Ноч ваўкоў анлайн і ў лесе

Другі ваўчыны фестываль ад грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) адбудзецца 27 лютага ў новым дэцэнтралізаваным фармаце — абраць месца ўдзелу кожны можа самастойна. Лекцыі будуць анлайн, а на экскурсіі з гідамі да сябе запрашае Белавежская пушча і аграсядзібы краіны.

Ноч ваўкоў ставіць сваёй мэтай расказаць пра значнасць ваўка для захавання здаровых экасістэм і праблему бяздумнага знішчэння драпежніка ў Беларусі.

За адукацыйную частку фестывалю адказваюць спікеры, большасць з якіх займаецца вывучэннем ваўкоў дзеля захавання іх папуляцыі ў сваіх родных краінах і ў свеце. Кожная з чатырох лекцый — гэта гісторыя ваўчыных папуляцый у асобным рэгіёне.

Фатограф National Geographic Ронан Донаван прэзентуе аўтарскі фільм пра арктычных ваўкоў, якія ніколі не ведалі пераследу з боку чалавека. Даследчык з Ірландыі Адам Сміт раскажа пра знікненне ваўкоў у яго краіне і ці ёсць надзея на іх вяртанне. Прафесар Фрайбургскага ўніверсітэта ў Германіі Марка Хойрых падзеліцца досведам таго, як аднаўлялі папуляцыю ваўка ў нацпарку “Баварскі лес”. Гісторыі з жыцця беларускіх ваўкоў раскажа каардынатар праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства ў Беларусі, заснавальнік Воўчага блога Віктар Фянчук.

Ідэя другой, афлайнавай часткі Начы ваўкоў у тым, каб людзі сабраліся невялікімі групамі на ўлонні прыроды, у аграсядзібах ці іншых месцах паблізу лесу. Пасля прагляду лекцыйнай часткі іх чакаюць начныя экскурсіі па лесе з ліхтарыкамі, пошукі слядоў ваўка і іншыя заданні ваўчынага квэста. На асобных лакацыях будуць правадыры — гіды. Астатнія змогуць арганізаваць лясную прагулку самастойна.

Галоўны ваўчыны штаб будзе ў Белавежскай пушчы, але павітацца з аднадумцамі змогуць і госці іншых ваўчыных штабоў — аграсядзіб, якія вырашылі далучыцца да Начы ваўкоў. На мапе ужо з’явіліся асобныя лакацыі, але спіс будзе папаўняцца амаль да самой падзеі. У тым ліку за кошт тых аграсядзіб, якія прапануюць сябе самі.

Далучыцца да Начы ваўкоў можна на сайце арганізатараў.

Абараняючы ваўка, робім лепей усёй дзікай прыродзе!

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»