Лявон Дзейка

Учора не стала дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Лявона Дзейкі.

“Каранавірус не пашкадаваў яго”, – распавёў “Народнай Волі” старшыня БСДП Ігар Барысаў.

Лявону Дзейку быў 71 год. Яго не так даўно выпісалі з адной са сталічных клінік, дзе ён нават паспеў паляжаць у рэанімацыі.

“Ён два дні пабыў дома, потым яго зноў забралі ў клініку, ужо іншую, і ўжо адразу паклалі на штучную вентыляцыю лёгкіх, – падзяліўся з “Народнай Воляй” падрабязнасцямі Ігар Барысаў. – І ўчора яго не стала. Ягоны тэлефон апошнія некалькі тыдняў быў адключаны, мы ўсю інфармацыю атрымлівалі праз брата, які жыве ў Клецку. Той тэлефанаваў у рэанімацыю, і яму давалі інфармацыю пра стан здароўя. Наколькі я разумею, з родных у Лявона Іванавіча засталіся брат і пляменнікі. Зямля пухам, дарагі Лявон Іванавіч!”

Дзейка быў актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак. Свае апошнія пасты ў “Фэйсбуку” ён зрабіў 28 студзеня, ужо хворым на каранавірус. Гэта верш “Завяшчанне” Лермантава, які чытае Алег Даль: “Наедине с тобою, брат, хотел бы я побыть: на свете мало, говорят, мне остается жить…”, – а таксама песня Аляксандра Куллінковіча “Я памру тут…”.

“Ніхто не разумее, з якой нагоды мае апошнiя песнi…” – напісаў Лявон Іванавіч, нібыта прадчуваючы свой хуткі сыход…

З АСАБІСТАЙ СПРАВЫ

Лявон Іванавіч Дзейка (нарадзіўся 2 лютага 1950 года) – беларускі палітык і грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Інжынер-электроншчык, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Працаваў інжынерам-электроншчыкам на Клецкім механічным заводзе, быў членам КПСС, потым увайшоў у Апазіцыю БНФ «Адраджэнне». Дэпутатам быў абраны ад Клецкай выбарчай акругі.

Браў актыўны ўдзел у распрацоўцы Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, а таксама ў галадоўцы дэпутатаў апазіцыі 11–12 красавіка 1995 года супраць ініцыяванага А.Лукашэнкам рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі, скасавання статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай…

Публікацыя – з № 12 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: