Напалеон Орда пераважна вядомы як аўтар шматлікіх замалёвак беларускіх замкаў, палацаў і сядзібаў, але яго біяграфія здзіўляе насычанасцю і шматграннасцю.

«Будзьма» вырашыла ўспомніць жыццё і дзейнасць славутага беларускага мастака.

Змаганне, Міцкевіч і палітэміграцыя

Напалеон Орда належаў да заможнага беларускага шляхецкага роду, што паходзіў яшчэ ад татар, якія перасяліліся з Залатой Арды ў часы князя Вітаўта. Бацька да падзелу Рэчы Паспалітай быў маршалкам Кобрынскага павета і памёр, калі будучаму мастаку было ўсяго каля двух гадоў, таму ўвесь клопат па выхаванні сына ўзяла на сябе маці.

Пэўна, навучанне і самаўдасканаленне праз усё жыццё Напалеона Орды ішло поруч са змаганнем за свабоду. Так, ужо падчас вучобы ў Свіслацкай гімназіі і Віленскім універсітэце ён браў удзел у таемных рэвалюцыйных таварыствах. За дзейнасць у пратэсным грамадска-палітычным руху ён быў выключаны з універсітэта, арыштаваны разам з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам і Ігнатам Дамейкам і каля пятнаццаці месяцаў адседзеў у віленскай турме.

Неўзабаве малады чалавек узяў удзел у паўстанні 1830–1831 гадоў. Падчас яго Орда камандаваў паўстанцкім атрадам і за свае заслугі атрымаў ордэн Virtuti Militari і званне капітана паўстанцкай арміі. Але пасля задушэння паўстання расійскімі ўладамі яго чакала канфіскацыя маёмасці і высылка ў Сібір. Каб пазбегнуць рэпрэсій, Орда быў вымушаны збегчы з радзімы ў Еўропу на доўгія гады.

Дырэктар італьянскай оперы, сябра Шапэна і Бальзака

Падчас эміграцыі Орда паспеў пажыць у Аўстрыі, Швейцарыі, Італіі, падарожнічаў па Англіі, Шатландыі, Іспаніі, Прусіі, Нідэрландах, Бельгіі і нават Афрыцы. Варта адзначыць, што ягоныя малюнкі ахопліваюць большасць краін Еўропы. Але асноўным месцам яго жыцця і дзейнасці падчас эміграцыі была Францыя.

Па вядомым партрэце і згадках малюнкаў многім Напалеон Орда ўяўляецца старэнькім дзядзечкам, які ездзіў па Беларусі і рабіў замалёўкі нашых замкаў і палацаў. Але Орда выявіў сябе надзвычай энергічнай і шматграннай асобай, а малюнкі — толькі адзін з кірункаў дзейнасці (да таго ж не прафесійнай). Акрамя мастацкай дзейнасці ён быў музыкам, кампазітарам, пісьменнікам, публіцыстам і выкладчыкам.

У Парыжы Орда навучаўся ў мастацкай студыі П’ера Жэрара, браў урокі музыкі ў Шапэна. У гэты перыяд ён таксама пісаў артыкулы, перакладаў літаратурныя творы на французскую, выдаў першы падручнік для замежнікаў (пазней выдаў падручнік па тэорыі музыкі), пісаў паланэзы, мазуркі, вальсы і рамансы. Асабліва шмат ён зрабіў для развіцця і папулярызацыі музыкі. Так, акрамя вышэйзгаданага Орда быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Цікава адзначыць, што ў кола ягоных сяброў і знаёмых уваходзіла шмат «зорак» і выдатных творцаў — акрамя Міцкевіча, Дамейкі, Шапэна былі таксама Манюшка (які лічыў яго сваім настаўнікам), Бальзак, Стэндаль, Тургенеў, Ліст, Вердзі, Расіні і многія іншыя.

Вяртанне і арышт

У эміграцыі Орда правёў каля дваццаці чатырох гадоў. Але прага вярнуцца на радзіму была такая моцная, што па абвяшчэнні амністыі ён пакінуў звыклы і ўтульны лад жыцця, дабрабыт, якія меў у Францыі, жонку-францужанку і сям’ю.

Па вяртанні Орда падарожнічаў па мястэчках Беларусі, Украіны, Польшчы, дзе рабіў свае знакамітыя замалёўкі. У яго практычна не было прытулку (сямейны маёнтак канфіскавалі, і ён меў права толькі арэндаваць яго), таму ён мусіў зарабляць уласнай творчасцю і выкладаннем (у прыватнасці, працаваў хатнім настаўнікам музыкі). Да таго ж у 1866 годзе Орда быў арыштаваны па падазрэнні ва удзеле ў паўстанні 1863–1864 гадоў. Толькі дзякуючы намаганням жонкі і амбасадзе Францыі яму ўдалося пазбегнуць прысуду і высылкі.

Пасля смерці ў Варшаве ў 1883 годзе Напалеона Орду, згодна з ягоным запаветам, пахавалі ў родавым склепе ў Янаве.

Поделиться ссылкой: