Мікалай Казлоў

«Народная Воля» задала некалькі пытанняў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якога суд адправіў на 15 сутак за краты за тое, што ён не пагадзіўся на прапанову следчага даць падпіску аб неразгалошванні.

– Мікалай, вы будзеце абскарджваць прысуд?

– Канешне! А вось ці прыслухаецца суд да маіх слоў – гэта ўжо залежыць ад адэкватнасці суддзі.

Дарэчы, на пачатку судовага пасяджэння, калі ў мяне запыталіся пра адвод суду, я сказаў: калі суд прыняў да вытворчасці падобны пратакол, я сумняваюся ў ягонай кваліфікацыі.

Так атрымалася, што я стаў першым чалавекам у Беларусі, які атрымаў 15 сутак арышту з-за таго, што рэалізаваў сваё законнае права і адмовіўся даць падпіску аб неразгалошванні. Нягледзячы ні на што, я па-ранейшаму лічу, што зрабіў правільна і меў на гэта законнае права. А наконт таго, ці пачуе мяне суд… Права ў нашай краіне растаптана, гэтага ніхто нават ужо і не хавае.

Мне падалося, што суддзя не вельмі спрабаваў разабрацца ў справе, многія мае пытанні адхіляліся. А я хацеў пачуць канкрэтны адказ ад следчага, што мяне абавязвае даваць гэту падпіску і дзе напісана пра адказнасць, калі я адмаўляюся яе даваць. Бо тое, што яны хочуць, не заўсёды адпавядае нормам заканадаўства. Лічу, што гэта проста нейкія іх крыўды, якія незразумела на чым грунтуюцца. Суддзя, між іншым, і сам не адказаў на маё пытанне, і следчаму не даў гэта зрабіць. Таму я зрабіў выснову: ну проста хочацца некаму мяне пасадзіць! Я толькі не разумею, навошта ў такім выпадку судзейскую мантыю апранаць…

– У некаторых тэлеграм-каналах пішуць, што гэта не апошнія 15 сутак, якія вам свецяць. І паколькі вас тройчы выклікалі ў якасці сведкі ў Следчы камітэт і вы тройчы адмаўляліся даць падпіску аб неразгалошванні, то і адказваць прыйдзецца суткамі за кожны выпадак. Такім чынам быццам бы анансавана, што праз 15 сутак вы на волі не апынецеся. Маральна вы ўжо падрыхтаваліся да таго, што, верагодна, больш за месяц прыйдзецца правесці за кратамі?

– Каменціраваць гэтае трызненне даволі складана.

У маім жыцці было некалькі эпізодаў, калі мяне затрымлівалі на вуліцы быццам бы за тое, што я лаяўся матам і не рэагаваў на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі. Таму накідаць мне яшчэ сутак – для іх гэта вельмі проста. Мяне ўжо некалькі разоў агаворвалі, пазбаўлялі свабоды. І сёння такіх, як я, тысячы!

Але я ўсё роўна лічу, што гэта маё права – даваць альбо не даваць падпіску аб неразгалошванні. І ў цяперашняй сітуацыі адмова ад яе – гэта форма абароны. Бо гэтай падпіскай яны хочуць схаваць усе свае подласці, вось у чым справа. Я і ў пратаколе допыту напісаў: крымінальная справа палітычна матывавана, невінаватых людзей кінулі за краты, і я пратэстую супраць гэтага.

Між іншым, я запытаўся ў юрыстаў, ці былі падобныя прэцэдэнты, каб каралі суткамі за тое, што чалавек адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошванні. Не было!

– Вас не затрымалі адразу пасля суда. Магчыма, нехта чакае, што вы тэрмінова набудзеце квіткі на самалёцік?

– У мяне няма жадання з’язджаць. І я нікуды не збіраюся.

– Вы – кіраўнік партыі, а ў партыі заўсёды больш магчымасцяў, каб прыцягнуць увагу да нейкіх падзей. Напрыклад, тыя ж пікеты. Можа, варта было б накіраваць просьбу на серыю пікетаў у падтрымку тых, каго кідаюць на суткі па штучна створаных нагодах? Вось як вас партыя будзе бараніць?

– Магчыма, і можна рабіць такія пікеты. Але тут мы сутыкаемся з цяжкім маральным выбарам. У нас жа не проста заяўляеш пікет і робіш. Ты павінен заключыць дамову з медыкамі, з міліцыяй і іншымі службамі. І вы разумееце: пасля таго, што рабіла міліцыя ў мінулым годзе і робіць зараз, мне цяжка ўявіць, як з імі можна заключаць нейкія дамовы, плаціць ім. Я не гатовы да дамоў з імі! Ну і мы ж ведаем, колькі ўжо было адмоў на падобныя афіцыйныя заявы наконт пікетаў.

– Дык а партыя збіраецца прадпрымаць нейкія дзеянні ў вашу абарону?

– Я пакуль абскарджваю рашэнне суда. А там паглядзім.

Мне падаецца, што ні ў якім разе не трэба прызвычайвацца да сутак, арыштаў, штрафаў. На мой погляд, кожны такі выпадак павінен выклікаць абурэнне і пратэстную рэакцыю. Зразумела, што пратэсты могуць быць рознымі – улічваючы маштабы рэпрэсій, мы не можам кожны дзень выходзіць на вуліцу з акцыямі. Але нават у глыбіні душы мы не павінны мірыцца з дыктатурай і рэпрэсіямі. Мы павінны кранаць гэтую тэму ў размовах з сябрамі, з выпадковымі знаёмымі…

Салідарнасць, паслядоўнасць і самае галоўнае – не сумаваць, не апускаць рукі.

Тых, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, значна менш, гэта відавочна. Але яны ўзброены і гатовы праліць кроў. Але нас, мірных, больш, і будучыня за намі. А яны – ужо мінулае, якое сінімі нямоглымі пальцамі чапляецца за сваю пасаду, хтосьці за карыта. Але яны – мінулае. Чым раней гэта зразумеюць, тым лепш.

Публікацыя – з № 15 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: