Юрась Губарэвіч

Палітык Юрась Губарэвіч паведаміў, што рашэнне па гэтым пытанні будзе прынята ў бліжэйшы час.

Практычна штогод лідары апазіцыі традыцыйна падавалі ў Мінгарвыканкам заяўкі на правядзенне 25 сакавіка ў Мінску шэсця і мітынгу, прымеркаваных да ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ці будзе пададзена такая заяўка ў гэтым годзе? Ці пройдуць з нагоды свята нейкія мерапрыемствы?

– Пабачым, як будзе развівацца сітуацыя, бо на сённяшні дзень сустрэча нават трох чалавек з лыжнымі палкамі ў лесе разглядаецца як парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах, – кажа старшыня руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. – Улады разумеюць, што любы масавы збор людзей для іх небяспечны. Зыходзячы з гэтага, мы і будзем прымаць нейкія рашэнні па фармаце мерапрыемства.

Адразу пасля выбараў людзі не мелі нейкіх дазволаў, каб выйсці на вуліцу і выказаць сваё меркаванне, але цяпер сітуацыя іншая.

– Але ці будзеце падаваць заяўку ў Мінгарвыканкам?

– У бліжэйшыя дні гэтае пытанне абмяркуецца сярод дэмакратычных структур – палітычных партый і рухаў. Напэўна, нейкае рашэнне будзе прынята, але гэта можна ацэньваць ізноў-такі з двух бакоў.

Калі людзі выходзяць на вуліцу без дазволу гарадскіх улад, то іх штрафуюць і кідаюць “на суткі”. Але нават фармальнае атрыманне дазволу ад Мінгарвыканкама, як мне падаецца, не ўратуе сёння ад беззаконных дзеянняў з боку супрацоўнікаў міліцыі. Яны ўжо даўно не глядзяць на закон.

Таму трэба найперш кіравацца настроямі і пажаданнямі людзей. Найбольш прымальны фармат святкавання Дня Волі – гэта, напэўна, той, пры якім людзі будуць адчуваць менш абмежаванняў у выказванні сваёй пазіцыі і больш бяспекі.

Публікацыя – з № 13 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: