Фота: instagram.com/sos_by_2020/

Сяргей Кавальчук – чалавек, безумоўна, спартыўны. Гуляе ў більярд, бегае на лыжах. Былы вайсковец, з 2004 года працаваў у Службе бяспекі прэзідэнта. У сакавіку 2018 года быў прызначаны міністрам спорту.

Сярод спартыўнай грамадскасці ўжо далёка не навіна, што на гэту пасаду прызначаюць людзей, пра існаванне якіх самі спартсмены раней не здагадваліся. У крэсле міністра спорту пабывалі экс-начальнік аддзела фізкультуры і спорту Мінаблвыканкама Алег Качан, былы міністр унутраных спраў і экс-намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Юрый Сівакоў, намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Шамко

Усіх іх кідалі на барыкады, як у часы вайны, ды і рыторыка гэтых міністраў не адрознівалася ад ваеннай: “Стаяць ад апошняга – за намі Радзіма! Лавіць шайбу зубамі! Патрыятызм – на першым месцы!” Але спартсмены вышэй галавы ўсё роўна не скакалі. У выніку ўсё заканчвалася тым, што гэтых палымяных прамоўцаў адпраўлялі на іншы фронт работы, а на іх месца прыходзілі новыя – не менш таленавітыя.

Напрыклад, Сяргей Кавальчук днямі агучыў проста сенсацыйныя факты пра сярэбранага прызёра Алімпіяды, вядомую плыўчыху Аляксандру Герасіменю. Як вядома, спартсменка займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, узначальвае Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, хаця пасля выбараў у мэтах бяспекі была вымушана з’ехаць за мяжу.

“Пачынаеш разбірацца з лёсам той жа Герасімені – і таксама ўзнікаюць пытанні, – заявіў міністр спорту адной дзяржаўнай газеце. – 2003 год. Допінг. 4 гады дыскваліфікацыі. Але раптам скарачаюць тэрмін удвая. Нонсэнс, які ніхто толкам растлумачыць так і не змог. З чаго б гэта такі атракцыён нечуванай шчодрасці? Дзе і з кім удалося дамовіцца?

Яшчэ адна вяха жыццёвага шляху – тры гады падрыхтоўкі ў ЗША. З кім там мела зносіны, хто апрацоўваў, якія абяцалі ганарары? І чаму менавіта яна цяпер узначаліла гэтыя фонды ў Вільнюсе? Калі ўсе гэтыя факты выбудаваць у адзін лагічны ланцужок, то прасочваецца некаторая заканамернасць. Спецслужбы не спяць, працуюць, і метады іх уздзеяння на сваіх агентаў бываюць розныя.

…У маім разуменні не можа спартсмен, які заўсёды падтрымліваў дзяржаву, абараняў яе гонар на міжнароднай арэне, раптам рэзка і ў корані памяняцца, запеўшы зусім іншую песню”.

Вось гэта бомба! Калі б Кавальчука не прызначылі міністрам спорту, то мы, магчыма, да гэта часу не даведаліся б, каго на сваіх грудзях прыгрэў беларускі спорт. Аказваецца, Аляксандра Герасіменя толькі маскіравалася пад “залатую рыбку”, а на самай справе гэта не больш не менш – агент, якога ў свой час апрацавалі ці то ў Амерыцы, ці то ў іншай краіне.

Ну не можа ў Беларусі чалавек, які “бараніў гонар дзяржавы на міжнароднай арэне, раптам рэзка і ў корані памяняцца”. І тут можна з міністрам пагадзіцца, калі разумець пад словам “дзяржава” аднаго чалавека, які ніяк не хоча “расціскаць пасінелыя пальцы”. А калі, як Аляксандра Герасіменя, пад гэтым словам мець на ўвазе сваю зямлю і народ, які на ёй жыве, дык ніякай супярэчнасці няма. Калі дзяржава (паводле Кавальчука) хлусіць у вочы, збівае і забівае грамадзян, людзі пачынаюць “бараніць гонар дзяржавы” (паводле Герасімені), змагаючыся з гэтым.

Але, на думку міністра спорту, спартсмен увогуле можа мець толькі тое меркаванне, якое палічыў правільным нехта наверсе. Працягвае ўпарціцца? Тады ён як мінімум агент замежных спецслужбаў. А абяскроўліваць беларускі спорт, выкідваючы таленавітых і выніковых спартсменаў, якія думаюць “не так”, – гэта, відаць, паводле меркавання чыноўніка, найвышэйшая праява патрыятызму.

Зрэшты, апошнім часам мы ўбачылі столькі абсурду, што ўжо нічога не здзіўляе. Да гэтага трэба ставіцца спакойна, як, напрыклад, экс-варатар зборнай Беларусі па футболе Генадзь Туміловіч. Той не так даўно даў параду і міністру спорту, і іншым спартыўным функцыянерам: “Вы б, таварышы, сабраліся дружна – і на … са спорту, да заходніх межаў, дзе ляскаюць гусеніцы танкаў”.

Публікацыя – з № 11 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: