Дзмітрый Цімашэнка ў "клетцы" суда. Фота аўтара.

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч 19 лютага агучыў прысуд праграмісту Дзмітрыю Цімашэнку за выбіты з рукі супрацоўніцы міліцыі тэлефон – два з паловай гады няволі ў калоніі агульнага рэжыму.

Інцыдэнт адбыўся 15 лістапада побач з цыркам, калі гараджане выйшлі ўшанаваць памяць забітага ў Мінску Рамана Бандарэнкі. 24-гадовы Дзмітрый скончыў школу з залатым медалём, а пасля і БДУІР, уладкаваўся на працу ў сталіцы, але ў той выходны быў у бацькоў.

“Сын цяжка перажываў смерць Рамана – яны ж, па сутнасці, аднагодкі. Сама я паўночы плакала, бо ведала, што і мой Дзіма ў Мінску, і ён мог патрапіць пад хапун ўзброеных сілавікоў у чорнай амуніцыі. У тую лістападаўскую нядзелю Дзіма выходзіў на жалобную акцыю, што была ў горадзе”, – расказала журналісту “Народнай Волі” Вольга Цімашэнка.

Людзей каля цырка было не шмат. Маладая жанчына ў цывільным назойліва здымала ўсіх пратэстоўцаў на мабільнік. Хто яна, Цімашэнка не ведаў. І калі “відэааператарка” сыходзіла ў атачэнні міліцыянераў, Дзмітрый дагнаў яе і выбіў з рукі мабільны тэлефон. Маладзіцай аказалася старшы лейтэнант міліцыі Наталля Сінкевіч. У відэароліку, выпушчаным МУС пасля здарэння, Наталля, аднак, казала: “Ажыццяўляла ахову грамадскага парадку каля гомельскага цырка, растлумачвала грамадзянам пра недапушчальнасць парушэння закона аб масавых мерапрыемствах. Ззаду адбыўся ўдар па руцэ, тым самым мне выбілі мабільны тэлефон”.

Цімашэнку затрымалі з прымяненнем фізічнай сілы і спецсродкаў. Пасля допыту адправілі ў СІЗА, а зараз судзілі.

У апошнім слове Дзмітрый выбачыўся перад бацькамі і пацярпелай, раскаяўся ў сваім учынку, прапрасіў суд не караць яго пазбаўленнем волі.

Прадстаўнік дзяржабвінавачвання, у сваю чаргу, казаў у судзе пра “палітычную нянавісць” хлопца да міліцыі, прапаноўваў пакараць Цімашэнку ажно чатырма гадамі калоніі.

Старшы лейтэнант міліцыі, прызнаная пацярпелай у крымінальнай справе, заяўляла на папярэднім следстве пра “функцыянальнае расстройства арганізма” ад удару па руцэ, фізічны боль і маральныя пакуты.

“Пасля ўсіх гэтых падзеяў у мяне да гэтага часу прыходзіць думка, – дзялілася ў судзе 12 лютага Наталля Сінкевіч сваімі багатымі ўяўленнямі, – а калі б гэты грамадзянін надумаўся мяне… мне прычыніць нажавое раненне? Якія б наступствы былі пасля гэтага? Ён не падумаў пра мяне як чалавека, ён проста бачыў ува мне супрацоўніка міліцыі (была ў цывільным)… Да гэтага часу тыя падзеі мне прыносяць нейкія маральныя, стрэсавыя сітуацыі. І зараз я знаходжуся ў стрэсавай сітуацыі, у прыгнечаным стане”.

Хадайнічала Наталля Сінкевіч пра спагнанне з Дзмітрыя кампенсацыі маральнай шкоды ў тысячу рублёў, што суд і задаволіў. Раней бацькі Дзмітрыя, не пытаючыся кошту, перадалі Сінкевіч грошы за тэлефон – 800 рублёў, знялі з асабістай банкаўскай карткі сына.

Два гады і шэсць месяцаў – празмерна жорсткае пакаране, лічыць адвакат Цімашэнкі Міраслаў Кусько. Раней Дзмітрый не прыцягваўся нават на адміністратыўнай адказнасці, мае станоўчыя характарыстыкі з месцаў вучобы і працы. Да таго ж артыкул 364 КК за гвалт ці пагрозу яго ў дачыненні супрацоўніка міліцыі прадугледжвае і пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Андрэй Цімашэнка, бацька пакаранага праграміста, абураецца з прычыны празмерна суворага і несправядлівага прысуду сыну, які да гэтага часу не меў аніякіх праблем з законам. Такая сітуацыя з сістэмай правасуддзя ў краіне яго моцна насцярожвае, тым больш, калі падаграецца нават супрацоўнікамі пракуратуры рыторыкай пра палітычную нянавісць.

Поделиться ссылкой: