Так выглядае інтэрфейс ClubHouse, скрын узяты з сайта kyky.org.

Беларускія палітыкі шукаюць новыя шляхі для данясення сваіх думак і ідэй сярод людзей. Хтосьці праводзіць шосты Усебеларускі народны сход, а хтосьці — рэгіструецца ў звышпапулярнай апошнім часам сацыяльнай сетцы ClubHouse.

Паслухаць, паспрачацца, выказаць свае меркаванні ў размове са Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам і Франкам Вячоркам сабралася больш за тысячу чалавек. Гэта новы фармат — ты можаш наўпрост задаць хвалюючае пытанне палітыкам, альбо выказаць сваю думку, што трэба рабіць далей, піша “Наша Ніва”.

Дадзеная сустрэча была першай, калі фармат палічаць паспяховым, то працягнуцца яны далей. Тэма спаткання — Беларусь пасля Лукашэнкі.

«Беларусь будучыні для мяне — гэта новыя дэмакратычныя выбары. Пасля выбараў — прыняцце новай Канстытуцыі. Пабудова парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі, дзе за права фарміраваць будуць весці палітычныя партыі. Паўнамоцтвы парламента і прэзідэнта будуць прапісаныя так, каб выключыць магчымасць узурпацыі ўлады.

У эканоміцы — актыўная, рыначная эканоміка. Часткова прыватызацыя, стварэнне новых галін эканомікі, добрыя ўмовы для прыходу інвестараў. Усе пацярпелыя цягам палітычных рэпрэсій будуць апраўданыя і атрымаюць кампенсацыю», — сказаў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

«Для мяне самае галоўнае — гэта бяспека. Павел Латушка гаварыў пра ідэальную Беларусь, і шмат у каго можа скласціся меркаванне, калі мы пераможам, то ўсю адразу стане прыўкрасна. Але ж мы разумеем, што гэта не так. Мы павінны разумець, што гэта доўгі працэс, вельмі шмат работы», — адрэагавала на гэта Святлана Ціханоўская. Яна задала пытанне, з якімі галоўнымі праблемамі мы сутыкнёмся пасля выбараў?

Блогер Антон Матолька адказаў так: «Галоўная праблема — гэта судовая сістэма, адсутнасць у Беларусі незалежных судоў. Калі такая сістэма з’явіцца, то астатняе рашаць будзе нашмат прасцей».

Слухач з Каліфорніі сказаў, што гатовы выходзіць на пратэсты і пытаўся, што рабіць, калі ўлада не пойдзе на перамовы. «Мы будзем імкнуцца да перамоў, але ідэальнай сітуацыі дасягнуць будзе цяжка. Калі ўлада не пойдзе на перамовы, то ў грамадства ёсць права на самаабарону і рэагаванне іншымі законнымі метадамі на бясчынства ўладаў», — адказаў Латушка.

«Дамаўляцца патрэбна з усімі, ой, я перайшла на беларускую мову, — адказвала Ціханоўская пра магчымыя перамовы з Расіяй. — Мы адкрытыя да дыялогу, калі ў нас будуць кантакты з афіцыйнай Расіяй, то адразу раскажам».

«Вельмі цяжка перамагчы без пераходу сілавікоў на наш бок», — зазначыла Ціханоўская, калі гаворка пайшла пра рэформы МУС. Гаварылі таксама пра ІТ-сектар, пра культуру. Абмеркаванне працягнулася нават пасля таго, як з «пакоя» выйшлі ўсе палітыкі.

Поделиться ссылкой: