Валянцін Акудовіч: «За некалькі жнівеньскіх тыдняў беларусы перафарбавалі восень у бурапенную вясну»

360
Валянцін Акудовіч

Беларускі пісьменнік, філосаф, літаратурны крытык і проста культавая асоба нашага часу Валянцін АКУДОВІЧ, які гадамі пазбягае прадстаўнікоў СМІ і рэдка каму дае інтэрв’ю, сёння адказвае на пытанні журналіста «Народнай Волі».

– Мне здавалася, вы не вельмі высока ацэньваеце сучаснага чалавека – ён далёкі ад Божай задумы. Ці змянілася ў апошні час ваша меркаванне? Пагадзіцеся, палітычны крызіс лета-восені 2020 года паказаў высокі градус грамадзянскасці і маралі…

– Сучасны чалавек як планетарная асоба – гэта адно, другое – грамадзянін канкрэтнай краіны. Калі я цяпер думаю пра беларусаў, то сэрца поўніцца пяшчотай. За некалькі жнівеньскіх тыдняў беларусы перафарбавалі восень у бурапенную вясну. Гэта атрымалася як бы само сабой і да таго ж выглядала неверагодна прыгожа. А тут яшчэ мора бел-чырвона-белых сцягоў – самых прыўкрасных сцягоў у свеце…

Што і казаць, гэта быў цуд, хаця нельга не звярнуць увагу на сацыяльна-палітычны падтэкст. Беларускае грамадства ўжо даўно абагнала рэжым улады. Інфармацыйна, інтэлектуальна, эстэтычна… Падчас прэзідэнцкіх выбараў хлусня была настолькі відавочнай і гідкай, што сотні тысяч раней памяркоўных грамадзян не вытрывалі гэткай абразы і выйшлі з пратэстамі на вуліцы і плошчы як вялікіх гарадоў, так і невялічкіх райцэнтраў. І гэта быў самы важны вынік сталення нацыі.

Між іншым, я зусім не шкадую, што ў тым супраціўленні нам не ўдалося разбурыць сваю Бастылію: калі б народныя масы пайшлі на больш радыкальныя дзеянні, вялікае Паўстанне захлынулася б у крыві – і нашай, і нашых ворагаў. Станоўчым фактам з’яўляецца тое, што Паўстанне, выкліканае брутальнымі фальсіфікацыямі падчас галасавання на выбарчых участках, набыло бел-чырвона-белую афарбоўку. Гэта ці не самы багаты наш нацыянальны скарб, якім мы будзем ганарыцца і цешыцца праз стагоддзі!

– А што вы можаце сказаць пра Святлану Ціханоўскую – такія персоны з’яўляюцца ў гісторыі выпадкова ці па волі Божай?

– Зусім не ўпэўнены, што Бог уласнаручна блаславіў спадарыню Святлану, паклаўшы сваю пяшчотную «длань» на яе галоўку. Разам з тым нельга не заўважыць, што яе гісторыя фантастычная. Яна больш дзівосная, чым нейкая казка. Але паколькі я не містык, то мне нічога не застаецца, як толькі захапляцца гэтай маладой жанчынай. Найбольш уражвае яе шчырасць і адкрытасць. Яна кажа: я не палітык і не прагну ўлады, для мяне галоўнае – гэта правесці новыя, справядлівыя выбары і вызваліць з за крат усіх палітзняволеных. Дзе і калі такое было ў палітычным свеце?!.

Гэта не рэвалюцыя, гэта драма шэкспіраўскага трагізму. І яна яшчэ будзе напісана для сцэны і пастаўлена ў вымытым ад бруду рэжыму Купалаўскім тэатры.

– У неверагодных абставінах людзі становяцца сімваламі. Вось Раман Бандарэнка, два словы якога нашчадкі будуць узгадваць і праз пяцьдзясят, і праз сто гадоў…

– Шаноўная Алена, вы хочаце схіліць мяне да думкі, што адвага Рамана – гэта ўздзеянне нейкіх звышнатуральных сіл? І таму адбылося забойства хлопца, інакш не атрымалася б сімвала?

Я не веру ў сілу крыві. Я хацеў бы бачыць Рамана і сёння жывым, дзейным, творчым. Працытую з гэтай нагоды геніяльную максіму Ігната Абдзіраловіча: «Творачы, зруйнуем». Давайце нішчыць змярцвелае, гідкае не зброяй і нянавісцю, а ствараючы новае, жывое, любімае…

– А што вы думаеце пра неверагодна актыўны ўдзел жанчын у пратэстах? У вас ёсць тлумачэнне гэтаму гендарнаму ўсплёску?

– Самым нечаканым у змаганні за ПРАЎДУ, за справядлівасць з’яўляецца тое, што яно сапраўды мае жаночы твар. Калі найбольш моцных прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта (Бабарыку, Цапкалу, Ціханоўскага) рэжым без хоць якіх падстаў схаваў ад грамадства за кратамі, то беларускія жанчыны аб’ядналіся вакол Святланы Ціханоўскай, якая займела статус кандыдата ў прэзідэнты. «Тры грацыі» – чулася паўсюдна. Кожнай з іх хапала ўласнага хараства, таму, гледзячы на іх, мала хто думаў, якія яны мужныя. А яны сапраўды былі неверагодна мужныя.

Што да пытання пра выбух гендарнай актыўнасці жанчын (і тут гаворка мусіць весціся не толькі пра ўжо названых), то калі б мужчыны заставаліся на свабодзе, то, магчыма, мы і не заўважылі б мужную прыгажосць жанчын у той меры, у якой яна сталася нам бачнай без іх. Гэта па-першае. А па-другое, яно і да лепшага. Цяпер не ў тэорыі, а наяве мы ўбачылі, што наша палітычная сістэма можа мець жаночы твар.

– Але чаму пратэстныя акцыі як бы сціхлі? Што, рэвалюцыі абавязкова патрэбны ахвяры, а іх яшчэ недастаткова?

– А вы хіба не заўважылі? Мы ўжо перамаглі! Беларусы ў абсалютнай сваёй большасці адвярнуліся ад нелегітымнага рэжыму, узненавідзелі тых, хто пайшоў на выкананне злачынных загадаў. Пра апошняе кажу са скрухай, бо нянавісць яшчэ нікога да дабра не давяла. А значыць, будзем мы пільнымі…

– І ўсё ж праз нейкі час будзе абраны новы прэзідэнт. Грамадства сутыкнецца з многімі праблемамі і цяжкасцямі. І ці не пачуем мы «А вось пры Лукашэнку…»? Чаму стан задаволенасці людзей хутка праходзіць? Чаму не толькі дабро, але і зло забываецца? Хто-ніхто і цяпер з настальгіяй успамінае злыдня Сталіна…

– У гэтага феномена ёсць мноства тлумачэнняў. Я абяру самае просценькае. Жыццё чалавека рэдка калі бывае залішне шчаслівым і радасным. Хутчэй зусім наадварот. І тады чалавек пачынае злавацца на сваю долю, шкадуючы, што яму не пашанцавала жыць у лепшыя часы, калі цяклі малочныя рэкі і былі кісельныя берагі.

Я не маю ні каліўца сумневу, што пасля сыходу з жыцця А.Лукашэнка некалі вернецца на радзіму ў ролі міфа. І гэта будзе міф пра народнага героя, які пабудаваў шчаслівую краіну, дзе простым людзям жылося багата ды шчасліва, толькі ворагі часам заміналі радасці беларусаў, аднак магутны вой не раз з імі спраўляўся, і таму нашы бацькі яго абагаўлялі.

– Як вы думаеце, беларусы сапраўды аказваюць зараз уплыў на свет?

– Не станем перабольшваць, мы ж сціплыя людзі. Пасля масавых восеньскіх акцый на нас сапраўды нейкі час шмат дзе здзіўлена глядзелі, абмяркоўвалі, пісалі, здымалі ў безлічы ролікаў і захапляліся. Толькі ўвага сучаснай цывілізацыі па сваёй прыродзе не можа доўга затрымлівацца на адной падзеі. Прынамсі, калі тая падзея не пандэмія. Гэта з аднаго боку. А з другога – наша Паўстанне, як новае паўстанне беларусаў, яшчэ толькі пачынаецца. Наперадзе ў нас вечнасць! Невыпадкова Ігнат Абдзіраловіч назваў сваю векапомную працу «Адвечным шляхам» (1921 год). І мы на свае вочы ўбачым, што ён не памыліўся ў сваёй празорлівасці, – бо рушым далей за далягляд.

Публікацыя – з № 14 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!