Яраслаў Кот

Выкладчыка БДУ па юрыдычнай этыцы абвінавацілі ў лаянцы ў пад’ездзе і арыштавалі на 15 сутак.

Былога выкладчыка кафедры крыміналістыкі БДУ Яраслава Кота сілавікі затрымалі 9 лютага, а ў яго кватэры правялі ператрус. На ноч Яраслава змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна, паведамляе “Наша Ніва” са спасылкай на праваабаронцаў.

Сёння яго справу па арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства) разглядала суддзя Марына Фёдарава ў судзе Савецкага раёна Мінска. На судзе стала вядома, што яго абвінавацілі ў тым, што днём 9 лютага ён нібыта лаяўся ў пад’ездзе свайго дома.

Па пратаколе Яраслаў «наўмысна з хуліганскіх памкненняў стаў выказваць незадаволенасць працай супрацоўнікаў унутраных справаў, размаўляў на падвышаных тонах, выказваў у адрас супрацоўнікаў кепскія словы».

Але ў выкладчыка іншая версія: «У 12.10 пачуў інтэнсіўны званок у дзверы, ён падышоў, каб даведацца, хто там. Вочка было нечым закрыта, таму ён папрасіў адкрыць яго і паказаць пасведчанне, але замест яго ўбачыў чорныя сілуэты. Ён прыадчыніў дзверы, і на яго адразу накінуліся. Ён спалохаўся, што яго выкрадаюць, і пачаў крычаць суседзям, каб выклікалі міліцыю. Людзі, якія яго затрымлівалі, былі ў чорнай вопратцы, кепках і масках». У сувязі з чым супрацоўнікі ГУБАЗіКа правялі ператрус, пакуль невядома.

Яраслаў распавёў, што яго павалілі на падлогу і ціснулі на патыліцу і шыю, а потым зашпілілі кайданкі. З 18.45 да 00.00 Яраслаў правёў у бетоннай камеры.

Суддзя прызнала Яраслава вінаватым па арт.17.1 КаАП і прызначыла 15-сутачны арышт.

Яраслаў Кот вучыўся ў Ельскім універсітэце ў ЗША і ў БДУ. Выступае з лекцыямі ў бізнэс-школе ІПМ, займаецца юрыдычным суправаджэннем бізнэсу. Да верасня працаваў на кафедры крыміналістыкі юрфака БДУ.

Поделиться ссылкой: