Ігар Ляшэнка. Фота TUT.BY

У сеціве распаўсюдзілася стужка: новы дырэктар ААТ “Гродна Азот” Ігар Ляшэнка пераконвае рабочых паставіць свае подпісы пад зваротам супраць увядзення краінамі ЕС санкцый.

Пачаў ён з “даходлівага” аргумента:

– Паглядзеў штатны расклад і ведаю, колькі ў нас лішніх людзей.

Праўда, якія людзі лішнія – аб гэтым ні слова. Людзі зашавяліліся, і адна з работніц запыталася: ці праўда, што тых, хто не падпіша гэты ліст, звольняць?

– Гэта мая асабістая пазіцыя. У нас наперадзе сур’ёзная барацьба, – адказвае дырэктар.

І як на пераканаўчы аргумент сваёй асабістай пазіцыі абапіраецца на Біблію:

– Калі Ісус хлеб ламаў, ён кашы маннай не раздаваў чужым войскам, а дзяліўся толькі з тымі, хто быў з ім. Я зраблю дакладна таксама. Маё сумленне чыстае.

Для тых, хто дрэнна разумее альбо да каго не адразу даходзіць, дырэктар прыводзіць іншыя аргументы:

– Я прапаноўваю тым, хто не хоча, каб быў мір і парадак у нашай дзяржаве, пакінуць гэтае прадпрыемства.

Вось так, з наскоку, як гаспадар, без усякіх там разжоўванняў і паўтораў. З’явіўся чалавек ледзь не з космасу і адразу рубануў. А запытацца, як вы тут жывяце, аб чым думаеце, з чым не згодны, што будзем рабіць далей, каб паправіць справы, – гэта, вядома, дробязі.

Зрэшты, жнівень 2020-га паказаў, што стаўка ў адносінах улады да народа робіцца не на паразуменне, а на добра вядомыя бальшавіцкія метады: хлусню, прапаганду, запалохванне, рэпрэсіі, тэрор. І не думаю, што на тым жа “Гродна Азоце” нехта з тых, хто адмаўляецца ставіць свой подпіс, не разумее, з кім мае справу і на што гэтыя людзі здольны.

Але ёсць пытанні да дырэктара. Навошта збіраць подпісы пад зваротам да краін ЕС, з якімі беларускія ўлады ні ў якіх хаўрусах не ўдзельнічаюць, палітыку якіх не прызнаюць і якія іх прызнаваць не хочуць?

У Ляшэнкі ёсць адказ і на гэта:

– Вы разумееце, што санкцыі – гэта вайна? Вас адурылі дурманам пад назвай “санкцыі”, нібыта яны дапамогуць. Бо я бачу ўхмылкі тых, хто з намі размаўляе, заходнія банкіры паўнавартасна з намі працаваць больш не будуць.

Аказваецца, са слоў таго ж Ляшэнкі, калі заўтра ўвядуць санкцыі, сыравіну давядзецца набываць і пасля прадаваць праз пасрэднікаў. І такім чынам паскорыцца “працэс пагружэння прадпрыемства ў бездань”.

Выходзіць, што нам без іх дрэнна і нават немагчыма. Але жыць па правілах
цывілізаванага свету нам таксама не падыходзіць, бо мы лепш за ўсіх ведаем, як трэба.

І ў заключэнне зусім шчыра:

– Я матэматык-эканаміст. Гатовы не эмоцыямі разважаць, я чакаю, калі нехта з апазіцыі сядзе са мной і раскладзе матэматычную мадэль, з чаго нам ад гэтых дэструктыўных метадаў стане лепш.

Як гэта можна зразумець – як запрашэнне да дыялогу? Хаця неабавязкова. Але нават для матэматыка-эканаміста, калі ён кіруе 10-тысячным калектывам, эмоцыі былі б зусім не лішнія. Бо як без іх разабрацца, чаму пад лістом аб непрызнанні Усебеларускага народнага сходу падпісаліся больш за 1300 азотаўцаў, а пад заявай праўладнага прафсаюза супраць санкцый – усяго каля 200 чалавек?

Такое часам здараецца, і гэта вялікая прыкрасць для кіраўнікоў пэўнага маштабу, якія народжаны руліць масамі, але зусім не разумеюць, што рабіць з вольнымі людзьмі.

Публікацыя – з № 10 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: