У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Звольненыя работнікі ААТ “Гродна Азот” абмяркоўваюць сітуацыю з юрыстам Незалежнага прафсаюза Аляксандрам Парадкавым.

Як жывуць азотаўцы, звольненыя за ўдзел у забастоўцы

Пасля забастоўкі 26 кастрычніка на ААТ “Гродна Азот” звольнілі каля 30 чалавек. 13 з іх звярнуліся ў суд з іскамі аб аднаўленні на працы. Кастрычніцкі суд Гродна палічыў, што няма падстаў для іх задавальнення. З такім рашэннем рабочыя катэгарычна не згодны. Яны ў адзін голас сцвярджаюць, што гэта расправа за іх грамадзянскую актыўнасць.

“Народная Воля” пацікавілася, чым зараз займаюцца былыя работнікі “Гродна Азота”, якія страцілі працу ў выніку забастоўкі.

Як і за што?

Рабочыя “Гродна Азота” былі тады тымі нямногімі, на каго глядзела ўся краіна. Ранкам 26 кастрычніка амаль 150 чалавек сабраліся на прахадной, каб далучыцца да ўсеагульнага нацыянальнага страйку.

Разганялі людзей жорстка: больш за 50 працаўнікоў былі затрыманы, іх збівалі ўаўтазаку, сілавікі крычалі «Што, сукі, працаваць не хочаце?!», астатніх сілай загналі на працу.

Некалькі дзясяткаў чалавек былі звольнены. Афіцыйныя фармулёўкі былі розныя: за прагулы, парушэнне ўнутранага распарадку, адсутнасць на працоўным месцы больш за тры гадзіны, прычыненне матэрыяльнай шкоды прадпрыемству…

13 сябраў Незалежнага прафсаюза падалі ў суд на адміністрацыю прадпрыемства, паколькі палічылі сваё звальненне незаконным. Аднак іх іскі не былі задаволены.

Юрыст прафсаюза Аляксандр Парадкаў, які прадстаўляў у судзе інтарэсы звольненых членаў прафсаюза, кажа, што пакуль не можа каментаваць рашэнне, паколькі не мае на руках матывіровачнай часткі судовага рашэння. Але ён не можа зразумець, згодна з якім законам маглі звальняць людзей, якія ў той дзень былі ў адпачынку, на бальнічным, калі ў законе чорным па белым напісана, што гэта забаронена. Юрыст наогул схільны лічыць, што наймальнік парушыў калектыўную дамову і тарыфнае пагадненне, не выканаў працэдуры звальнення, не ўзяў тлумачэнняў у працаўнікоў, не атрымаў згоды прафсаюза на звальненне.

І хаця ў судзе прадстаўнік адміністрацыі заявіў, што з калектыўнай дамовы быў выключаны пункт наконт таго, што звальненне работнікаў павінна ўзгадняцца з прафсаюзам, – гэтае патрабаванне засталося ў Тарыфным пагадненні канцэрна «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіць «Гродна Азот».

Менавіта таму ўсе 13 чалавек і не пагадзіліся з рашэннем Кастрычніцкага суда і маюць намер яго абскардзіць.

Кіраўнік Незалежнага прафсаюза прадпрыемства Андрэй Ханевіч заўважае, што для іх гэта звычайная практыка, калі справы яны выйгравалі толькі ў рэспубліканскім судзе.

– Мы не спадзяваліся на станоўчае рашэнне, але такога катэгарычнага заключэння мы не чакалі. Уявіце, што звольнілі людзей, якія былі ў адпачынку і на бальнічным, і нават чалавека, які не прыступіў да працы, указаўшы ў рапарце, што парушаецца тэхніка бяспекі. Ён строга прытрымліваўся інструкцыі, а гэта палічылі парушэннем, – кажа А.Ханевіч.

«Што будзем рабіць? А ў адказ – цішыня…»

Яўгенія Кузікевіч – апаратчык 5-га разраду, адпрацавала на заводзе 14 гадоў. Дарэчы, праца няпростая, мае каэфіцыент шкоднасці, змена доўжыцца аж 12 гадзін. Зарплата незайздросная – у сярэднім 950 рублёў у месяц.

У той дзень, 26 кастрычніка, Жэня была на бальнічным і з вывіхнутай нагой прыехала ў паліклініку, якая знаходзіцца побач з прахадной прадпрыемства.

– А тут АМАП, разганяюць людзей, – згадвае Яўгенія. – І мяне таксама завялі ў аўтобус. Гаварыць з імі не было сэнсу, бо паводзілі яны сябе вельмі агрэсіўна, лаяліся мацюкамі, лупілі людзей дручкамі, нагамі, крычалі, што яны гаспадары. Асабліва крыўдна было, што і кіраўніцтва прадпрыемства не хацела размаўляць з людзьмі, а адразу кінулі на іх “касманаўтаў” у балаклавах.

Жэня Кузікевіч тады ўпершыню ў жыцці зразумела, што такое боль у сэрцы і павышаны ціск.

Паводле яе слоў, на прахадную выйшла шмат людзей, бо адносіны з адміністрацыяй у калектыву не ладзіліся ўжо даўно. Сама сістэма, якая дазваляе, каб кваліфікаваным рабочым кіраваў некампетэнтны начальнік, выклікала абурэнне.

– Іх больш турбавала тое, у якім я прафсаюзе, а не тое, што апаратчыкі на змену прыходзяць з тэмпературай, – распавядае дзяўчына. – Рабочае адзенне нікуды не вартае, у нас такія страшныя чаравікі, каб хто толькі пабачыў, а мы ў іх па 12 гадзін, і гэта нікога не турбуе. АМАПаўцы, якія нічога не прадукуюць, не ў такіх бегаюць…

Але самае прыкрае тое, што і людзі, з якімі яна працавала на змене, стараліся толькі маўчаць і падпарадкоўвацца ўсім прыхамацям начальства.

– Калі пасля выбараў пачаліся першыя сутычкі на вуліцах Гродна, я неяк запыталася ў калег на змене: што будзем рабіць, бо могуць і зброю супраць людзей ужыць? – згадвае Яўгенія. – А ў адказ – цішыня. І ад гэтай цішыні рабілася страшна.

Жэню ратавала тое, што ў іншых зменах і цэхах было шмат аднадумцаў, з якімі можна было паразмаўляць і падзяліцца праблемамі. І пасля таго, як яе выпусцілі з пастарунка, падтрымалі толькі тыя, хто разважае, як і яна.

– Мне, дарэчы, тады на вочы трапіла невялікае відэа з Мінска, здаецца, з мікрараёна “Уручча”: стаялі маладыя людзі са сцягамі і крычалі “Азот”, мы з вамі!”, – згадвае Яўгенія. – Я пасля гэтага заплакала і напісала заяву на ўдзел у забастоўцы, а далей – мяне звольнілі.

Жэня рыхтуецца падаць апеляцыю: маўляў, нехта ж павінен аднавіць законнасць у краіне. Праўда, яна ўжо амаль тры месяцы без працы і без заробку. Часова Незалежны прафсаюз прапанаваў папрацаваць у офісе, але гэта на ўмовах валанцёрства.

– Я прыйшла да высновы, што больш не буду працаваць на дзяржпрадпрыемствах, – кажа Кузікевіч. – Бо як можна быць разам з людзьмі, якіх не кранае гора тых, хто побач.

Жыве Жэня пакуль на тыя сродкі, што былі раней адкладзены. Ёсць планы змяніць прафесію. У яе здольнасці да малявання, дыстанцыйна займаецца па розных праграмах, каб авалодаць спецыяльнасцю ілюстратара.

«Чакаем вясны»

Сяргей Шэлест працаваў апаратчыкам на прадпрыемстве ўсяго год. Для гэтага тры месяцы адмыслова вучыўся, здаваў экзамены. Праца яму падабалася.

А звольнілі яго за адсутнасць на працоўным месцы больш за тры гадзіны. Сяргей у свой выхадны дзень разам з сябрам Андрэем Пагерылам вывесіў на гродзенскай тэлевежы бел-чырвона-белы сцяг – іх асудзілі на 10 сутак. Пасля гэтага хлопцы напісалі тлумачальныя на працы, і ўсё нібыта абышлося, але пасля таго, як яны былі затрыманы 26 кастрычніка, апынуліся ў спісе на звальненне.

Сяргей тлумачыць: пасля таго як убачыў зверствы АМАПа на вуліцах Гродна, захацеў узняць настрой людзям, якія пацярпелі, – таму і палез на вежу.

– Мне тады так было неспакойна на душы, хацелася хоць нешта зрабіць прыемнае людзям, і вось з’явілася ідэя са сцягам, – згадвае хлопец.

І да забастоўкі на прадпрыемстве хлопцы не маглі не далучыцца. Андрэй Пагерыла кажа, што ў цэху перад гэтым збіраліся, абмяркоўвалі сітуацыю і нават праводзілі галасаванне, каб страйкаваць, але, калі дайшло да справы, не ўсе работнікі ўзялі ўдзел – паддаліся на запалохванні начальства.

– Я ніколі не забуду, як падчас жаночых маршаў амапаўцы хапалі дзяўчат за валасы і закідвалі ў аўтобусы, – згадвае Сяргей. – Я пасля ўбачанага спаць не мог, выходзіў на ўсе маршы і ніколечкі аб гэтым не шкадую.

Цяпер абодва хлопцы без працы, шукаюць выпадковыя падпрацоўкі. Кажуць, што родныя і блізкія падтрымліваюць, хаця, канешне, не ўсё так проста. У Андрэя сям’я і двое дзетак.

– Калі быў на сутках, жонка плакала. Я разумею: ёй было страшна застацца з двума малымі дзецьмі. Зараз крыху супакоілася…

Але, кажа малады чалавек, прыкрывацца сям’ёй, калі амапаўцы цягаюць за валасы жанчыну ва ўзросце тваёй маці, ён таксама не можа.

Ні Сяргей, ні Андрэй не бачаць сябе на сваім былым прадпрыемстве. Кажуць, што не хочуць больш падтрымліваць гэты рэжым, а вось суд пройдуць да канца, каб паказаць, што закон у краіне важней за нечыя прыхамаці. І нават калі не выйграюць, то многім стане відавочна, якое ў гэтай сістэмы стаўленне да закона.

Абодва дапускаюць, што ў пошуках працы, магчыма, давядзецца з’язджаць за мяжу, бо тут мала што свеціць. Хаця гэты крок непажаданы. Яны хочуць, каб у сваёй краіне быў парадак і нармальна жылося. Чаму ўлады пайшлі на фальсіфікацыю вынікаў выбараў? Чаму супраць мірных пратэстоўцаў былі кінуты ўзброеныя да зубоў амапаўцы?

– Вось чакаем вясны, – кажуць хлопцы. – А там будзе відаць.

«Гэта як скачок з парашутам»

Аляксей Сідар працаваў машыністам помпавых установак ў цэху “Карбамід-2”, мае 5 ы разрад. У яго амаль чатыры гады стажу на “Гродна Азоце”.

Гэта ён падчас страйку адмовіўся прымаць змену – на працоўным месцы было няспраўнае абсталяванне, яўна адчувалася загазаванасць, было цяжка дыхаць, рэзала вочы. Папярэдзіў аб гэтым начальства, а яму ў адказ: “Альбо прымаеш змену, альбо валі з завода”. А потым выклікалі ахову і вывелі рабочага з тэрыторыі прадпрыемства. Пазней паставілі прагул і звольнілі.

У гэтай справе шмат спецыфічных нюансаў, і ў судзе Аляксей ўсё дакладна распавядаў, хадайнічаў аб выкліканні сведак, прадстаўленні некаторых дакументаў. Толькі ўсё безвынікова.

– Але самае прыкрае, што з 28-га ў мяне быў адкрыты бальнічны, а звольнілі мяне таксама гэтым днём, што немагчыма паводле дзеючага заканадаўства, – канстатуе Аляксей.

Ён кажа, што не чакаў такога ад суда, бо закон быў на яго баку, а таму рыхтуе апеляцыю.

На змене многія яго не падтрымалі: маўляў, што ты робіш, адзін не можа нічога змяніць. Але Аляксей перакананы, што і адзін чалавек на многае здольны – нездарма ж яго пад аховай вывелі з завода.

– Ну, калі людзям падабаецца душыцца ў тых умовах за тысячу рублёў у месяц, то няхай душацца, – кажа Сідар.

Праўда, хлопец прызнаецца: было страшна, калі звольнілі. І дадае: у нейкі момант чалавек перастае баяцца.

– Гэта як скачок з парашутам: ты баішся, баішся, а потым у нейкі момант скачаш – і атрымліваеш задавальненне ад палёту, – разважае Аляксей. – А той, хто застаўся, ён і будзе далей баяцца.

У студзені ў сям’і Аляксея нарадзілася дзіця. Ён увесь у хатніх праблемах, дапамагае жонцы. Кажа, што немаўля вельмі неспакойнае і патрабуе шмат увагі, а таму з пошукам новай працы не спяшаецца.

– Добра, што раней не патрацілі грошы, якія падарылі на вяселле, ды і частку заробку адкладвалі, цяпер на гэта і жывём, – кажа хлопец. – Калі ўжо стане прыціскаць, то буду шукаць нешта канкрэтнае, але не тут – паеду альбо ў Польшчу, альбо ў Расію.

Аляксей і яго жонка завочна вучацца, і гэта таксама ўплывае на тое, што проста ўзяць і з’ехаць зараз не могуць.

«Мы жывём у час, калі камусьці закон парушаць можна»

Артура Богуша звольнілі ў той час, калі ён знаходзіўся ў адпачынку, але ў дзень забастоўкі прыйшоў да прахадной прадпрыемства. Ён апаратчык 6-га разраду, працаваў у цэху “Цыклагексанон-2”. Не хавае, што ў забастоўцы браў удзел свядома, абсалютна перакананы, што звольнілі яго незаконна. У Працоўным кодэксе чорным па белым запісана, што звальняць работніка, калі ён знаходзіцца ў адпачынку, нельга.

Усё гэта, канешне, прыкра, але, паводле яго слоў, вельмі падбадзёрыла салідарнасць як сяброў, так і людзей, з якімі да гэтага не быў знаёмы.

Артур разам са сваім суседам Вадзімам Венскім, якога таксама звольнілі з “Гродна Азота” пасля падзей 26 кастрычніка, спрабуюць наладзіць рамесніцкую справу – заняліся разьбой па дрэве.

Сітуація ўскладняецца тым, што Богушу трэба даглядаць старых бацькоў, якія перахварэлі на кавід, мама яшчэ застаецца ў шпіталі.

– Яны падтрымлівалі мяне, але вельмі хваляваліся.

Мужчына тлумачыць, што ў страйк ён пайшоў таму, што такіх, як ён, звычайных рабочых збівалі на прахадной і дручкамі заганялі на працу.

– Гэта непрымальна. І таму пры такой сістэме я не бачу магчымасці працаваць разам з гэтай уладай, – перакананы Артур.

Публікацыя – з № 15 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: