Улады адрэагавалі на петыцыю супраць прызнання БЧБ-сцяга экстрэмісцкім. Нагадаем, яна з’явілася ў канцы студзеня, пад ёй падпісаліся больш за 100 тысяч чалавек. Стваральнікі адправілі яе ў Міністэрства культуры, Генпракуратуру і МУС. 12 лютага быў атрыманы адказ з Міністэрства культуры.

У петыцыі былі патрабаванні прызнаць бел-чырвона-белы сцяг гісторыка-культурнай спадчынай і перастаць прыціскаць беларусаў за гэтую сімволіку, піша “Наша Ніва”.

— Пытанні абмежавання бел-чырвона-белай сімволікі заканадаўствам аб культуры не рэгулююцца і да сферы дзейнасці Міністэрства культуры не адносяцца, — паведамляецца ў адказе за подпісам Валерыя Грамады, намесніка міністра культуры.

У лісце Грамада паведаміў, што для надання такога статусу — па Кодэксе «Аб культуры» — патрабуюцца матэрыялы фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі культурнай каштоўнасці. Без гэтага прапановы аб наданні такога статусу не разглядаюцца.

Як адзначаецца ў лісце, акрамя Кодэкса «Аб культуры» павінны ўлічвацца патрабаванні Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

— Сцягі сярод пералічаных элементаў у Канвенцыі не прадстаўлены і ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў адсутнічаюць. Такім чынам, падставы для ўключэння бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць.

Поделиться ссылкой: