Якая палітычная будучыня чакае Віктара Бабарыку

668
Фота: Радыё Свабода

У тым праекце паступовага і кантраляванага транзіту ўлады, які Лукашэнка анансаваў на Ўсебеларускім народным сходзе, месца былому кіраўніку «Белгазпрамбанку» няма.

Нейкі час (у пэрыяд выбарчай кампаніі і масавых пратэстаў летам і ўвосень мінулага года) Віктар Бабарыка быў нават самым вядомым палітвязнем у свеце. Толькі цяпер на гэтую ролю выйшлі Аляксей Навальны і зрынутая ў выніку вайсковага перавароту былая кіраўніца М’янмы Аунг Сан Су Чы.

Віктар Бабарыка цягам апошніх 8-9 месяцаў з’яўляецца самым папулярным палітыкам Беларусі. Калі б у краіне адбыліся свабодныя выбары, то ён, хутчэй за ўсё, стаў бы прэзідэнтам.

Варта адзначыць, што Віктар Бабарыка не зламаўся. Ён не прызнаў віны, не пісаў прашэння аб памілаванні, адмовіўся ад угоды са следствам, адрозна ад іншых топ-менэджараў «Белгазпрамбанку». Ягонае інтэрв’ю Deutsche Welle і заява перад судом, якія трапілі на волю, пацвердзілі і нават узмацнілі імідж ураўнаважанага, цвярозага, рацыянальнага чалавека, мудрага палітыка. Турма не паўплывала на яго псіхалагічны стан.

Іншая справа, як зняволенне ўплывае на папулярнасць палітыка. Тут усё вельмі няпэўна, шмат залежыць ад стану грамадства. Самыя «заслужаныя» ў Беларусі палітычныя вязні Мікола Статкевіч і Павел Севярынец, якія сядзелі за кратамі шмат разоў і падоўгу, так і ня сталі для большасці нацыянальнымі героямі. Ды і рэйтынг Аляксея Навальнага ў Расеі (каля 20%) ня вельмі пераканаўчы. Адзіны прыклад у Беларусі, калі папулярнасьць палітыка ўзрасла цягам знаходжання ў турме — гэта гісторыя з галадоўкай Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе.

Як правіла, калі палітык у турме, то ён надоўга знікае з інфармацыйнага экрана, яго менш згадваюць у мэдыя. Гэта вядзе да зніжэння рэйтынгу. Летам, у разгар выбарчай кампаніі, Віктар Бабарыка, паводле розных апытанняў, меў падтрымку звыш 50%. А паводле вынікаў даследаванняў, якое правёў у Беларусі брытанскі даследчы цэнтр Chatham House, у сярэдзіне лістапада за гэтага палітыка гатовыя былі галасаваць 38,2%, а ў студзені — 35%.

Тактыка ўладаў адносна Віктара Бабарыкі цалкам зразумелая. У тым праекце паступовага і кантраляванага транзыту ўлады, які Лукашэнка анансаваў на Ўсебеларускім народным сходзе, месца былому кіраўніку «Белгазпрамбанку» няма.

Незалежныя мэдыя на суд не дапушчаныя. Фактычна працэс зрабілі закрытым. Хоць, здавалася б, навошта? Судзяць яго нібыта за хабар і легалізацыю даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Дык няхай бы грамадства даведалася пра гэту злачынную дзейнасць ад незалежных СМІ, якім больш давяраюць. Сам гэты факт сведчыць пра тое, што ўлады добра разумеюць: крымінальная справа Бабарыкі шытая белымі ніткамі. Таму трэба ўсё закрыць, дазаваную інфармацыю даваць толькі праз БТ.

Відавочна, што суд прызнае яго вінаватым і адправіць у турму на гады. Нават калі раптам пад уздзеяннем нейкіх абставін (напрыклад, амністыі) Бабарыка і апынецца на свабодзе, то ўсё роўна ў наступных прэзідэнцкіх выбарах ён удзельнічаць ня зможа. Бо будзе мець судзімасць.

Зразумела, калі пераможа рэвалюцыя, то ўсе расклады радыкальна памяняюцца. Хоць і ў гэтым выпадку моцным канкурэнтам Віктара Бабарыкі можа стаць Павел Латушка. Ён цяпер мае магчымасць актыўна сябе піярыць. Праўда, беларускі палітычны досвед паказвае, што давер да палітычнага эмігранта прыкметна падае, як толькі ён апынаецца за мяжой.

У сітуацыі моцнай палітычнай нявызначанасці, якая цяпер існуе ў Беларусі, магчымыя самыя нечаканыя варыянты і сцэнары.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!