Іван Мележ

8 лютага споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа.

Самым знакамітым яго творам стаў раман “Людзі на балоце” – пра калектывізацыю на беларускім Палессі. На яго старонках настолькі яскрава і запамінальна паказаны характары беларусаў палешукоў, што сама назва стала крылатай – “людзьмі на балоце” неяк ахвотна сталі мы ўсе, і нават пазнейшая меліярацыя не адмяніла гэтай самахарактарыстыкі. Ніякім чынам не прыніжальнай! Думаецца, Іван Мележ невыпадкова назваў так свой самы ўдалы раман (перабраўшы з дзясятак варыянтаў). Балота – гэта цэлы патаемны свет, там ніколі – ні ў летнюю спёку, ні ў зімовыя маразы – не замірае жыццё. З балотам і яго насельнікамі звязана безліч беларускіх казак, паданняў, песень.

Дарэчы, любімай песняй Мележа была менавіта “балотная” “Каля грэблі шумяць вербы…”. Калі ў 1971 годзе адзначалася 50-годдзе пісьменніка (у Купалаўскім тэатры, у прысутнасці тагачаснага кіраўніцтва Беларусі), з роднай мележаўскай вёскі Глінішча прыехаў народны хор – з тымі вербамі ля грэблі. І славуты пісьменнік, які прайшоў франты Вялікай Айчыннай вайны, слухаючы землякоў, не змог стрываць слёз…

Аўтара “Палескай хронікі” любіў і цаніў Пятро Машэраў, які знаходзіў час чытаць беларускую літаратуру. Аднойчы народны лідар запрасіў народнага пісьменніка ў свой верталёт і, абляцеўшы гомельскае Палессе, загадаў прызямліцца проста пасярод разгубленага Глінішча – каб зрабіць прыемнае творцу. Сам Іван Паўлавіч пазней вельмі любіў расказваць пра той свой прылёт на радзіму.

На жаль, сёння Івана Мележа чытаюць мала (як і многіх выдатных празаікаў). Але цікавасць да яго раманаў абавязкова вернецца. Бо ў іх – наша нацыянальнае жыццё быццё, без прыхарошванняў і перакручванняў у дагоду камусьці.

Хтосьці з нашых суседзяў пусціў у свет зусім не бяскрыўдную показку-дражнілку: “А за Гомелем людзі ё? – Ё, толькі дробненькіё”. Беларусы апошнім часам зняпраўдзілі не адзін міф пра сябе (рахманыя, паслухмяныя і г.д.). А міф пра палескіх пігмеяў – сваёй магутнай постаццю, сваёй грандыёзнай творчасцю – разбурыў (даўно і на векі вечныя) Іван Паўлавіч Мележ.

Палескі волат, які беларуса на балоце ўзвёў у пантэон сусветна вядомых літаратурных герояў.

Публікацыя – з № 10 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»