Дырэктар ФК «Гарадзея» Аляксандр Марчанка распавёў «Народнай Волі», чаму яны спынілі існаванне і як прыйшлі да гэтага.

У мінулым сезоне “Гарадзея” ў чэмпіянаце Беларусі фінішавала ў вышэйшай лізе на 13- м месцы. З фінансаваннем былі праблемы і раней, але да заканчэння першынства дацягнулі.

Як аказалася, на гэтым усё і скончылася. Хаця кіраўніцтва клуба, відаць, да апошняга цешыла сябе нейкай надзеяй, бо з’явілася такое паведамленне: “З-за таго, што ў СМІ з’яўляецца інфармацыя аб звальненні работнікаў футбольнага клуба “Гарадзея”, лічым неабходным удакладніць: у сувязі з тым, што Гарадзейскі цукровы камбінат выходзіць са складу заснавальнікаў ФК “Гарадзея”, клуб вядзе перамовы аб змене заснавальніка. Лістоў з боку цукровага камбіната аб звальненні работнікаў, як раней пісалі ў СМІ, не паступала – гаворка ішла аб прыпыненні падаўжэння кантрактаў з асобамі, у якіх завершаны тэрмін дзеяння працоўных пагадненняў. Аб далейшых кроках па рэарганізацыі клуба мы будзем паведамляць дадаткова”.

Кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў таксама выказаўся пра гэтую сітуацыю: “Усе клубы спансіруюцца мясцовымі органамі ўлады. Колькі яны змогуць ўтрымліваць? Я не ведаю. Змогуць ўтрымліваць “Гарадзею” – значыць, змогуць. Не змогуць – значыць, яны адмовяцца ад гэтага. Пакуль афіцыйнай адмовы ад “Гарадзеі” мы не атрымалі. Але не страшна, нават калі ў чэмпіянаце будзе не 16, а 15 каманд”.

– На сённяшні дзень сітуацыя такая, што ў нас практычна ўсе звольнены, – кажа дырэктар ФК “Гарадзея” Аляксандр МАРЧАНКА. – Застаўся я на пасадзе дырэктара і галоўны бухгалтар, мы рыхтуем дакументы для ліквідацыі клуба. Далей перададзім паўнамоцтвы ліквідацыйнай камісіі і таксама звольнімся.

– Але ж была інфармацыя, што клуб вядзе перамовы аб змене заснавальніка…

– У гэтым накірунку ішла пэўная праца, але не атрымалася. У мінулым годзе таксама была досыць складаная фінансавая сітуацыя, хаця выкараскаліся. Зараз нам сказалі, што ў цукровага камбіната няма сродкаў, каб утрымліваць “Гарадзею”.

– Былі перадумовы для такога развіцця падзей?

– Тое, што цукровы камбінат выйдзе са складу заснавальнікаў, было вядома яшчэ ў мінулым годзе. Быў варыянт, што зменіцца заснавальнік клуба і новым стане райвыканкам, для таго каб захаваць дзіцячую спартыўную школу з мінімальнай базай. Але райвыканкам таксама адмовіўся.

– Што будзе з дзіцячай футбольнай школай?

– Там працавалі дзевяць трэнераў, на мінулым тыдні ўсе яны былі таксама звольнены, і, наколькі мне вядома, з іх працаўладкаваліся пакуль толькі два чалавекі. А футбольная школа расфарміравана.

– Футбалісты “Гарадзеі” разбегліся па іншых клубах?

– Хтосьці – так, але некаторыя да гэтага часу шукаюць працу. А вось трэнеры пакуль не запатрабаваны.

– З усімі разлічыліся?

– На сённяшні дзень перад крэдыторамі, ігракамі, трэнерамі і іншымі работнікамі ніякіх запазычанасцяў няма.

– Сумная сітуацыя з клубам атрымалася…

– Для мяне яна і сумная, і нават трагічная, бо не здолелі захаваць мінімальную структуру клуба – ДЮСШ. Можа быць, надышлі б лепшыя часы, знайшліся б фінансы, і каманда магла б заявіцца хаця б у другую лігу. А так разбураецца ўсё пад корань.

– Пасля выбараў некаторыя футбалісты “Гарадзеі” выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, а, напрыклад, нападаючы каманды Расціслаў Шавель два разы быў на “сутках” за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Можа быць, за гэта вырашылі пакараць каманду?

– Не думаю. Яшчэ да гэтых падзей было вядома, што канцэрн “Белдзяржхарчпрам”, у які ўваходзіць і Гарадзейскі цукровы камбінат, пазбаўляецца няпрофільных актываў, якім і з’яўляецца клуб. Вось і пазбавіліся.

– На ваш погляд, ці магчыма адраджэнне “Гарадзеі”?

– Калі б захавалася ДЮСШ, то яшчэ была б нейкая надзея. Таму нават калі з’явіцца чалавек, які захоча развіваць футбол у раёне, то ўсё давядзецца пачынаць з нуля.

Публікацыя – з № 10 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: