Аляксандр Страх

І чаму старшыня выбарчай камісіі Яўген Макарэвіч трапіў у бальніцу

Пераступіўшы парог маладзечанскай СШ №5, я міжволі спыніўся ў прасторным фае. Са сцяны насупраць на мяне строга і патрабавальна глядзелі Янка Купала, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Цётка… Не з зашклёных партрэтаў, як гэта звычайна бывае ў школах, а з мазаічнага дзесяціметровага пано, выштукаваныя ў поўны рост. Здавалася: вось-вось падыдуць і пачнуць распытваць пра сталічныя навіны. Ілюзія іх прысутнасці сапраўды была неймавернай – хвала невядомаму майстру мазаікі. Агледзеўшы яго зроблены на вякі твор (мазаіка з гранітных каменьчыкаў надзвычай трывалая), я нібы прайшоў праз нейкі своеасаблівы дэтэктар позіркаў з беларускай вечнасці. Дзіўнае пачуццё, праз якое я ледзь не забыўся пра мэту свайго візіту ў школу, дзе 9 жніўня мінулага года размяшчаўся выбарчы ўчастак №29.

Перамогу на ім атрымала Святлана Ціханоўская, за якую прагаласаваў 741 маладзечанец (А.Лукашэнка набраў 620 галасоў). Участкаў з падобным вынікам у горадзе было чатыры. Здавалася б – прагаласавалі, падлічылі, здалі і забылі. Але забыць падзеі паўгадовай даўніны не атрымліваецца дагэтуль – старшыню выбаркама – дырэктара СШ №5 Яўгена Макарэвіча – неаднойчы выклікалі ў гарвыканкам. Размовы там засталіся таямніцай, але ў выніку пажылы чалавек, які адпрацаваў на дырэктарскай пасадзе 22 гады, апынуўся ў бальніцы. І, як паведамілі мне ў тэлефоннай размове калегі-настаўнікі, відаць, надоўга. І нязменна дадавалі: “Шкада, вельмі шкада Яўгена Васільевіча – ён выдатны кіраўнік і залаты чалавек”.

Што ж насамрэч адбылося ў школе пасля галасавання і пазней? Спаткацца і патлумачыць сітуацыю пагадзіўся настаўнік фізкультуры, член выбаркама Аляксандр Страх, чый стаж у СШ №5 нават большы, чым дырэктарскі, – 24 гады. Ён сустракае мяне прыязна, з усмешкай.

Ці не ўпершыню бачу перад сабой фізкультурніка, які карыстаецца беларускай мовай. “Я ж і ўрокі па-беларуску вёў!” – толькі і паспявае прызнацца Аляксандр Уладзіміравіч, як у прыёмную дырэктара, дзе мы адасобіліся для гутаркі, упэўненым крокам заходзіць участковая міліцыянерка. Дзябёлая кабета з дубінкай на паясніцы. У прыёмнай яна шукае… зніклага без вестак мясцовага бамжа, чыё фота даволі бесцырымонна тыцкаецца нам у твар. Падазрона скасіўшы вока на маю бел- чырвона-белую шапку і сурова запытаўшыся, “пачаму мужыкі не ўстаюць у прысуствіі дамы”, міліцыянерка цікавіцца, “што ў вас тут за мерапрыяціе”. Не ведаючы, што ў “дамы з дубінкай” наўме, мой візаві спакойна патлумачвае, што сёння ў школе – дзень сустрэчы выпускнікоў, і вось прыехаў здалёку адзін з былых вучняў…

Застаўшыся ўдвух, мы вырашаем перадыслакавацца ў больш зацішнае месца і ідзём вузкімі калідорамі кудысьці ўніз. Зачапіўшы галавой нізкую бэльку, я рыхтуюся ўбачыць змрочнае бамбасховішча, але мы нечакана ўваходзім у залітую святлом спартыўную залу. Так, падземная спартзала – яшчэ адна адметнасць СШ №5. “Тут нам ніхто не перашкодзіць”, – па- гаспадарску прычыняе дзверы настаўнік, і я дастаю дыктафон.

– Аляксандр, я сустракаўся і гутарыў з членамі выбаркамаў у Віцебску і Ракаве – там улады спрабавалі перашкодзіць праўдзіваму падліку галасоў. А як было ў вас?

– У нас ніхто не перашкаджаў. На ўчастку нязменна прысутнічалі назіральнікі, у тым ліку незалежныя, ніхто іх за дзверы не выдаляў. Усе ад самага пачатку былі настроены, каб выбары адбыліся сумленна, без падману. Прыйшло вельмі шмат моладзі галасаваць – усе з белымі стужачкамі, узбуджаныя, у чаканні перамен. Шмат людзей стаяла перад школай, чакаючы абвяшчэння вынікаў. Мы падлічылі бюлетэні сумленна, і атрымалася, што з даволі вялікім адрывам перамагла Святлана Ціханоўская.

– Ніхто не спрабаваў вас застрашыць, неяк націснуць?

– Наколькі мне вядома, не. Як мяне можна застрашыць, я сам Страх (смяецца). У касцёл хаджу, хлусня ці ілжэсведчанне для мяне – грэх. Камісія лічыла толькі ў прысутнасці назіральнікаў. Праўда, чамусьці вельмі доўга, гадзіны дзве-тры, старшыня камісія з намеснікам і сакратаром дакладвалі вынікі па тэлефоне вышэй. Ну і нас, усіх астатніх членаў камісіі, не адпускалі. Але потым дырэктар выйшаў, адпусціў нас і паехаў здаваць пратаколы.

– А ваша камісія была сфарміравана з настаўнікаў?

– Не толькі. Напрыклад, быў адзін супрацоўнік ваенкамата. У камісію ўваходзілі людзі з рознымі палітычнымі поглядамі. Былі і такія, якія выступалі за Лукашэнку. Скажам, мой калега, настаўнік гісторыі Максім Самаль. Ён нават не дапускаў магчымасці, што Ціханоўская можа перамагчы.

– Але выніковы пратакол падпісаў?

– Падпісаў. А куды яму было дзявацца? Мы ж нікога не падманвалі – палічылі так, як было. З яго ўдзелам. Быў незадаволены, але падпісаў.

– Дык а што адбылося пасля? Па Маладзечне хадзілі чуткі, што вашага дырэктара звольнілі.

– Яўген Васільевіч Макарэвіч – вельмі паважаны ў нашым педкалектыве і ва ўсім горадзе чалавек. У тым ліку за сваю справядлівасць. Вось і на выбарах праўду адстаяў. Мы ведаем, што пачаўся ціск на яго, ён быў вымушаны напісаць заяву на звальненне. Яе ў аддзеле адукацыі потым “згубілі”. Бо быў рэзананс па горадзе, бацькі абурыліся, што звальняюць такога выдатнага педагога. І ў выніку ён застаўся працаваць на сваёй пасадзе. Праўда, здароўе стала даваць збоі. Шкада Яўгена Васільевіча, мы з 1998 года працуем разам.

– А як дырэктар ставіцца да выкладання вашага ўрока па-беларуску?

– Нармальна ставіцца, падтрымлівае мяне. Праўда, я вёў фізкультуру на беларускай мове раней. Пра мяне нават пісалі ў раённай газеце, артыкул называўся “Пачынальнік”. У нашай школе тады працаваў вядомы грамадскі актывіст Лявон Цімохін, ён таксама мне дапамагаў, даў слоўнік. Бо мне цяжкавата спачатку даводзілася. Напрыклад, як скамандаваць “Ноги врозь!”? “Ногі паасобку!” – на першых уроках выклікала смех, а пасля ўсе прывыклі. Вельмі добра мяне дзеці разумелі. Я нават даваў адкрыты ўрок па-беларуску для фізкультурнікаў усяго горада. Разумееце, наша школа з пэўнымі нацыянальнымі традыцыямі, вы ж бачылі мастацкую галерэю ў фае. І ранейшы дырэктар Ананій Асіповіч трымаўся тых традыцый. Але з цягам часу, калі нават гісторыю Беларусі Мінадукацыі дазволіла выкладаць па- руску, я быў вымушаны зноў вярнуцца да рускай мовы. У маёй беларушчыне ніхто з маладзечанскіх фізкультурнікаў мяне не падтрымаў. І ўсё ж спадзяюся, што родная мова яшчэ вернецца ў нашу спартыўную залу.

Спадара Страха, якога немагчыма застрашыць, неаднойчы пераваблівалі ў іншыя навучальныя ўстановы, больш прэстыжныя. Але ён амаль чвэрць стагоддзя застаецца верны сваёй школе, куды прыйшоў маладым спецыялістам пасля заканчэння Мінскага інстытута фізічнай культуры. Не здраджвае ён і прынятым у душу з юнацтва хрысціянскім запаветам, адзін з якіх гучыць, як вядома, “не хлусі”. А ён быў дужа актуальны 9 жніўня на тысячах выбаркамаў па ўсёй Беларусі. Застаецца актуальным і сёння – на шматлікіх судовых працэсах. Толькі адным хапае духу трымацца таго запавету, а другім – не…

Праводзячы да выхаду, Аляксандр Страх з гонарам прытрымлівае мяне каля мазаічнага пано, і нам у вочы зноў глядзяць класікі – як святыя з абразоў. Зноў я адчуваю сябе як на рэнтгене, нават хочацца “ўдыхнуць і не дыхаць”. Прыпыніўшыся каля Максіма Багдановіча, я ўголас прыгадваю яго радкі-запытанне: “Брацця, ці зможам грамадскае гора? / Брацця, ці хваце нам сілы?” І мой праважаты яшчэ галасней, каб чула “дама з дубінкай”, якая штосьці высвятляе з вахцёркай, паглядваючы ў наш бок, адказвае: “Зможам! Сілы назапасім і зможам”. І мне падаецца, што з гэтымі словаміпагаджаюцца ўсе класікі на сцяне.

Публікацыя – з № 11 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: