадзянаў, якія шануюць сваю беларускую гісторыю”, – кажа журналіст рэгіянальнага партала Palesse.press Андрусь Гаёвы.

Яшчэ ўвосень Валянціна дазволіла на ўнутраным баку агароджы свайго падворка на вуліцы Геолагаў намаляваць выяву вершніка з мячом і шчытом на фоне белага і чырвонага колераў. Зрабіў мурал мясцовы мастак на інвалідным вазку, каб прыўзняць настрой кабеце, якая маялася, пераадольваючы восеньскія лужыны па шляху да свайго дома. Вершніка 8 лістапада згледзеў участковы, маёр міліцыі Дулуб і, нягледзячы, што ён не падобны на выяву “Пагоні”, падаў рапарт свайму начальству. У райцэнтры адбылося нешта кшталту перапалоху.

У двор ажно двойчы прыязджаў намеснік начальніка РАУС, падпалкоўнік Дзмітрый Валяк. Начальніца аддзела архітэктуры і будаўніцтва Калінкавіцкага райвыканкама Наталля Радзівонава падрыхтавала з гэтай прычыны прадпісанне “прывесці сцяну ў
належны стан”, хоць мурал быў не на сцяне, а на плоце.

Натуральна, ніхто ніякія “сцены” ў належны стан не прыводзіў. Радзівонава склала пратакол пра невыкананне прадпісання дзяржоргана. Аднак суд вярнуў паперы назад у аддзел архітэктуры, не ўбачыўшы там аргументаў, якія ж заканадаўчыя акты парушаны праз мурал на плоце.

У сваю чаргу РАУС яшчэ 18 лістапада вынес пастанову пра спыненне адміністрацыйнага працэсу ў звязку з адсутнасцю ў дзеяннях Валянціны Яшчанкі складу адміністрацыйнага правапарушэння. Гэтая пастанова не адмененая, што выключае па справе новы адміністрацыйны працэс.

Аднак у студзені міліцыя па ўсёй краіне стала складаць пратаколы не толькі за вывешаныя бел-чырвона-белыя сцягі на балконах, але нават за адзенне такіх жа колераў альбо зробленыя і сфатаграфаваныя лялькі. Усё, як ні дзіўна, называлі адзіночнымі пікетамі.

У Калінкавічах у тым жа студзені ўчастковы Гецман на падставе артыкула 23.34 КаАП склаў супраць Валянціны Яшчанкі за ўсё той жа мурал адміністрацыйны пратакол, але суд адправіў на дапрацоўку. Новы пратакол аформіў ужо ўчастковы інспектар Станавоў.

Ніякія аргументы спадарыні Яшчанкі ў судзе наконт прапушчанага двухмесячнага тэрміну для вынясення пакарання, закрытай раней адміністрацыйнай справы суддзя Кугейка ва ўвагу не ўзяла і пакарала жанчыну штрафам невядома за што.

Поделиться ссылкой: