Хрустальная “Рок-карона” гурта N.R.M. прададзена на аўкцыёне eBay

62
Хрустальная “Рок-карона” гурта N.R.M. прададзена на аўкцыёне eBay
Прома-фота Піта Паўлава да аўкцыёну. Фота з Instagram

Гурт N.R.M. быў узнагароджаны хрустальнай “Рок-каронай” у 2010 годзе, у намінацыі “Найлепшы гурт апошніх пятнаццаці год”. Цяпер узнагарода прададзена праз аўкцыён eBay за 7700 долараў ЗША. Грошы з продажу павінны пайсці на падтрымку музыкаў, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі. Пра падрабязнасці аўкцыёну Піт Паўлаў распавёў Еўрарадыё.

Па словах Піта, адрываць ад сэрца “карону” было не шкада:

— Гэта, канечне, прыемны артэфакт, але ўсё ж, па сутнасці, сама фігурка не мае ніякага сэнсу. Гэта ж толькі як сымбаль. Сымбаль таго, што N.R.M. быў тым, кім быў. Калі ўсё гэта планавалася, то былі розныя прапановы наконт таго, што N.R.M. можа выставіць на аўкцыён, ці можа Піт Паўлаў нешта прапанаваць. Мне падалося, што самае сімвалічнае і заўважнае — гэта “Рок-карона”, — кажа цяперашні франтмен N.R.M.

За час існавання N.R.M. гурт узнагародзілі трыма “Рок-каронамі”. Але гэтая карона, тлумачыць музыка, асаблівая:

“Гэта не проста галоўная “Рок-карона”, а галоўная “Рок-карона” за ўсю “Рок-каранацыю”. Калі ў 2010 годзе была апошняя “Рок-каранацыя”, тады абралі гурт за ўсю гісторыю мерапрыемства. Кожны год давалі карону ў намінацыі “Гурт года”, былі дзесяць намінацый і адна галоўная. Але ў 2010 годзе каранацыя была юбілейная, і яна была апошняя. Карацей, гэта “карона карон”, галоўны трафей беларускага рока наогул”.

Хрустальная “Рок-карона” гурта N.R.M. прададзена на аўкцыёне eBay
N.R.M. у 2000 годзе

$7700 — прыкметная сума. Ці спадзяваліся музыкі на падобную “ацэнку” і ці маглі дацягнуць да дзесяці, дваццаці тысяч долараў?

— Мы не разлічвалі, натуральна, і на такі поспех, — адказвае Піт Паўлаў. — Вы кажаце пра дваццаць тысяч, але я не спадзяваўся, што ўвогуле столькі атрымаецца сабраць. Я думаў, што рэалістычна будзе недзе 200-300 баксаў. У мяне не было ўяўлення, што будзе такі поспех. Я не разбэшчаны тым, што нас занадта падтрымліваюць.

Хто стаў пераможцам аўкцыёну, Піт Паўлаў не ведае, але вельмі ўдзячны гэтаму чалавеку:

— Не ведаю, хто набыў, але хачу ведаць, каб падзякаваць гэтаму чалавеку. Я ў захапленні, я страшэнна ўдзячны гэтаму невядомаму мецэнату. Я адчуў, што праз нас людзі могуць дапамагчы нашым пацярпелым калегам.

Усімі грашовымі справамі займаўся Фонд культурнай салідарнасці, і сродкі хіба ўжо ў іх. Мы папрасілі, каб мы мелі магчымасць мець уплыў на размеркаванне грошай. Наша жаданне было, каб сродкі пайшлі на падтрымку пацярпелым музыкам. Шмат хто пацярпеў, і ўсім трэба дапамагчы, я гэта добра разумею. Але калі трапляе за краты “Разбітае сэрца пацана”, калі трапляе за краты Андрэй Такінданг, Ілля Чарапко — мы ўспрымаем гэта так, нібыта гэта мы самі і ёсць.

Хрустальная “Рок-карона” гурта N.R.M. прададзена на аўкцыёне eBay
“Рок-карона” побач з былым уладальнікам Паўлавым. Фота з Instagram

На думку Піта, грошы ад “кароны” мусяць ісці на аплату штрафаў музыкам, якія адбываюць адміністрацыйныя арышты:

— Зараз за кратамі гурт “Разбітае сэрца пацана”. Таму, магчыма, ім. Каб хоць перадачкі нейкія набыць, каб ім там было смачней і лягчэй. Потым трэба, каб яны мелі магчымасць заплаціць штрафы.

Астатнія дзве кароны N.R.M. не плануе выстаўляць на аўкцыён:

— Таму што гэта ўжо ператворыцца ў блазноцтва, — перакананы Паўлаў.

Дарэчы, гурт ужо хутка выпусціць свой новы альбом. Дату, калі лонгплэй з’явіцца на свет, не абвяшчаюць. Музыкі анансавалі яго песняй “Любіш-Любі”.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!