Аляксей Барысаў

Адміністрацыйную справу супраць Барысава разглядала суддзя Ленінскага суда Магілёва Наталля Панасенка. З агучаных ёю матэрыялаў вынікала, што пра сцяг на балконе 4 снежня міліцыі па тэлефоне паведаміў невядомы.

У пратаколе адзначана, што ўладальнік кватэры «ўзяў удзел у масавым мерапрыемстве, пікетаванні, праз размяшчэнне на балконе палатна тканіны бел-чырвона-белага колеру». Вывешванне сцяга міліцыя расцаніла як публічнае выказванне Барысавым сваіх грамадска-палітычных настрояў. У кватэры падчас вобшуку забралі камп’ютар, тэлефон, а таксама тое, што міліцыя палічыла «агітацыяй» і «апазіцыйнай атрыбутыкай».

Віны Барысаў не прызнаў. Ён заявіў, што ягоная кватэра не з’яўляецца публічным месцам, таму, згодна з заканадаўствам, ён можа яе ўпрыгожваць як захоча, не ствараючы перашкоды суседзям. Акрамя таго, адзначыў абвінавачаны, за балкон ён плаціць як за дадатковую жыллёвую плошчу. Абвінавачаны нагадаў суду, што 19 верасня 1991 года бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі прызнаны дзяржаўнымі. Барысаў настойваў, што, вывесіўшы сцяг, «ніякіх пратэстаў не выказваў і ні да чога не заклікаў», а пікеты, паводле яго пераканання, праводзяцца толькі ў публічных месцах.

Суддзя падтрымала пазіцыю міліцыі і пакарала абвінавачанага штрафам у 35 базавых велічынь. З пастановы суда не было зразумела, ці вернуць Барысаву забраны падчас вобшуку сцяг. Яна адзначыла, што выяўленыя ўлёткі з выявай Ціханоўскай належыць знішчыць, а іншую маёмасць, пералічаную ў пратаколе вобшуку, пакінуць у Ленінскім аддзеле міліцыі для выканання судовай пастановы.

«Людзі інакш думаць не пачнуць»

У суд Аляксей Барысаў прыйшоў з рэчамі, гатовы да арышту. Вырак суддзі Панасенка называе «мяккім», але збіраецца яго абскарджваць, бо лічыць, што ён неправамерны і палітычна матываваны. Паводле меркавання Барысава, сцяг вісеў на ягоным балконе ад 29 лістапада.

На ягоную думку, бел-чырвона-белы сцяг для ўлады – сімвал пратэстаў, таму і намагаюцца запалохаць людзей пакараннямі, каб яго не ўздымалі і не вывешвалі. Магіляўчанін упэўнены, што такія дзеянні не дадуць плёну, бо «людзі інакш думаць не пачнуць». Найбольш актуальная для ўлады праблема – напружанасць у грамадстве, выкліканая сацыяльнай несправядлівасцю, лічыць Барысаў.

«Я шмат езджу ў аўтобусах і бачу, хто працуе кандуктарамі, – ілюструе ён сваё разуменне сітуацыі. – Гэта жанчыны і мужчыны пенсіённага веку. Яны зарабляюць сабе і дапамагаюць грашыма дзецям. Няўжо гэтыя людзі заслужылі такога жыцця, каб на схіле веку мерзнуць у аўтобусах?»

Пад навагоддзе звольнілі з працы

Барысаў прыгадвае, што адзін з супрацоўнікаў Ленінскага аддзела міліцыі, які займаўся ягонай справай, паабяцаў яму на навагоддзе «падарунак» у выглядзе звальнення з працы і вялікі штраф, каб «зразумеў, каго трэба любіць, паважаць і за каго галасаваць».

Абяцанні міліцыянта неўзабаве спраўдзіліся. Барысаў кажа, што праз два тыдні пасля вобшуку яго выклікаў дырэктар прадпрыемства «Магілёўгіпразем», дзе ён працаваў амаль 14 гадоў глебазнаўцам, і прапанаваў самому паставіць дату ў падрыхтаванай ужо заяве аб звальненні «па згодзе бакоў».

«Ён сказаў, што я добры хлопец, але нехта мяне падбіў на тое, што іду не той дарогаю», – згадвае словы кіраўніка прадпрыемства Барысаў.

Ён адзначае, што яму спачатку дазволілі адпрацаваць студзень, а ў лютым мусіў пайсці ў адпачынак, пасля якога на працу ўжо не выходзіць. Але дамоўленасць парушылі, змусіўшы яго звольніцца да Новага года. 30 снежня ў яго быў апошні працоўны дзень. Барысаў лічыць, што на адміністрацыю прадпрыемства націснулі, каб тая хутчэй спыніла з ім працоўныя адносіны.

Барысаў лічыць сябе высокакваліфікаваным спецыялістам і мяркуе, што прадпрыемства хутка адчуе недахоп такога адмыслоўца. За гады працы ў «Магілёўгіпраземе» ён аб’ехаў палову вобласці, трымаў у руках, аналізаваў у лабараторыі розныя віды мясцовай глебы, пазначаў адметнасці на мапе.

«Хачу адзінага: каб законы былі аднолькавыя для ўсіх»

Прысуд суддзі Панасенка не першы для Аляксея Барысава. Раней яго ўжо штрафавалі за ўдзел у пратэставай акцыі на 405 рублёў. Сплаціць штраф, паводле прызнання майго суразмоўцы, дапамаглі неабыякавыя да ягонага лёсу людзі, якіх ён «бязмежна паважае».

Барысаў кажа, што падчас маршаў адчуваў згуртаванасць ды салідарнасць пратэстоўцаў. Агульнае ўзрушэнне нагадвала яму калектыўную малітву ў царкве за перамены.

Паводле слоў Барысава, яго стаўленне да ўлады пачало мяняцца, калі сутыкнуўся з абыякавасцю чыноўнікаў да патрэб простага чалавека. Апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, але яго адфутболілі. Пасля гэтага зразумеў, што сітуацыю ў краіне трэба мяняць.

«Неяк у РАУС міліцыянт мне даводзіў: калі не падабаецца тут жыць, то магу з’ехаць адсюль, – кажа Аляксей Барысаў. – Я адказаў яму, што нарадзіўся тут і буду жыць тут. Хачу адзінага: каб законы былі аднолькавыя для мяне і для вас». Днямі ён гутарыў з тымі, хто з’ехаў з Беларусі, і пажадаў ім найхутчэйшага вяртання на радзіму, дзе жыццё стане людскім.

Фатаграфуе птушак і дзікіх жывёл

Аляксей Барысаў са школьных гадоў захапляецца фатаграфаваннем. Гэта дапамагае зняць стрэс ад падзей апошняга часу. Здымае горад, людзей, прыроду. Каб рабіць фотаздымкі птушак і дзікіх жывёл, ездзіць па ўсёй Беларусі.

«Мяне захапляе азарт фотапалявання», – заўважае мой суразмоўца. – Ад прыгожага кадра я адчуваю ўнутранае задавальненне».

Мужчына падкрэслівае, што найбольш цешыцца, калі ягоныя здымкі падабаюцца дачцэ. Неяк выйграў у адным з конкурсаў парасон, і пра гэты поспех дачка расказвала ўсім, з кім гутарыла.

Хоць Барысаў жыве ў горадзе, ягоная прафесія звязана з прыродай і сельскай гаспадаркай. У 1997 годзе ён скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «селекцыя і генетыка сельскагаспадарчых культур». Вывучыўся на агранома. Працаваў у цяплічнай гаспадарцы, калгасе і лясніцтве.

(Паводле Радыё Свабода.)

КАМЕНТАРЫЙ

“Народная Воля” запыталася ў дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Праектны інстытут “Магілёўгіпразем” Генадзя Баркоўскага, чаму ён звольніў работніка Аляксея Барысава. Ці былі падставы для таго, каб скасаваць з ім кантракт, акрамя палітычных?

“Прычыны – гэта справа толькі наймальніка і спецыяліста, – коратка і ўпэўнена адказаў Генадзь Георгіевіч Баркоўскі. – Таму каментарыяў па тэлефоне мы ніякіх даваць не будзем”.

Суддзя Ленінскага суда Магілёва Наталля Панасенка таксама не захацела выказвацца пра справу Аляксея Барысава.

“Судовае рашэнне ёсць, там усё напісана, – сказала Наталля Валер’еўна “Народнай Волі”. – Якія яшчэ каментарыі могуць быць?”

Публікацыя – з № 11 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: