Дзе зараз знаходзіцца Дзмітрый Шакута?

17680
Дзмітрый Шакута. Фота https://newsbel.by

Шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу аказаўся ў цэнтры скандалу, але затым на пэўны час, як кажуць, знік з радараў.

Напрыканцы мінулага тыдня Генпракуратура паведаміла Алене Бандарэнка, маці Рамана Бандарэнкі, што заведзена крымінальная справа па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула па неасцярожнасці смерць яе сына. Гаворка ідзе пра ч.3 арт.147 Крымінальнага кодэкса Беларусі. За гэтае злачынства прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.

Нагадаем, што 11 лістапада мінулага года ў Мінску на так званай Плошчы Перамен невядомыя напалі на мясцовага жыхара Рамана Бандарэнку, які абараняў бел чырвона-белыя стужкі, збілі яго, схапілі і звезлі на мікрааўтобусе. У выніку хлопец, якога затым з РУУС адвезлі ў бальніцу, памёр.

Пазней у СМІ былі апублікаваны матэрыялы, у якіх журналісты і людзі, якія ведаюць Дзмітрыя Шакуту, прыйшлі да высновы, што чалавек у чорнай камізэльцы і шэрай кофце, які напаў на Бандарэнку, вельмі падобны на шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу.

Таксама на відэа быў зафіксаваны не толькі чалавек, які быў падобны на Дзмітрыя Шакуту, але і чалавек, вельмі падобны на кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава.

І Шакута, і Баскаў былі добрымі знаёмымі і пастаяннымі ўдзельнікамі праўладных аўтапрабегаў. Менавіта Дзмітрый Баскаў прыцягнуў Шакуту да трэніровак хакейнай каманды “Бастыён”, якая выступае ў аматарскім хакейным чэмпіянаце Мінска. Турнір праходзіць пад патранажам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба на чале з Дзмітрыем Лукашэнкам, за яе выступаюць старэйшы і малодшы сыны Лукашэнкі.

Дарэчы, кіруе Федэрацыяй кікбоксінга Беларусі экс-міністр унутраных спраў Юрый Караеў, а Дзмітрый Шакута працаваў інструктарам у вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС.

Пасля скандальнага відэа Дзмітрый Шакута ніякім чынам не каментаваў яго, а затым, паводле некаторай інфармацыі, наогул з’ехаў у Расію.

“Шакута зараз знаходзіцца ў Беларусі і па-ранейшаму працуе ў вайсковай часці 3214, – паведаміў “Народнай Волі” чалавек, які добра ведае Дзмітрыя. – Так, на нейкі час ён з’язджаў у Расію, калі ўзнялася хваля ў СМІ, але затым ізноў вярнуўся. А ў снежні ён гуляў за каманду “Бастыён”.

Падчас аднаго з дамашніх матчаў хакейнага мінскага “Дынама” камера таксама выхапіла чалавека, які быў падобны на Дзмітрыя Шакуту, але сам ён пакуль недаступны для адказаў на шматлікія пытанні. Ці будуць да яго пытанні ў следчых?

Публікацыя – з № 14 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!