Дзмітрый Баскаў. Фота https://hockey.by

Міжнародная федэрацыя хакея раскрыла некаторыя дэталі, якія тычацца старшыні Федэрацыі хакея Беларусі.

Як вядома, напрыканцы мінулага тыдня Генпракуратура паведаміла Алене Бандарэнка, маці Рамана Бандарэнкі, што заведзена крымінальная справа па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула па неасцярожнасці смерць яе сына.

Гаворка ідзе пра ч.3 арт.147 Крымінальнага кодэкса Беларусі. За гэта злачынства прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.

Нагадаем, што 11 лістапада мінулага года ў Мінску на так званай “Плошчы Перамен” невядомыя напалі на мясцовага жыхара Рамана Бандарэнку, які абараняў бел чырвона-белыя стужкі, збілі яго, схапілі і звезлі на мікрааўтобусе. У выніку хлопец, якога затым з РУУС адвезлі ў бальніцу, памёр.

Пазней у СМІ былі апублікаваны матэрыялы, у якіх журналісты і людзі, якія ведаюць Дзмітрыя Шакуту, прыйшлі да высновы, што чалавек у чорнай камізэльцы і шэрай кофце, які напаў на Бандарэнку, вельмі падобны на шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу.

Таксама на відэа быў зафіксаваны чалавек, вельмі падобны на кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава.

Мы паведамлялі, што Дзмітрый Шакута, пасля таго як з’явілася гэтае відэа, на нейкі час пакінуў Беларусь, але затым вярнуўся ў Мінск. Дзмітрый Баскаў нікуды не з’язджаў, заявіўшы, што яго “безгрунтоўна абвінавачваюць” у тым, да чаго ён “не маю ніякага дачынення”. Маўляў, нагодай для такіх абвінавачванняў паслужыла выключна яго асабістая грамадзянская пазіцыя.

Тым часам Міжнародная федэрацыя хакея пачала адмысловае расследаванне па “справе Баскава”, і зараз сталі вядомы некаторыя яго дэталі.

Адказваючы на запыт журналістаў, у Міжнароднай федэрацыі хакея адзначылі, што пакуль не могуць назваць дакладныя тэрміны завяршэння расследавання, і дадалі, што чакаюць інфармацыі ад генеральнага пракурора Беларусі па справе аб гібелі Рамана Бандарэнкі на “Плошчы Перамен” у Мінску.

На пытанне, чаму Баскаў не быў адхілены да вынікаў расследавання,
Міжнародная федэрацыя хакея адказала, што яе кодэкс паводзін патрабуе
часовага адхілення толькі ў тым выпадку, калі ёсць падазрэнне, што чалавек
удзельнічаў у дамоўных матчах.

Публікацыя – з № 15 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: