Гаспадара БЧБ-хаты звольнілі з працы
Анатоль Каханчык каля сваёй хаты

«Пасля таго, як я адседзеў сем содняў у полацкім ІЧУ за нібыта несанкцыянаваны пікет, які, атрымліваецца, зладзіла мая хата, мяне выклікала кіраўніцтва аддзялення чыгункі ў Полацк. Запыталіся: ну што будзем з гэтым рабіць? Паразмаўлялі і вырашылі, што я напішу заяву аб звальненні па згодзе бакоў», – расказаў Анатоль Каханчык.

З ягоных словаў, кіраўніцтва ставілася да яго вельмі добра, але на кіраўнікоў націснулі.

Апошнія гады Каханчык працаваў брыгадзірам пуцейнай брыгады. Ён не дапрацаваў да пенсіі тры гады. Верыць, што, калі праз пару месяцаў у Беларусі ўсё памяняецца да лепшага, яму самі патэлефануюць з Полацку і прапануюць вярнуцца працаваць.

Анатоль Каханчык расказаў таксама, што ў міліцыі яго папярэдзілі аб тым, што калі не зафарбуе бел-чырвона-белы сцяг на сцяне дому, то яго зноў пасадзяць на суткі.

«Але я не зафарбую. Так ім і сказаў, што, маўляў, у вас адзін варыянт – трымаць мяне за кратамі, але хата ўсё адно застанецца бел-чырвона-белай», – кажа Каханчык.

Анатолю Каханчыку 61 год, ён мае траіх дарослых дзяцей і ўнукаў, якія цалкам яго падтрымліваюць.

Поделиться ссылкой: