Віталь Гуркоў: «Месяц таму мне паступіла адна незвычайная прапанова…»

1216
Віталь Гуркоў

Шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе распавёў «Народнай Волі» пра жыццё ў Кіеве, магчымы перформанс з бел-чырвона-белым сцягам і трэніроўкі сыноў Сяргея Міхалка.

Віталь Гуркоў з’ехаў ва Украіну паўгода таму. Дадому не вярнуўся ў мэтах бяспекі – пасля выбараў на многіх заводзілі крымінальныя справы…

– Збольшага сёння ў мяне ўсё добра, – кажа Віталь. – Чалавек прызвычайваецца да ўсяго, таму з цягам часу «адфарматаваў» і сваё жыццё ў іншай краіне. Трэнірую ў клубе, у мяне дастаткова шмат кліентаў. Здараецца, што за дзень праводжу тры чатыры індывідуальныя трэніроўкі. Ды і сам трэніруюся.

Нярэдка даводзіцца дапамагаць землякам, якія з-за пераследу ў Беларусі таксама вымушаны былі пераехаць ва Украіну.

– На бытавыя ўмовы скаргаў няма?

– Шчыра кажучы, я ў гэтым плане не вельмі патрабавальны. Мне не патрэбны нейкія суперкамфортныя ўмовы для пражывання. Таму зняў звычайную кватэру, зарабляю грошы, мне хапае і на арэнду жылля, і на ўсё астатняе.

– Ці адрозніваюцца жыццё і праца ў Кіеве ад таго, што было ў Мінску?

– Рытм зусім іншы. Напрыклад, трэба прызвычайвацца да таго, што ва ўкраінскай сталіцы, калі едзеш на машыне, пастаянна трапляеш у заторы, таму больш часу ідзе на перамяшчэнні па горадзе.

– Пасля трэніровак вольны час як бавіце?

– У вольны час звычайна сустракаемся з сябрамі, а раз на тыдзень у нас традыцыйная лазня. Вялікай кампаніяй збіраюцца і беларусы, і ўкраінскія сябры.

Дарэчы, яшчэ не так даўно ў Кіеве з-за пандэміі быў каранцін, таму асабліва не было куды і падацца. Розных мерапрыемстваў і імпрэз стала менш, хаця ў Кіеве нават у пандэмію іх усё роўна было больш, чым у Мінску ў лепшыя часы. А зараз беларусы, што прыязджаюць сюды, і наогул кажуць: «Як у «Дыснейлэнд» трапляеш». Ведаю, што ў Беларусі зараз і настроі панурыя, і такое ж асяроддзе ў сувязі з тымі падзеямі, што адбываюцца ў краіне.

– Вы сочыце за гэтымі падзеямі?

– А як інакш?! Раніца ў мяне пачынаецца з прагляду апошніх беларускіх навін. Чытаю іх, прапускаю праз сябе, перажываю, спачуваю. Вельмі цяжка на душы, нягледзячы на тое, што ў мяне як быццам усё добра.

Напрыклад, паверыць не мог, што журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай за іх прафесійную дзейнасць далі па два гады калоніі! Як такое наогул можа быць у XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы?! Хіба што мяне парадаваў той пазітыў, што ішоў ад гэтых мілых дзяўчат. Яны – самы сапраўдны прыклад нязломнасці.

– А ці шмат у Кіеве беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць краіну з-за пераследу?

– Дастаткова. Не так даўно сустрэў маладых хлопцаў, якія таксама з’ехалі з Беларусі. Распавялі, што з-за пераследу днямі ў Кіеў прыехалі каля 50 беларускіх студэнтаў. Кожнаму з іх пагражала крымінальная справа.

Кажуць мне: «Калі б нам было па 30–40 гадоў, то, магчыма, больш перажывалі б гэтую сітуацыю. Але нам па 20–23 гады, таму ў нашым жыцці ўсё яшчэ наперадзе. Падарожжы ў іншыя краіны – гэта як мінімум цікава».

– Ці падтрымліваеце вы ў Кіеве сувязь з Сяргеем Міхалком, з якім разам выступаеце ў BRUTTO?

– Не толькі падтрымліваю, але і двух яго сыноў трэнірую – 26-гадовага Паўла і 7 гадовага Макара. Дарэчы, зараз закончыўся каранцінны сезон, таму пачынаем выбудоўваць пэўны канцэртны графік. Такім чынам, акрамя трэніровак дададуцца яшчэ і канцэрты.

– Міхалок з сям’ёй жыве ў Кіеве?

– Ужо даўно, дзесьці з 2015 года. Яго сын Макар, дарэчы, добра размаўляе на ўкраінскай мове і ўвогуле таленавіты хлопец. Займаецца не толькі тайскім боксам, але ходзіць на дзюдо, у шахматную секцыю, добра спявае на англійскай мове.

Павел – музыкант-клавішнік, зараз іграе ў «Ляпіс-98», BRUTTO, «Дрэздэне».

– Раней і сам Сяргей Міхалок падтрымліваў на рынгу форму…

– Ён таксама трэніруецца, але зараз у яго шмат студыйнай працы, таму месяц да мяне не прыходзіў. Я да яго заязджаў у госці, Сяргей паабяцаў, што праз тыдзень наведаецца на трэніроўку.

– Ці ёсць зараз у Кіеве нейкія абмежаванні з-за пандэміі?

– Няма, хаця ў грамадскіх месцах, безумоўна, трэба карыстацца маскай. Раней наогул быў поўны каранцін – кавярні, рэстараны прывозілі тое, што заказваў, але самі ўстановы не працавалі. Зараз абмежаванняў практычна няма.

– Самі вы нейкія планы на гэты год складалі ці за мяжой гэта складана зрабіць?

– Мне здаецца, што кожны, хто пакінуў Радзіму, жыве найперш сённяшнім днём. Хаця я, напрыклад, гляджу і ў будучыню. Зараз у Кіеве шукаю памяшканне, хачу адкрыць уласную залу, дзе можна было б і трэніравацца, і аб’ядноўваць беларусаў, якія з’ехалі ва Украіну. Дарэчы, я і сам яшчэ планую выступіць на спаборніцтвах.

– Будзеце прадстаўляць на турнірах Беларусь?

– Безумоўна, буду прадстаўляць Беларусь на прафесійнай арэне. І, шчыра скажу, месяц таму мне ўжо паступіла адна незвычайная прапанова – правесці бой за званне чэмпіёна свету паводле версіі GLORY. Пры гэтым прапанова звалілася, што называецца, як снег на галаву – за два тыдні да бою. Я адмовіўся.

– Умовы не задаволілі?

– Да такіх паядынкаў рыхтуюцца не два тыдні, таму я быў да яго проста не гатовы. Можна, натуральна, выйсці на рынг, каб хутка прайграць, але пры гэтым зарабіць «бабло». Але калі ты прафесіянал, то заўсёды і шануеш сваё імя, і рэальна ацэньваеш усе рызыкі. А стаўкі на той паядынак былі такія, што можна было канчаткова гэтым боем дабіць здароўе.

Маім сапернікам павінен быў стаць Седрык Думбэ, які тры гады запар становіцца чэмпіёнам паводле версіі GLORY, а апошнія баі заканчвае выключна накаўтамі. Адным словам, гэты баец – сапраўдная ўдарная машына. Хаця я казаў жартам, што падчас паядынку можна было б правесці класны перформанс.

– З гэтага месца падрабязней…

– Можна было б выйсці на рынг пад бел-чырвона-белым сцягам. У першым ці ў другім раўндзе Думбэ, натуральна, адправіў бы мяне ў накаўт, але пры гэтым можна было б заявіць: гэты паядынак – своеасаблівы перформанс. Цёмнаскуры Седрык Думбэ сімвалізаваў бы цёмныя сілы – беларускі АМАП, а я – пабіты беларускі народ.

Але да перформанса справа не дайшла. Два дні я вагаўся, ці прымаць прапанову, а потым зразумеў, што нельга туды адпраўляцца абсалютна непадрыхтаваным. Тым больш што толькі год таму мне зрабілі сур’ёзную аперацыю на плячы, і я только аднавіўся пасля яе.

Толькі зараз набіраю неабходную форму, таму, як кажуць, не трэба бегчы наперадзе каня. Выступаць я буду, але крыху пазней.

– Ці сумуеце па Мінску? Дадому не цягне?

– Прыкладана месяц таму нейкі незнаёмы хлопец скінуў мне ў «Інстаграм» у асабістыя паведамленні здымкі Мінска – вуліцу Кастрычніцкую, плошчу Перамогі, праспект Незалежнасці… Ведаеце, гэта так кранула! Спадзяюся, надыдзе час, калі я буду свабодна хадзіць па гэтых вуліцах, а не разглядваць іх на карцінках.

Публікацыя – з № 14 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!