Крыж Эдуарда Зарыцкага

151
Крыж Эдуарда Зарыцкага
Эдуард Зарыцкі

Таленавітым, высакародным, дасціпным застаўся ў памяці кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, з якім добры лёс падараваў мне нямала сустрэч, творчых кантактаў, сумесных паездак. Зрэшты, з іх, шматлікіх, так бы мовіць, дзелавых вандровак, і пачыналіся нашы сяброўскія, стасункі.

У 1986 годзе Эдуард, якога ў колах творчай інтэлігенцыі проста і сардэчна называлі Эдзікам, знайшоў мяне і прапанаваў разам з ім і Яраславам Еўдакімавым выступаць па лініі таварыства кнігалюбаў (была такая арганізацыя) з канцэртамі. Тады ён з сям’ёю жыў у Зялёным Лузе, недалёка ад мяне. Якая мне адводзілася роля ў нашай тройцы? Чытаць вершы. Якраз быў час гарбачоўскай перабудовы, як мне тады здавалася, «пара выгнання з кабінетаў усіх дзялкоў і прайдзісветаў, пара высакароднай мэты і непадкупнага пяра». Я падзякаваў Зарыцкаму і даў згоду выступаць, разумеючы, вядома, сваю адказнасць запявалы: я павінен быў распачынаць канцэрты.

З Эдуардам было зручна і камфортна ў любой дарозе, у любым гатэлі і перад любой публікай. Паўсюль ён быў дужа надзейны – і за рулём свайго легкавіка (мы за два гады аб’ездзілі амаль усю Беларусь), і на сцэне перад перапоўненымі заламі. У палацах культуры збіралася па 500–700 чалавек. Людзі за маленькую плату (уваход каштаваў адзін савецкі рубель) ахвотна ішлі развеяцца ад палітычнай неразбярыхі, хоць на нейкія імгненні адысці ад змрочных падзей – афганскай бойні, у якой калечыліся і гінулі нашы хлопцы, паслячарнобыльскай смуты, рассакрэчанай трагедыі Курапатаў…

Праграма Зарыцкага ўсякі раз папярэднічала выступленню Еўдакімава. Ужо тады шырока вядомы кампазітар знаёміў слухачоў-гледачоў з залацінкамі сваёй творчасці, акампанаваў і напяваў (дарэчы, у яго быў добра пастаўлены голас) па куплеце і прыпеве з шэрагу песняў на вершы Ніла Гілевіча, Уладзіміра Някляева, Сяргея Грахоўскага, Уладзіміра Карызны ды іншых беларускіх паэтаў, распавядаў цікавыя гісторыі са свайго жыцця і шматграннай дзейнасці.

Я нярэдка бываў дома ў Эдуарда, любаваўся ідэальнай атмасферай у яго сям’і, чуў ласкавы голас ягонай жонкі Таццяны (і, калі б не ведаў, ніколі не падумаў бы, што яна пакутавала ад высокага артэрыяльнага ціску), бачыў, як захапляецца музыкай і спевамі дачушка Ліначка – тады яна паступіла ў музычную вучэльню.

Пазней, калі не стала Таццяны, а Ліна выйшла замуж, Эдуард пераехаў у бацькоўскую кватэру (раён плошчы Перамогі). Тут ён даглядаў свайго бацьку Барыса Артамонавіча, выдатнага майстра па рамонце гадзіннікаў. Гэта быў рослы, хударлявы, сімпатычны чалавек, які, як быў маладзейшы, любіў граць на трамбоне і скрыпцы. Дарэчы, у дзяцінстве недарэмна будучага кампазітара прымушалі граць на скрыпцы; пасля хлопчык прафесійна асвойваў баян і раяль.

Увогуле ўся сям’я Зарыцкіх не абыходзілася без музыкі. Мама Эдуарда, Ала Навумаўна, добра грала на фартэпіяна і спявала, працавала ў дзіцячым садку – праводзіла заняткі музыкі і спеваў. Сястра Эдуарда, Яўгенія, выхавала ў сабе дзіцячага кампазітара. Яна пражывае ў Санкт-Пецярбургу. Добрым спецыялістам, займеўшы беларускую музычна-педагагічную адукацыю, стала Ліна, дачка Эдуарда і Таццяны Зарыцкіх. Яна цяпер жыве ў Германіі (зямля Спаарланд). Там прадаўжальніца вядомай дынастыі музыкантаў працуе з харамі і салістамі, дае канцэрты. Ганарыцца бацькам. Аказваецца, ён пералажыў для фартэпіяна сусветныя хіты, перадаў дачцэ неацэнныя рукапісныя ноты.

А сваю музыку Эдуард ствараў натуральна, як дыхаў. Што да нашых творчых кантактаў, то яны пачаліся з 1998 года, калі ён зацікавіўся асобай Адама Міцкевіча. Папрасіў паказаць мае пераклады вершаў і санетаў нашага польскамоўнага генія. Я прынёс усё, што на той час меў. І неўзабаве Эдуард мяне знаёміў з мелодыямі ладнага цыкла песняў «Адкажы, родны Нёман». Гэты цыкл прагучаў у Вялікай зале філармоніі нашай сталіцы да двухсотгоддзя з дня нараджэння Міцкевіча. Зладзіў праграму Міхась Фінберг са сваім цудоўным калектывам музыкаў і артыстаў-спевакоў.

Пазней Эдуард Зарыцкі прыгледзеўся да маіх вершаў, у выніку ў нас з ім з’явіўся шэраг песняў: «Трэлі салаўя», «Імклівая рака», «Любімы мой» ды іншыя. Іх пранікнёна выконвае Галіна Грамовіч. Апошні сумесны твор мы здзейснілі ў 2017 годзе, юбілейным для слынных песняроў зямлі беларускай, народных паэтаў Бацькаўшчыны – Коласа і Купалы.

Эдуард выдатна адчуваў красу роднай мовы, быў дужа патрабавальны творца, дамагаўся ад паэтаў якасных вершаў, якія станавіліся ці маглі стаць песнямі.

У апошнія гады жыцця знакаміты кампазітар усё часцей звяртаўся да твораў нашых класікаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна. Як правіла, у мяне браў зборнікі неабходных яму вершаў. Шчымліва-ўзрушальна гучыць песня «Будзьма» на словы Рыгора Барадуліна ў выкананні Якава Навуменкі. Яна ў нейкім сэнсе прарочая ў адносінах да лёсу ўсёй знанай тройцы. Не стала Навуменкі, пасля – Барадуліна. Няма ўжо з намі і Зарыцкага. А песня адбылася. Ёсць і будзе! Бо яна – з ліку неўміручых твораў, якіх у спадчыне Эдуарда Барысавіча багата.

Я нярэдка бываю ў Доме дружбы, куды нас з Эдуардам некалі ласкава ўвяла Ніна Сямёнаўна Іванова, дырэктар гэтай дружалюбнай установы: ён разам са мною шчыраваў у таварыстве «Беларусь–Украіна». Перад кожнай вечарынай, якіх тут ладзіцца нямала, гучыць лагодная тэматычная песня на словы Сяргея Панізніка, крылы якой даў ён жа, Эдуард Зарыцкі.

Сэрца знанага кампазітара адгукалася на самыя розныя праявы, падзеі, справы. У 2017 годзе мне пашанцавала узяць з ім удзел у двух турах «Залатой калекцыі беларускай песні», якой шмат гадоў запар займаецца «Сталічнае тэлебачанне» з нястомна ўлюбёнай у музычнае мастацтва Людмілай Палкоўнікавай. У жніўні мы пабывалі ў старажытным Полацку, а ў лістападзе – у Маладзечне. Гучалі нашы песні, і мы выходзілі на паклон. На такія паездкі ён не шкадаваў ні часу, ні сіл. І на дарогу ў два канцы ў яго ставала запасу добрых жартаў, анекдотаў, усмешак. Таленавіты, высакародны, дасціпны – так пра яго думаюць многія.

Цяпер мы ўсе, хто добра ведаў Эдуарда Зарыцкага, зразумелі ягоную мужнасць – сястрыцу вялікай любові да людзей. Як сказала мне спадарыня Ліна, анкалогія выявілася ў лютым. Але нават самым блізкім сябрам ён не казаў пра гэта. Нават М.Я.Фінбергу, з кім штодня перамаўляўся, сказаў пра бяду ці не за тыдзень да сыходу… Дачка хацела прыехаць з замежжа, каб дапамагаць, ды ён забараніў: «Я толькі больш буду перажываць!» Ён перанёс дзве хіміятэрапіі, праз тыдзень, 14 чэрвеня 2018 года, збіраўся прайсці трэцюю. Але не вытрымала сэрца.

Успамінаецца такі факт: працяглы час даглядаў Эдуард нямоглага жончынага бацьку, які пасля доўга прабыў у коме. Нялёгкі гэты крыж пранёс кампазітар мужна да канца. Яго высакароднасці і самаахвярнасці не было мяжы. Пэўна, найперш таму музыка Зарыцкага дапамагае людзям жыць.

Васіль ЖУКОВІЧ, пісьменнік.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!