Фота: www.zviazda.by

Ужо хутка тыдзень, як стала вядома пра затрыманні сяброў былога прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, а таксама меркаваныя пытанні органаў бяспекі да яго самога.

З таго часу ў публічнай прасторы Румас не з’яўляўся. Па інфармацыі «Нашай Нівы», ён знаходзіцца ў Брытаніі, куды паляцеў на дзень народзінаў старэйшага сына Валерыя напярэдадні кампаніі арыштаў, якая закранула кола сяброў былога прэм’ера.

Валерый Румас займае пасаду памочніка дырэктара ў лонданскім філіяле расійскай інвестыцыйнай кампаніі VTB Capital.

Сам экс-прэм’ер усе гэтыя дні не адказваў на пытанні. За яго гаварыла жонка Жанна, якая запэўніла карэспандэнтаў розных выданняў, што муж знаходзіцца на волі.

8 лютага да Сяргея Румаса дазваніўся карэспандэнт «Нашай Нівы», той адказаў на выклік.

«Я не буду даваць ніякіх каментароў, выбачайце. Вы пачулі, што я жывы, не арыштаваны, але нічога каментаваць не буду. Дзякуй, што хвалюецеся», — адказаў Сяргей Румас.

Поделиться ссылкой: