Сяргей Калякін

Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» адмовілася ад удзелу ў так званым Усебеларускім народным сходзе, які адбудзецца 11–12 лютага. «Народная Воля» з гэтай нагоды задала некалькі пытанняў лідару партыі Сяргею Калякіну.

– Сяргей Іванавіч, ваша імя ёсць у спісах тых, каго паклікалі ў Палац Рэспублікі…

– Так, я атрымаў запрашэнне. Спачатку па тэлефоне, а потым на электронную пошту. Дакладней, гэта партыя атрымала запрашэнне, таму што запрашалі не грамадзяніна Калякіна, а старшыню партыі.

– Партыя сказала: «Не!» Можаце растлумачыць, чаму?

– Я лічу, што там няма чаго рабіць па шэрагу прычын. Па-першае, калі мне патэлефанавалі з запрашэннем, я адразу запытаўся: ці будзе магчымасць выступіць? З адказу зразумеў, што выступіць не дадуць. Значыць, прапаноўваецца ўдзельнічаць у якасці статыста і сваёй прысутнасцю ўжо як бы згаджацца з усім тым, што там будзе адбывацца. Але мы, напрыклад, абсалютна не згодны з планамі сацыяльна эканамічнага развіцця на пяць гадоў, якія там будуць абмяркоўвацца. Таму што прапануецца, груба кажучы, зацягванне паясоў і практычна адсутнасць развіцця нашай краіны. Ну і па іншых пазіцыях, якія там будуць абмяркоўвацца, у нас ёсць пытанні… Ужо чуюцца размовы пра тое, што нібыта не патрэбна ніякая рэформа Канстытуцыі і гэтак далей.

Улада разумее, што мы маем іншы пункт гледжання, але разам з тым выказацца нам не дадуць.

Па-другое, фарміраванне складу гэтага сходу, на мой погляд, парушае правы палітычных партый. І нам прапаноўваюць пагадзіцца з тым, што мы патрапім туды праз чорны ўваход. Хоць паводле заканадаўства палітычныя партыі атрымліваюць квоту і самі павінны дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў на падобнага кшталту сходы. Гэтага не зроблена, дэлегаты наогул абраны па-за ўсталяваным законам парадкам, парушана легітымнасць. Таму ўдзельнічаць ва ўсім гэтым, я лічу, немэтазгодна.

– Ці не баіцеся, што потым у ваш бок паляціць шмат папрокаў: маўляў, бачыце, мы ж іх запрашалі, а яны, такія-растакія, адмовіліся:

– Правільна вы кажаце. Але ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе – гэта адно з тых пытанняў, якое, груба кажучы, не мае ідэальных рашэнняў.

Дзяржаўная прапаганда будзе трубіць: іх запрашалі, а яны не пайшлі, значыць, не хочуць ісці на дыялог. Аднак мы тлумачым, што не адмаўляемся ўдзельнічаць у законным мерапрыемстве, дзе можна паўплываць на ход падзей, на настроі тых, хто там прысутнічае. А проста быць у якасці мэблі або інтэр’еру – гэта не зусім правільна для палітычнай партыі.

Яшчэ раз хачу падкрэсліць: запрашаюць туды не грамадзяніна Калякіна, а кіраўніка палітычнай партыі, якая сёння мае ўплыў на значную частку беларусаў. Удзельнічаць у тым, што потым прынясе шкоду людзям, у тым ліку тым, хто нас падтрымлівае, асабіста я не лічу правільным і мэтазгодным.

– Беларуская апазіцыя традыцыйна адмаўлялася ісці на БТ, таму што не было прамога эфіру. Калі верыць Лукашэнку, Усебеларускі сход будзе два дні транслявацца ў прамым эфіры. Значыць, можна падысці да любога мікрафона і сказаць усё, што вы хочаце. І калі вас адцягне ад гэтага мікрафона кіраўнік АМАПа Балаба альбо намеснік міністра ўнутраных спраў Карпянкоў, то гэта ўбачыць уся краіна.

– Мікрафона ў зале можа і не быць – дагэтуль пытанне не вырашана. Ці яго будуць трымаць тыя, хто ведае, каму яго можна даваць. І ніхто вас не пачуе. А прамая трансляцыя будзе накіравана на трыбуну і чалавека, якога мы ўсе ведаем. Ёсць сцэнарый, я выдатна ўяўляю, як рыхтуюцца мерапрыемствы такога маштабу. Усё вызначана: хто будзе выступаць, каму дадуць слова, а каму не. Тым больш мне адказалі, што магчымасці выступіць не будзе.

А змагацца з ахоўнікамі за мікрафон я не хачу. Потым скажуць, што мы шалёныя людзі, арганізавалі скандал і што нас у прыстойнае грамадства пускаць нельга. Дарэчы, у нашай партыі ёсць і іншы пункт гледжання – што ісці трэба. Але ніхто не можа мне даць адказ на пытанне, што мы зможам вырашыць і змяніць, калі туды пойдзем. Таму яшчэ раз кажу: адказ на пытанне, ісці ці не ісці на Усебеларускі сход, не мае ідэальнага рашэння.

Публікацыя – з № 10 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: