
Сацыёлаг сёння не самая запатрабаваная прафесія на рынку працы. Ці складана было знайсці новую работу бацьку чатырох дзяцей Генадзю Коршунаву? Дзе ён працуе зараз?
Нагадаем, што Генадзь Коршунаў развітаўся з пасадай дырэктара Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук у верасні мінулага года. Ён быў сярод тых навукоўцаў, якія асудзілі не толькі гвалт, але і маштабныя фальсіфікацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Менавіта Генадзь Коршунаў ў інтэрв’ю «Народнай Волі» незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў пацвердзіў, што, паводле дадзеных красавіцкіх апытанняў, узровень даверу Аляксандру Лукашэнку ў сталіцы быў усяго 24 працэнты, а Цэнтрвыбаркаму на чале з Лідзіяй Ярмошынай давяралі толькі 11,1 працэнта апытаных жыхароў сталіцы.
Коршунаў вельмі коратка каментаваў свой сыход, паведаміўшы, што ў заяве напісаў: “Прашу звольніць па дамове бакоў».
– Я зараз у нейкіх праектах разава ўдзельнічаю ў асноўным, – распавёў Генадзь Пятровіч “Народнай Волі”. – Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт прапанаваў у іх папрацаваць. У маім становішчы было б недарэчна адмаўляцца, таму як сацыёлаг даследчык працую ў ЕГУ са студзеня гэтага года. Вялікі дзякуй універсітэту за гэтую прапанову!
– А наогул ці шмат было прапаноў аб працаўладкаванні пасля таго, як стала вядома пра ваш сыход з дзяржаўнай працы?
– Слоў падтрымкі было шмат. І прапаноў дастаткова. У прынцыпе, у тым ці іншым варыянце я амаль на ўсе адгукнуўся. Нешта раблю на валанцёрскіх пачатках, для агульнай карысці, нешта – за ўзнагароджанне. Але працы хапае, нават не так шмат часу застаецца, каб сядзець у інтэрнэце і маніторыць, што адбываецца.
Публікацыя – з № 14 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.