Кацярына Дзегцярова і Яўген Кірыла ў зале суда. Фота аўтара.

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 12 лютага працягваўся разгляд гучнай крымінальнай справы пра карупцыю. У ёй двое абвінавачаных – былая начальніца ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Кацярына Дзягцярова і заснавальнік прадюсарскага рэкламнага цэнтра “Арт Ворк” Яўген Кірыла. Першая атрымлівала хабары за арганізацыю канцэртаў расійскіх поп-выканаўцаў і своечасовыя разлікі па дамовах, другі – даваў хабары.

У крымінальнай справе фігуруюць канцэрты расійскіх эстрадных поп-зорак – Стаса Міхайлава, Крысціны Арбакайтэ, Стаса П’ехі, Валерыі, Алега Газманава ды іншых.

У апошнім слове перад вынясеннем прысуду даўца хабару распавёў суду пра цяжкасці “вывядзення прадзюсарскага цэнтра ў лідары ва ўмовах канкурэнцыі”. Знаходжанне пад следствам, паводле Кірылы, стала для яго сур’ёзным выпрабаваннем.

“Калі б не прайшоў праз СІЗА, не прайшоў праз пісьмы жонкі і дзяцей, то, магчыма, і не ўсвядоміў бы ўсё да такой глыбіні. Гэтага не забыць ніколі. Мэта праваахоўных органаў – перапыненне правапарушэнняў дасягнута. Віну поўнасцю прызнаю. Раскайваюся. Высновы зроблены адназначна і назаўсёды”, – прызнаваўся ў судзе Кірыла. Ён прасіў таксама прызначыць яму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Пра гэта ж прасіла суд у апошнім слове і экс-ідэолаг гарвыканкама Кацярына Дзегцярова. Яна сцвярджала, што ў “жыцці дастаткова адной сітуацыі, каб перавярнуць усё з ног на галаву”. Заяўляла таксама, што яе “жыццё пачалося нанова”. Віну сваю 36-гадовая жанчына прызнала поўнасцю. Пераканана, што дзеянні яе нельга апраўдаць, але расцэньвае іх як “шанец пераасэнсавання каштоўнасцяў”. Казала пра свой “працагалізм”, пра “вяртанне даходу, атрыманага злачынным шляхам”. А яшчэ заяўляла пра адказнае стаўленне да сваёй працы. Маўляў, дзеянні яе не заўсёды мелі асабістую выгаду.

“Дзесьці мне хацелася зрабіць добрую справу, дзесьці гэта было абумоўлена адсутнасцю іншых магчымасцяў, але метады і рашэнні я выбрала няправільныя. Адказнасці з сябе не здымаю. Разумею, што як кіраўнік несла поўную адказнасць за ўчыненыя дзеянні”, – прызнавалася Дзегцярова.

Яна таксама распавяла суду, што ў яе развілася рэдкае захворванне, якое звязана з неперанасімасцю глютэна – патрабуецца догляд і лячэнне. Але больш за ўсё былая начальніца ідэалагічнага ўпраўлення турбуецца за дачку і бацькоў-пенсіянераў. З гэтай прычыны і прасіла суд не звязваць яе пакаранне з пазбаўленнем волі і даць магчымасць “прыносіць карысць грамадству”.

З крымінальнай справы бачна, што, пачынаючы з верасня 2014 і ажно да затрымання ў сярэдзіне сакавіка 2020 года, Дзегцярова атрымлівала грошы ад прадстаўнікоў прыватных кампаній, якія займаліся арганізацыяй канцэртаў. Нешта накшталт “ўзнагароды” за перамогу ў конкурсных кірмашах і сваечасовую аплату па дамовах.

Следства ўстанавіла каля дзесятка эпізодаў хабару на агульную суму амаль 4 тысячы долараў плюс падарункі – смарт-гадзіннік і планшэт.

І Дзегцярова, і Кірыла адмовіліся ад каментароў “Народнай Волі” наконт абставінаў абвінавачвання.

Суд Чыгуначнага раёна мае агучыць вырак у карупцыйнай справе на будучым тыдні.

Поделиться ссылкой: