Хоць не ходзяць там трамваі, ды папера ўсё стрывае

Падчас суда над Дзмітрыем Дубковым “Мінсктранс” выставіў яму іск на 21,8 тысячы рублёў: маўляў, падчас пратэсту замінаў руху грамадскага транспарту, у тым ліку трамваям.

У “Мінсктрансе” фінансісты

Ледзь не ўпалі ў лёгкі транс.

А чаму? Намёк празрысты

Атрымаў-пачуў “Мінсктранс”

(Пэўна, ўсё ж ад пракурора):

– За начны ўчарашні бунт

Хай нацдэмы цяпнуць гора,

Хай спазнаюць ліха фунт.

І хоць з бучы той не бачу

Я для вас вялікіх страт,

Ды рыхтуйце справаздачу:

Страт, маўляў, задужа шмат!

Мы, вядома, іх на нары,

На Акрэсціна, пашлём,

Толькі мала гэткай кары,

Вы агрэйце іх рублём –

Хай працуюць без зарплаты…

Як загад гучаў намёк.

Скуль жа ўзяць такія страты?

Сталі ўсе напружваць клёк.

І ад штурму мазгавога

Атрымаўся добры плён:

Страт прыдумалася многа,

Хоць, на жаль, не на мільён.

Вось, напрыклад, злыдзень нейкі

(Ён, відаць, такі бугай!)

Паламаў-паквэцаў рэйкі,

І не мог хадзіць трамвай.

Справаздачу неўзабаве

Пракурору аддалі.

Быў працэс па гэтай справе.

Анямеў народ, калі

Пракурор назваў з імпэтам

Тыя страты ўсім на ўздзіў,

Бо трамвай у месцы гэтым

Проста зроду не хадзіў…

***

Як дурнота – цераз край

Ці разруха ў галаве,

Дык па Свіслачы трамвай

Пры патрэбе паплыве…

 

Не прынялі б у піянеры за хуліганскія манеры

Жыхар Гродна спаліў 18 смеццевых бакаў. Свой учынак растлучамыў тым, што хацеў успомніць дзяцінства і піянерскія кастры.

Ён рос яшчэ ў СССР

І шанаваў часіны тыя.

Не ўздзіў, што нават і цяпер

Гучала слова “піянер”

Як словы “сімвал” і “святыня”.

Часцей за ўсё з тае пары

Шчаслівілі ўспаміны-хвалі,

Як піянерскія кастры

Душу і цела сагравалі.

Забаў нямала ля кастроў –

Была фантазія багатай.

І ў мужыка бурліла кроў,

Калі прыгадваў зноў і зноў

Вабносці піянерважатай.

І кожны дзень па тых кастрах

Яго даймала настальгія.

Нарэшце ён адолеў страх,

І думкі грэшныя, благія

Запаланілі галаву,

Далі штуршок яго намерам:

“Той час нанова пражыву,

Як зноў пабуду піянерам!

Няхай жа полымя кастроў

Абудзіць наша пакаленне!”

Ды дзе ж набрацца столькі дроў?

У горадзе адно каменне…

І цюкнула ідэя ў скронь,

Што ёсць жа смеццевыя бакі.

Калі ахопіць іх агонь,

Падзівіцца любы і ўсякі.

І кожны, пэўна, будзе рад –

Кастры гарэцьмуць да дасвецця,

Бо бакаў тых навокал шмат,

А ў іх, на шчасце, многа смецця.

…Гараць, як некалі, кастры,

Святло ад іх увысь нясецца!

І птушкаю ў яго ўнутры

Ад шчасця трапятала сэрца.

***

Дух піянерскі час не сцёр,

І ў ідэалы тыя ж верыў,

Ды за такі пажар-касцёр

Яго пагналі б з піянераў…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Поделиться ссылкой: