Алесь Міхалевіч

Экс-міністр культуры, экс-дыпламат і экс-дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка абвешчаны ў міжнародны вышук. Генеральная пракуратура накіравала ў Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпола ў Рэспубліцы Беларусь адпаведны пакет дакументаў. Які вынік і што далей? Ці абцяжарыць гэты факт жыццё Паўла Латушкі альбо абсалютна нічога не зменіць, бо яго будзе бараніць Еўрапейскі Саюз?

На гэтую тэму “Народная Воля” паразмаўляла з заснавальнікам адвакацкага бюро, якое якраз спецыялізуецца на пытаннях міжнароднага пераследу, членам Еўрапейскай асацыяцыі адвакатаў Алесем Міхалевічам.

Нагадаем, што ў 2010 годзе Міхалевіч быў кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, пасля чаго стаў абвінавачаным па сфабрыкаванай крымінальнай справе аб масавых беспарадках, падвяргаўся розным формам ціску і быў вымушаны збегчы ў Еўропу. Гэтая акалічнасць і вызначыла асноўны напрамак дзейнасці ягонага адвакацкага бюро, паколькі Алесь Міхалевіч таксама доўгі час быў у вышуку па лініі Інтэрпола і сутыкнуўся з праблемамі міжнароднага пераследу на ўласным вопыце.

Адвакацкае бюро Міхалевіча якраз спецыялізуецца на абароне ад міжнароднага пераследу грамадзян з краін з аўтарытарнымі рэжымамі і мае паспяховую практыку працы з Інтэрполам і шэрагам праваабарончых арганізацый.

– Алесь, прэс-служба Генпракуратуры паведаміла, што пакет дакументаў наконт Латушкі перададзены ў Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпола ў Беларусі. Што звычайна адбываецца далей?

– Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпола – гэта частка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, і там працуюць супрацоўнікі МУС. Дэ-факта наш МУС проста адказвае за тое, каб усе дакументы пераслаць у Цэнтральны офіс Інтэрпола ў Ліёне. І ў момант, калі наша бюро гэта робіць, чалавек аўтаматычна з’яўляецца ў базах Інтэрпола.

– А базы Інтэрпола зараз адкрыты ці не? Раней можна было зайсці на сайт і паглядзець, хто ў вышуку.

– Не, цяпер у адкрытым доступе вельмі невялікая частка з тых, каго падае Беларусь. Абсалютная большасць прозвішчаў знаходзіцца ў закрытых базах, і пабачыць іх немагчыма – трэба мець спецыяльны дазвол. Альбо можна зрабіць запыт у Цэнтральны офіс Інтэрпола, у камісію кантролю файлаў. Але гэта ўсё дастаткова доўга разглядаецца, і хутка атрымаць легальны доступ немагчыма.

Таму, калі Латушку ці каго іншага падалі ў міжнародны вышук, яго імя з’явіцца у базах вельмі хутка.

– Многія сумняваюцца, што Інтэрпол будзе затрымліваць беларускіх апазіцыянераў, а Еўрасаюз выдасць іх Беларусі, бо гаворка ідзе не пра крымінал, а пра палітыку. Як думаеце, навошта наогул Генпракуратура падае дакументы на міжнародны вышук, калі справа асуджана на правал?

– Па-першае, бюракратычная машына закруцілася, і пракуратура павінна гэта зрабіць.

Па-другое, міжнародны вышук на пэўны перыяд сур’ёзна ўскладняе жыццё людзям. Тыя, хто абвешчаны ў міжнародны вышук, будуць абмежаваны ў паездках. Інтэрпол правярае на прадмет таго, ці няма палітычнага складніка ў пераследзе. І нейкі час, пакуль ідзе праверка, чалавек усё роўна будзе знаходзіцца ў базе. А значыць, і сутыкацца з адпаведнымі цяжкасцямі.

– Вам спатрэбілася два гады, каб выдаліць інфармацыю пра сябе з базы Інтэрпола…

– Так, але трэба памятаць, што ў некаторых краінах гэтая інфармацыя ўсё роўна яшчэ можа захоўвацца. Таму я і кажу, што праблемы гэта стварае сур’ёзныя і надоўга. Сказаць, што ўсё хутка можна вырашыць, – гэта сказаць няпраўду. Таму, калі Беларусь такія рэчы робіць, яна разумее, што ў канкрэтных людзей будуць вялікія праблемы з перасоўваннямі.

– Нават у межах Еўрасаюза?

– Так, нават у межах Еўрасаюза. Калі ты вылятаеш праз знешнія межы Еўрасаюза, па за шэнгенскую зону, таксама могуць узнікнуць складанасці.

– Памятаю гісторыю, як вас затрымалі ў аэрапорце, быў скандал, але ж адпусцілі праз некалькі дзён…

– Са мной гэта было тры ці чатыры разы, але непублічная частка айсберга – яна нашмат большая. Напрыклад, у Варшаве я знаходзіўся ў адным з пакояў адміністрацыі памежнай службы, але мяне спрабавалі пасадзіць у пакой, дзе звычайна трымаюць незаконных нелегальных мігрантаў. Але ў іншых выпадках, калі мяне затрымлівалі, я знаходзіўся ў памяшканнях, якія можна назваць сапраўднай камерай, – там былі абмежаванні ўваходу-выхаду, краты. Гэта не так працуе, як вы кажаце: маўляў на некалькі дзён затрымалі і адразу выпусцілі. Так раней было ў Польшчы, дзе мне асабіста намеснік міністра замежных спраў абяцаў, што не будзе праблем. Але яны былі ў іншых краінах.

– Што цяпер трэба рабіць тым беларусам, чые прозвішчы трапілі ў базы Інтэрпола праз палітыку?

– Я заўсёды раю зрабіць прэвентыўны запыт у камісію кантролю файлаў Інтэрпола, папярэджваючы, што такая сітуацыя ёсць і імя таго ці іншага чалавека можа з’явіцца ў базе.

Натуральна, некаторых нашых апазіцыянераў, якіх зараз аб’явілі ў вышук, таксама наша адвакацкае бюро абараняе. І адносна некаторых з іх мы такія запыты ўжо зрабілі. Камісія па кантролі файлаў паведаміла, што яны пра гэта ведаюць і калі чалавек з’явіцца ў базе, то яны абавязкова пра гэта праінфармуюць.

– І што далей?

– Калі Інтэрпол папярэджаны, ён можа затрымаць з’яўленне чалавека ў гэтай базе да моманту разгляду справы камісіяй кантролю файлаў. То бок чалавек не з’яўляецца ў асноўнай частцы базы, а фігуруе толькі ў галоўнай Ліёнскай базе, але гэта не стварае яму перашкод, бо нацыянальныя цэнтральныя бюро іншых краін яго не будуць бачыць. І далей ёсць час зрабіць паўнавартаснае абскарджванне, каб пасля было прынята рашэнне, што чалавека нельга падаваць у агульную базу Інтэрпола.

Ясна, што, напрыклад, у выпадку са Святланай Ціханоўскай такіх праблем не павінна ўзнікнуць, таму што прозвішча вядомае і ўзровень асобы вялікі, каб у прынцыпе яе ўключалі ў базу, але што тычыцца ўсіх астатніх, асабліва былых чыноўнікаў, то складанасці будуць. Не ведаю, па якім артыкуле, напрыклад, будзе пададзены ў міжнародны вышук Сяргей Румас

– А вы думаеце, што яго абвесцяць у міжнародны вышук?

– Мяркую, так.

– Я не выключаю, што ён вернецца.

– А хіба вы выключаеце, што Латушка вернецца ці Ціханоўская?

– Пры гэтай уладзе – наўрад ці.

– Але ж я рызыкнуў пры гэтай уладзе вярнуцца. Што заўгодна можа здарыцца. Мяне затрымалі на мяжы, і крымінальная справа ў дачыненні да мяне не была спынена. Я амаль як Навальны зрабіў…

– Многія з тых, хто цяпер за мяжой, з’язджалі па звычайных шэнгенскіх візах. Атрымліваецца, цяпер гэтыя людзі вымушаны будуць прасіць палітычнага прытулку?

– Не, палякі, напрыклад, зрабілі гуманітарную візу, якая дазваляе таксама і працаваць. Мне здаецца, Літва і іншыя краіны Шэнгенскай зоны таксама ідуць у гэтым накірунку, каб, не даючы доўгатэрміновага статусу, даць магчымасць знаходзіцца неабмежаваную колькасць дзён на сваёй тэрыторыі і працаваць. Украіна таксама павялічыла тэрмін знаходжання на сваёй тэрыторыі.

– Верагодна, зараз ваша адвакацкае бюро, якое спецыялізуецца на гэтых пытаннях, без працы не сядзіць?

– Скажу так: мы спецыялізуемся на Расіі, Азербайджане, Іране, Кітаі і іншых краінах. Беларусы ніколі не былі значнай часткай нашай кліентуры. І гэта для нас тая праца, на якой мы не зарабляем. Мы проста адчуваем пэўны абавязак бясплатна дапамагаць значнай колькасці людзей, якія пацярпелі ад палітычнага пераследу.

ДЛЯ ДАВЕДКІ
Цяпер на сайце Інтэрпола ў адкрытым доступе размешчаны дадзеныя толькі трох чалавек, якіх Беларусь аб’явіла ў міжнародны вышук. Двух з іх – Андрэя Станкевіча (47 гадоў) і Вартана Авакава (68 гадоў) – шукаюць за забойства. Аляксандр Шэлепаў (36 гадоў) у вышуку за незаконны выраб, набыццё, захоўванне і продаж наркатычных прэпаратаў. Усяго ў базе Інтэрпола знаходзіцца 7546 грамадзян Беларусі.

***

З першых вуснаў

Павел ЛАТУШКА:
«Мой адвакат ужо накіраваў запыт у Інтэрпол»

Як былы чыноўнік і дыпламат Павел Латушка адрэагаваў на тое, што ягонае імя можа з’явіцца ў базах Інтэрпола? Можа, ужо гэтымі днямі адчуў нейкія нязручнасці, звязаныя з перасоўваннем паміж краінамі?

– Гэта чарговы элемент палітычнага ціску, скіраваны на тое, каб абмежаваць маю дзейнасць у пытаннях дэмакратызацыі і вырашэння тых задач, якія паставіла большасць беларускага грамадства перад нелегітымнай уладай, – так пракаментаваў “Народнай Волі” навіну пра міжнародны вышук Павел Латушка. – У мяне ёсць адвакат, і ён ужо накіраваў адпаведны запыт у Інтэрпол з мэтай магчымага абскарджвання гэтага рашэння, калі яно будзе выносіцца Інтэрполам.

На сённяшні момант я пакуль не адчуў якіх-небудзь абмежаванняў, звязаных з маёй дзейнасцю і перамяшчэннямі ў еўрапейскіх краінах. Можа быць, я не так актыўна перасоўваюся…

Публікацыя – з № 13 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: