Анатоль Бокун

Лідар страйкама ААТ «Беларуськалій» распавёў «Народнай Волі» пра сітуацыю на прадпрыемстве, лёс людзей, якія вырашылі далучыцца да страйку, і сваё нежаданне з’язджаць з Беларусі.

Днямі на старонцы страйкама “Беларуськалія” ў “Фэйсбуку” з’явіўся запіс: “Прайшло роўна 6 месяцаў, як неабыякавыя і годныя людзі, работнікі “Беларуськалія”, абвясцілі пра тое, што больш не збіраюцца карміць гэты рэжым…

У жнівеньскія дні больш за 6000 чалавек адмовілася ад працы, але, на жаль, мы бачылі, як з кожным днём нас станавілася ўсё менш і менш. Нашы таварышы праз пагрозы, шантаж і ўгаворы тых, хто займае кіруючыя пасады на нашым прадпрыемстве, ішлі назад на свае працоўныя месцы і працягнулі працаваць. Тым не менш мы не страцілі надзею і веру ў заўтрашні дзень…”

– Анатоль, колькі сёння чалавек у страйкаме? І ўвогуле, што сёння сабой уяўляе страйкам ААТ “Белараськалій”?

– Калі казаць пра страйкам, то гэта, безумоўна, не арганізацыя і не нейкая структура. Гэта, скажам так, група людзей з прадпрыемства, аб’яднаных аднымі поглядамі і адной пазіцыяй. Што датычыцца нейкіх больш падрабязных дэталяў пра страйкам, то трэба разумець, што зараз мы не можам усю інфармацыю рабіць публічнай. Час такі.

– Ці можа страйкам нейкім чынам уплываць на сітуацыю на прадпрыемстве?

– Напрамую – не можа, ускосным чынам – так. У сувязі з няпростай эканамічнай сітуацыяй прадпрыемству давялося рабіць карэкціроўку планаў, якія апошнім часам не выконваліся ў поўным аб’ёме. Карэкціроўка адбывалася ў бок памяншэння.

Нягледзячы на гэта, увесь мінулы год работнікі атрымлівалі прэмію па выніках гаспадарчай дзейнасці, а напрыканцы мінулага года ім яшчэ і паднялі заробкі. Хаця павышэнне заробкаў можна назваць адносным, бо ў доларавым эквіваленце людзі нават згубілі.

Але кіраўніцтва “Беларуськалія”, як бачым, вырашыла выдаткоўваць дадатковыя сродкі, каб даць рабочым пернік – не дапусціць росту незадаволенасці сярод людзей і далучэння іх да страйкамаўскага руху.

– Колькі работнікаў “Беларуськалія” далучыліся да страйку?

– На сённяшні дзень – 130 чалавек.

– Вы не працуеце на прадпрыемстве. Якім чынам падтрымліваеце сувязь з рабочымі і ці існуе яна наогул?

– Натуральна, што камунікацыі ёсць з тымі, хто першапачаткова падтрымаў страйк, але застаўся працаваць на камбінаце.

– Якія перспектывы вы бачыце ў рабоце страйкама? Вашы мэты, задачы? Бо сёння, па сутнасці, вы самі прызналі, што рэальна страйкам не мае ніякага ўплыву…

– У сённяшняй сітуацыі проста немагчыма будаваць нейкія доўгатэрміновыя планы і, як ужо казаў раней, мы не можам агучваць свае планы.

– Ці працуюць сёння на “Беларуськаліі” незалежныя прафсаюзы?

– Калі пачытаць шыльду, то як быццам Незалежны прафсаюз гарнякоў ёсць, і ён працуе. Але наўрад ці ў нашых рэаліях такі прафсаюз на прадпрыемстве можна назваць сапраўды эфектыўным сродкам абароны правоў працоўных. Трэба разумець, што ва ўмовах, калі законы не працуюць, незалежны прафсаюз не можа абараніць работнікаў. Гэта паказала практыка разгляду працоўных спрэчак і судоў пасля іх.

Не хачу ні ў каго кідаць камень, але, на мой погляд, сёння на “Беларуськаліі” ў плане дапамогі рабочым паміж незалежным і афіцыйным прафсаюзамі можна паставіць знак роўнасці. Ні тыя, ні тыя рэальна не могуць абараніць работнікаў.

– Пасля выбараў не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі кожную нядзелю праходзілі маршы і акцыі. Чаму шахцёры іх не падтрымлівалі?

– Відаць, баяліся рэпрэсій. Гэта галоўнае, што стрымлівае. У душы, магчыма, чалавек цалкам на баку тых, хто пратэставаў супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў і гвалту ў краіне, але быў стрымліваючы фактар, і ў кожнага ён свой.

– Якая зараз сітуацыя на “Беларуськаліі”? Якія настроі ў рабочых?

– Настроі, напэўна, такія, як і ва ўсёй краіне. Ведаю, што многім проста сорамна, што яны не могуць выказаць сваю сапраўдную пазіцыю. Яны баяцца страціць працу, турбуюцца пра бяспеку сваіх сем’яў. Вы ж бачыце, што сёння робіцца ў Беларусі. Калі законаў няма, то пра бяспеку казаць не даводзіцца.

– Можа быць, страйкам у такіх умовах наогул не патрэбны? Эфект ад яго працы, напэўна, практычна такі ж, што і ад незалежнага прафсаюза…

– Сітуацыя вельмі неадназначная. Некалькі замежных кампаній, якія супрацоўнічаюць з “Беларуськаліем”, уважліва сочаць за тым, што адбываецца на беларускім прадпрыемстве. І, калі будуць працягвацца парушэнні правоў працоўных на камбінаце, то не выключана нават скасаванне кантрактаў. Для многіх замежных кампаній вельмі важна, каб твой партнёр меў добры імідж. Ад гэтага залежыць і іх імідж.

Таму яшчэ не вядома, у які бок можа сітуацыя павярнуцца. Больш за тое, я шчыра веру, што нельга затушыць той унутраны пратэст, які быў у людзей. Людзям стараюцца вырваць язык, але перакананні не зменіш і рэпрэсіямі любіць не прымусіш. Таму мы таксама будзем сачыць за тым, што будзе адбывацца ў краіне далей.

– Як жывуць тыя работнікі “Беларуськалія”, якія далучыліся да страйку і вымушаны былі звольніцца з прадпрыемства? У кожнага, напэўна, сем’і, нейкія фінансавыя абавязкі…

– Ведаю, што ў некаторых звольненых акрамя асноўнага месца працы было і дадатковае. Нехта меў свой невялікі бізнес, а таму без капейкі не застаўся. Хтосьці мае такі запас, які дазваляе пратрымацца без працы не адзін год, частка з’ехала за мяжу

У кожнага свая сітуацыя, і кожны пры звальненні прымаў індывідуальнае рашэнне, сам узважваў усе “за” і “супраць”. Ніхто на гэтыя рашэнні ўплываць не мае права.

Дарэчы, пасля таго як генеральны дырэктар “Беларуськалія” Іван Галаваты заявіў, што гатовы прыняць на працу людзей, якія далучыліся да страйку, мы сабраліся, і я сказаў: “Хлопцы, калі вы лічыце, што вам лепш вярнуцца на прадпрыемства, паступайце так, як ведаеце. Ніхто не будзе адгаворваць ці мець нейкія крыўды”.

– Асабіста ў вас не было жадання з’ехаць за мяжу з сям’ёй, як гэта зрабіў, напрыклад, кіраўнік страйкама Мінскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі?

– Няма ў мяне такога жадання, таму я сёння не прадаю нерухомасць і не пераафармляю яе на некага іншага.

Хаця, шчыра скажу, сёння ў краіне ціск адчуваюць на сабе ўсе актыўныя людзі. Зараз, калі я выходжу з дома, перш-наперш азіраюся па баках. Раней такога са мной не было. Але даводзіцца жыць і ў такіх умовах…

Публікацыя – з № 15 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: