Сяргей Законнікаў

2021 год абвешчаны ў Беларусі Годам народнага адзінства. Здавалася б, пасля такога рашэння ўлады павінна зменшыць абароты і рэпрэсіўная машына, запушчаная пасля мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў. На жаль, гэтага не адбылося. Навошта і каму патрэбна чарговая нічым не падмацаваная дэкларацыя? Пра гэта ды іншыя надзённыя праблемы мы пагутарылі з вядомым паэтам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Сяргеем ЗАКОННІКАВЫМ.

– Сяргей Іванавіч, пасля абвяшчэння едінств Савет міністраў нават зацвердзіў адмысловую праграму, у якой пазначаны ажно 106 розных вялікіх і малых мерапрыемстваў . Як вы ставіцеся да такой ініцыятывы?

– У нас абвяшчаецца то Год малой радзімы, то Год роднай мовы, то вось цяпер Год адзінства. Я гэта лічу непатрэбным і неэфектыўным. Чалавека трэба выхоўваць з маленства так, каб ён любіў сваіх бацькоў, родзічаў, народ, родную мову, гісторыю, малую і вялікую радзіму, быў патрыётам. А абвяшчаць гады – гэта проста чыноўніцкая мітусня. Правялі, паставілі ў плане птушачку, а далей і трава не расці. У Беларусі сёння топчуцца сумленнасць, праўдзівасць, нарастае тузанне паўсюль: ад эканомікі да культуры. Навошта было ў 1995-м расколваць моўным рэферэндумам народ, які быў знясілены русіфікацыяй, але пакрысе стаў ачуньваць? Навошта было адпрэчваць гістарычныя сімвалы і замяняць іх на “навадзелы”? Каб у 2021-м праводзіць Год адзінства?..

– А што трэба зрабіць, каб у Беларусі сапраўды настала народнае адзінства?

– У жнівеньскія дні 2020 года я разам з жонкай Ліляй удзельнічаў у чатырох маршах. Гледзячы на радасныя ўсмешкі соцень тысяч людзей, асабліва дзяўчат і жанчын, на прыгожыя сцягі, выявы Пагоні, мне падалося, што ў гэтыя хвіліны ў краіну вяртаецца душа нацыі, настае тое самае сапраўднае адзінства. Але неўзабаве светлыя дні былі заслонены “чорнымі людзьмі”. Без дэмантажу дыктатарскай сістэмы ў Беларусі не будзе ніякага адзінства.

– Кожны дзень у краіне праходзяць суды, абвяшчаюцца жорсткія прысуды, адбываюцца ператрусы ў розных беларускіх асяродках, людзей выклікаюць на допыты. Відавочна, улада хоча запалохаць народ, каб збіць хвалю вясновых пратэстаў. Як вы лічыце, ёй гэта ўдаецца?

– У гэтыя дні я разам з усімі жыву ў стане пастаяннага стрэсу. Кожны дзень прыносіць змрочныя весткі. Цынізм і нахабства дыктатара, лютасць сілавікоў зашкалілі. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было. Безумоўна, нельга пастаянна быць героем, зноў і зноў ісці пад дубінкі і кулі. Але пратэсты, нягледзячы на запалохванні, працягваюцца, беларусы не здаюцца і павінны перамагчы.

– Калі? Вясной? Ці верыце вы, што, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, на вуліцы, як і мінулым летам, выйдуць сотні тысяч пратэстоўцаў?

– Веру. Рэжым, акрамя крывавых злачынстваў, якія не забудуцца нават праз стагоддзі, зрабіў стратэгічную памылку – замахнуўся на годнасць беларусаў. Прыніжэнне чалавечай годнасці яму не даруецца ніколі. Беларусы вясной, я перакананы, абавязкова выйдуць, бо цвёрдыя духам.

– Як, на вашу думку, уплывае сітуацыя ў Расіі на беларускі крызіс? Падобна, што расійскія сілавікі проста тупа пераймаюць досвед беларускіх у справе стрымлівання пратэстаў.

– На жаль, Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца ў зоне ўплыву Расіі, што ў прынцыпе абразліва для краіны, але гэта рэальнасць, з якой нельга не лічыцца. Лукашэнка і Пуцін намерыліся кіраваць да смерці – пры дапамозе сілавікоў. Ваенная дыктатура бывае і не генеральскай, як у пакутнай М’янме. Афіцыйна можна яе не аб’яўляць, усё ж жывём не ў Азіі, Афрыцы ці Паўднёвай Амерыцы. Але што ад гэтага мяняецца? Беларускія і расійскія сілавікі “варацца ў адным чыгуне”, абменьваюцца вопытам, праводзяць сумесныя вучэнні. Яны атрымалі зверху дазвол на гвалт, абяцанне беспакаранасці, а таму так разышліся. Тым не менш за злачынствы давядзецца адказваць усім – і кіраўнікам, і выканаўцам.

– Нядаўна прайшлі 100-я ўгодкі Івана Шамякіна, які, мяркуючы па яго дзённіках, вельмі перажываў за тое, што пачало адбывацца ў Беларусі ў другой палове 1990-х. У справе абароны беларускай мовы, Саюза пісьменнікаў (тады адзінага) ён напісаў некалькі лістоў Лукашэнку. Ні на адзін адказу не атрымаў. Калі вы працавалі ў ЦК КПБ (вярхоўнай на той час уладзе), нешта падобнае магло мець месца?

– Я добра ведаў Івана Пятровіча Шамякіна. Ведаю, што ён пісаў лісты Лукашэнку шчыра і з душэўным болем. Ён думаў, што яго пісьменніцкая папулярнасць сярод чытачоў, аўтарытэт у грамадстве дапамогуць вырашыць узніклыя праблемы. Крыўдай на няўвагу Лукашэнкі да яго Шамякін двойчы дзяліўся са мною. Пасля развалу СССР, развенчвання савецкіх міфаў палітычныя погляды ў нас былі розныя, але чалавечыя стасункі заставаліся прыязныя. У час маёй працы ў аддзеле культуры ЦК КПБ усё было іначай. Машэраў хадзіў па Мінску з адным ахоўнікам, а ў будынак, дзе знаходзіцца цяпер адміністрацыя Лукашэнкі, мог трапіць з пропускам любы грамадзянін. Тады не адказаць на ліст ці скаргу было проста немагчыма. Нават за пратэрміноўку з адказам строга спаганялі. А тут!.. Не адказаць народнаму пісьменніку, акадэміку, Герою Сацыялістычнай Працы, былому франтавіку – гэта проста бесчалавечна!

– І гэта пры тым, што спачатку стаўленне Шамякіна да Лукашэнкі было цалкам станоўчае. Вось запіс у яго дзённіку за 12 жніўня 1994 года: “Выступленне прэзідэнта па ТБ мне спадабалася. Ва ўсялякім разе – метад размовы: шчырасць, адкрытасць, даверлівасць”.

– Тым больш немагчыма зразумець такіх абыякавых адносін. Хачу тут сказаць колькі слоў і пра Шамякіна як кіраўніка пісьменніцкай арганізацыі. Ён клапаціўся пра маладых пісьменнікаў. Скажам, калі я на апошнім курсе БДУ пісаў дыпломную працу “Максім Багдановіч – крытык украінскай літаратуры”, то Іван Пятровіч паклікаў да сябе ў Саюз пісьменнікаў і сказаў: “На табе, Сяргей, пуцёўку ў Дом творчасці “Каралішчавічы”. Галодныя вы, студэнты. Едзь, там хоць катлеціну добрую з’ясі”.

– Вы, напэўна, ведаеце гэтую гісторыю. Калі ў свой час, пры Машэраве, хацелі даць званне народнага пісьменніка аднаму творцу з сумнеўнай рэпутацыяй, то Пімен Панчанка пайшоў да старшыні Саюза пісьменнікаў Броўкі і сказаў: калі яму дадуць, я адмоўлюся ад звання, і ты таксама! Калі нядаўна Лукашэнка даў ордэн Скарыны матушцы Гаўрыіле, ніхто з нашых ардэнаносцаў і не пікнуў… Ці прыведзеная мною паралель не зусім дарэчная?

– Відаць, усё ж не зусім дарэчная. Мой сусед па пад’ездзе Пімен Панчанка, з якім я меў гонар сябраваць, быў надзвычай таленавіты і да апошняй крывінкі нацыянальны паэт. А яшчэ вельмі праўдзівы і бескампрамісны чалавек. Яго “паход” да Броўкі ў згаданай вамі справе грунтаваўся на варунках сталінскіх гадоў. У часы сталінскага масавага тэрору ў спецслужбаўскую цёмную валтузню былі ўкручаны і пісьменнікі: асобныя даносілі, а лепшыя, смелыя і такія ж праўдзівыя, як Панчанка, былі расстраляны або сядзелі ў ГУЛАГу. Прыгадваючы той выпадак, хачу ўдакладніць, што Пімен Емяльянавіч выказаў тады сваё меркаванне не толькі ў Саюзе пісьменнікаў, але і кіраўніцтву рэспублікі. І прапанова, якую актыўна прабіваў адзін увішны, меркантыльны працаўнік ЦК, была адхілена. Што да вашага параўнання, то сённяшняя ўлада ўзнагароджвае не за заслугі, а за паслугі.

– Сотні сумленных людзей, выдатных спецыялістаў у сваёй галіне, апынуліся без працы (згадайма лекара-акадэміка Мрочака). Вы ў свой час прайшлі праз вымушанае беспрацоўе. Што сёння можаце параіць тым, каго выкінулі з прафесіі?

– Ніколі не апускаць рукі, шукаць выйсце. Калі мяне чарговым разам занеслі ў чорны спіс і ў 32 (!) месцах не ўзялі на працу, то я зарабляў на хлеб самымі рознымі спосабамі. Нешта пісаў, рэдагаваў, не цураўся чорнай працы, нават займаўся літаратурнай даводкай доктарскай дысертацыі па медыцыне. Такія спецыялісты, як Аляксандр Мрочак, – унікальныя, яны абавязкова будуць запатрабаваны. Сёння галоўнае, каб была прафесійная і чалавечая салідарнасць, каб людзі не баяліся яе выяўляць.

– Беларускае грамадства абурыла абяцанне Генпракуратуры забараніць бел-чырвона белы сцяг як экстрэмісцкі. Калі гэта адбудзецца, як адаб’ецца на пратэстным руху, і ці дыскрэдытуе неяк сцяг у вачах народа?

– Можна забараніць усё, але толькі не само жыццё. Цяперашні афіцыйны сцяг з 1951 года мянялі шэсць разоў, апошні варыянт зроблены наспех, як кажуць, “на калене”. А герб афіцыйны з 1920 года перараблялі сем разоў. А бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня прайшлі праз стагоддзі, усё перажылі. І нікчэмных дачаснікаў-ненавіснікаў тым больш перажывуць!

– Сярод 20 вашых кніг ёсць зборнік “Бяседа”, дзе ў вершы “Чалавек і мора” Максім Багдановіч, паміраючы ў Ялце, звяртаецца да мора: “Ведаю, хутка згару, / хоць не паспеў уславіць / жыцця маланкавы міг… / Чуеш, мора? Жыве Беларусь!”. Зборнік выдадзены ў 1973-м. Гэты лозунг тады не лічыўся экстрэмісцкім?

– І заклік “Жыве Беларусь!” застанецца назаўсёды. У гады маёй маладосці існавалі суполкі, якія гэты лозунг выкарыстоўвалі. Здараліся факты пераследу “за нацыяналізм”, але ніхто не лічыў экстрэмісцкім купалаўскія словы “Жыве Беларусь!”. Калі Лукашэнка і яго цэрберы супраць слоў Купалы, значыць, яны хочуць, каб Беларусь не жыла, а сканала. Урэшце дзеянні ўзурпатара і яго хаўруснікаў якраз і вядуць у той бок…

– Праз некалькі дзён у Мінску адбудзецца гэтак званы ўсебеларускі народны сход. У вашым разуменні ён мае нейкую легітымнасць?

– Гэта не народны сход, а наменклатурнае мерапрыемства, якое скіравана на ўтрыманне Лукашэнкам улады. Як і сам ён, яно, на маю думку, нелегітымнае.

– І апошняе пытанне. Калісьці Уладзімір Караткевіч, які даваў вам рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў, узрушана выгукнуў: “Хай лепей ніколі не будзе краіны, / чым будзе краіна без волі!” Ці згодны вы з такой высновай класіка?

– Трэба ведаць натуру Караткевіча, каб адэкватна рэагаваць на яго эмацыйныя выказванні. Ён быў максімалістам, рамантыкам, перажыў у душы лёсы ўсіх сваіх герояў, у тым ліку і Кастуся Каліноўскага… І сёння многія з нас у цяжкія хвіліны тузаюцца ў амплітудзе ад шчаслівай эйфарыі да змрочнага песімізму. Ніколі нельга давярацца крайнасцям, на поспехі і няўдачы варта рэагаваць стрымана. Адна з галоўных рысаў беларускага характару – цягавітасць. Да сітуацыі, у якой сёння знаходзяцца беларусы, лепш падыходзяць менш трагічныя, але разумныя і мужныя радкі Караткевіча: “Калі мы не ўстанем самі, / Нас не падыме ніхто”.

Публікацыя – з № 10 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: