З жонкай і сынам. Фота Арцёма Лявы

Таксама палітык распавёў, ці праводзяцца нейкія следчыя дзеянні па яго справе.

Нагадаем, што Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года. Палітыка змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, цягам лета там у яго адбылося некалькі новых судоў, дзе палітыку дадавалі ўсё новыя суткі адміністрацыйнага арышту. Севярынец павінен быў выйсці на волю 21 жніўня, але напярэдадні стала вядома пра завядзенне на яго крымінальнай справы.

Паўлу Севярынцу прад’яўлена абвінавачанне паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).

“За той час, пакуль я ў ізалятары, атрымаў больш за тысячу лістоў, – напісаў Павел Севярынец у апошнім лісце да праваабаронцы Міхаіла Пастухова. – “Следства” мае такі выгляд: досыць рэгулярна, раз на тры тыдні, мяне водзяць да падпалкоўніка юстыцыі, які марна прапаноўвае мне распісацца за правядзенне нейкіх “экспертыз” у дачыненні да іншых людзей. Ніякіх паказанняў я, натуральна, не даю, ніякіх подпісаў не стаўлю. Тлумачу падпалкоўніку, што Следчы камітэт, паводле закона, павінен расследаваць крымінальныя забойства, перавышэнне паўнамоцтваў, збіццё, незаконныя арышты і затрыманні за апошнія паўгода, а не фабрыкаваць “справы” на невінаватых. Кажу яму пра Бога. Ён адмоўчваецца і выклікае канвой”.

Таксама Павел Севярынец паведаміў, што ў ізалятары ён піша трэцюю кнігу рамана “Беларусалім”, казкі для сына, складае віктарыны, адпісвае лісты і моліцца за Беларусь.

“Лісты Паўлу носяць пачкамі штодня, не паспявае дзень у дзень адказваць, – дадае жонка палітыка Вольга Севярынец. – Працягвае пісаць Францішку казку. Хоць я дасылаю яму пазітыўную аналітыку па сітуацыі тут, але ён рыхтуецца да горшага і думае, што суд над ім будзе бліжэй да мая.

Ён заўсёды кажа: рыхтуйся да горшага, тады жыццё будзе прыемным сюрпрызам. І, ведаеце, я зараз з ім пагаджуся. Калі ты абнадзейваеш сябе, што ўсё будзе добра, то ты расслабляешся і здымаеш адказнасць з сябе, са сваіх дзеянняў. Калі наадварот, то ў цябе вызваляецца і больш сілы, і больш жадання рабіць і змяняць нешта самому. Не люблю зараз чытаць салодкую аналітыку і прадказанні, лепш буду думаць, што ў сённяшняй сітуацыі ўсё залежыць толькі ад таго, што зраблю канкрэтна я. Будзем працягваць казку пра Белага анёла, Зорку і цёмную краіну, якая робіцца светлай”.

Публікацыя – з № 12 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: