Віталь Прохараў пасля прысуду. Фота spring96.org

На два гады выхаваўчай калоніі асудзілі 17-гадовага Віталя Прохарава за падзеі 10 жніўня.

Як паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі ПЦ “Вясна”, хлопца вінавацілі ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка МУС (арт. 364).

У Жлобіне вынесены прысуд падлетку: два гады выхаваўчай калоніі
Фота: spring96.org

У абвінавачанні пракурор Андрэй Аношка адзначыў, што 10 жніўня Прохараў шпурлянуў камень у аўтазак, чым прычыніў матэрыяльную шкоду аўтамабілю (820 рублёў).

10 жніўня Віталь Прохараў быў затрыманы амапаўцамі і, па ягоных словах, быў моцна збіты. Пасля яго адпусцілі дадому, а неўзабаве абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП РБ і аштрафавалі.

Сам Прохараў падчас дачы паказанняў у судзе сказаў, што ён не кідаў камень, але каб “папіярыцца ў сваім інстаграме” пахваліўся, што пабіў лабавое шкло аўтазака. Гэта запісаў на мабільны яго прыяцель і выклаў у “Тэлеграм”.

Сёння праз скайп апыталі яшчэ аднаго “сакрэтнага” сведку, змяніўшы яго імя, голас і адрас. На пытанне адваката, ці бачыў ён момант кідання Прохаравым камня ў аўтазак, адказаў, што сам момант не бачыў. Але пасля гэтага пракурор удакладніў: “Дык кідаў ці не камень Прохараў?”. І сведка адказаў, што кідаў.

Адвакат абвяргаў прад’яўленыя абвінавачванні і настойваў на апраўдальным прысудзе, але суддзя Ірына Прадун прысудзіла два гады выхаваўчай калоніі.

Поделиться ссылкой: