Андрэй Дзмітрыеў

Адзін з лідараў кампаніі «Гавары праўду» распавёў «Народнай Волі», чаму ён не пойдзе на Усебеларускі народны сход.

– Запрашэнне на сход мне прыйшло, але рашэнне ў кампаніі прымалі калегіяльна, – кажа Андрэй Дзмітрыеў. – Найперш трэба сказаць, што напярэдадні мы даслалі ў аргкамітэт па падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу тры свае прапановы, для таго каб зрабіць гэтае мерапрыемства не проста інструментам падтрымкі чыноўнікамі Лукашэнкі, а ўсё-такі пляцоўкай, дзе магчыма весці пэўны дыялог.

Наша першая прапанова – унесці працэдуру вылучэння на сход кандыдатаў ад народа шляхам збору подпісаў. Другое – прапанавалі сумесна і адкрыта фарміраваць парадак дня мерапрыемства. Трэцяе – мы хацелі, каб у аргкамітэт былі ўключаны структуры грамадскіх арганізацый і апазіцыйных партый.

Калі б былі выкананы хаця б гэтыя тры ўмовы, то сход мог бы стаць пляцоўкай для дыялогу, дзе можна было б абмеркаваць перспектывы развіцця краіны. Але ўсе нашы прапановы былі цалкам праігнараваны.

– Ці будзеце вы ў такім выпадку браць удзел у гэтым форуме?

– Мяне запрасілі нават без права голасу, без права выступіць на роўных. Сход становіцца пляцоўкай дэманстрацыі падтрымкі Лукашэнкі, а мы не падтрымліваем тую палітыку, што праводзіцца сёння ў краіне. Таму на сход я не пайду.

На яго, магчыма, варта было б ісці, калі б можна было выступіць з трыбуны. А зараз рэжым проста хоча, каб прадстаўнікі апазіцыі папрысутнічалі на мерапрыемстве ў якасці мэблі. Такая перспектыва мяне не вабіць.

Не выключаю, што зараз прапагандысты пачнуць трубіць у сваіх СМІ, што апазіцыя, маўляў, адмовілася ісці на дыялог, але, паўтаруся, да дыялогу гэтае мерапрыемства не мае ніякага дачынення. Сёння паміж грамадствам і тымі, хто пры ўладзе, ідзе раскол. І каб яго зменшыць, трэба не фэйкавыя мерапрыемствы праводзіць, а на самай справе пачынаць размову аб будучым Беларусі. Мы да такой размовы гатовы. Іншы бок спрабуе яе падмяніць дарагімі, але бессэнсоўнымі мерапрыемствамі. Не бачу сэнсу гэта падтрымліваць.

– На ваш погляд, навошта наогул праводзіць такі грандыёзны форум?

– Па сутнасці гэта другая інаўгурацыя Лукашэнкі, спроба даказаць, што ў яго ёсць народная падтрымка. Хаця дэ-факта народнае ў гэтым сходзе толькі тое, што ён аплачваецца з народных грошай.

Публікацыя – з № 10 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: