Фота pressball.by. Андрэй Капскі вырашыў быць лаяльным

Яшчэ з дзясятак гадоў таму беларускі футбол меў цудоўную візітоўку — клуб са сціплага горада Барысава. БАТЭ віраваў ва ўсю моц — выйграваў адзін чэмпіянат краіны за другім ды грымеў у еўракубках, дзе мог эфектна распатроніць нават мюнхенскую «Баварыю».

Аднак час прайшоў — і ўсё змянілася. Шчасце скончылася, а карэта, што калісьці была залатой, ператварылася ў эпічны гарбуз. Барысаўскі феномен спазнаў дэкаданс. І нават на нацыянальнай арэне больш не дамінуе. У Беларусі два сезоны запар — іншыя чэмпіёны, а ў еўракубках заўзятары БАТЭ ўсё больш жывуць успамінамі. І спадзяванняў на дзівосны камбэк зусім не праглядаецца. Тут бы ўвогуле ўзбіцца хоць на нейкі трывалы шлях — і не сканаць пад ціскам знешнім абставінаў.

Вы скажаце: ну і што тут такога? Кожную сімфонію рана ці позна чакае апошні акорд. Любая імперыя рана ці позна развальваецца, як трухлявы свіран. Усё так, але, падобна, заняпад БАТЭ будзе абстаўлены іншымі дэкарацыямі. Прынамсі, без усеагульнага спачувальнага камлання, якое клуб за доўгія пераможныя гады, безумоўна, заслужыў. І нават без калектыўнай жалобы заўзятараў, якія гэтай зімой пакрысе адварочваюцца ад любімай каманды.

Сядзеў і не высоўваўся

Дасведчаны чытач, вядома, пра прычыну ўжо здагадаўся. 11 і 12 лютага адбудзецца мерапрыемства, якое афіцыйна называецца Усебеларускім народным сходам. Традыцыйным хэдлайнерам яго будзе Лукашэнка, а агулам у ім возьмуць ўдзел 2700 чалавек.

Як на гэты сход адбіралі дэлегатаў, як туды марна спрабавалі трапіць «простыя смяротныя», чаму гэты форум падобны на тэатр аднаго акцёра і якая легітымнасць тамтэйшых рашэнняў — гэта, канешне, тэма асобнай размовы. Як, дарэчы, і тое, што Павел Латушка са сваім Народным анатыкрызісным кіраваннем пагражае санкцыямі для ўдзельнікаў сходу ў выпадку, калі тыя аднагалосна і ў адзіным парыве наробяць там чагосьці антыканстутыцыйнага ды супрацьпраўнага.

Наша справа — футбол, і вось тут сталася так, што галоўны від спорту на УНС будзе прадстаўлены Андрэем Капскім. Кіраўніком і, фактычна, гаспадаром БАТЭ — ды, па-сутнасці, адзіным чалавекам з прафесійных футбольных колаў, якому на будучым тыдні пашанцуе моцна пляскаць у далоні ў гонар галоўнага дакладчыка.

На таемнай інаўгурацыі 23 верасня, памятаецца, было неяк весялей — прысутнічаў і старшыня федэрацыі Уладзімір Базанаў, і галоўны трэнер зборнай Міхаіл Мархель. Дый увогуле шырокая грамада спартыўнага бамонду. Цяпер жа адказваць за футбол збіраецца адзін Капскі — астатнія ці то не пайшлі, ці то іх не запрашалі. І гэта натуральным чынам выклікала ў грамадстве хвалю крытыкі, расчаравання і абурэння.

Раней Андрэй Капскі не быў заўважаны ў сімпатыях да рэжыму — сядзеў сабе цішком ды не высоўваўся, як і большасць у памяркоўным нашым футбольным соцыуме. Тым больш БАТЭ паводле духу свайго, гісторыі і справаводства, клуб, хутчэй, прыватны. І чаго яму ўжо карціць адзначыцца ў рахманай масоўцы, якая рыхтуецца ўхваляць геніяльныя планы на будучую пяцігодку? Дый барысаўскую каманду наверсе цяпер асабліва не лашчаць — хутчэй, наадварот, выціраюць аб яе ногі, і нібыта атрымліваюць ад таго нават асалоду.

Не пусцілі за мяжу — змаўчаў

У беларускім футболе цяпер міжсезонне. Каманды рыхтуюцца на новага чэмпіянату, трэніруюцца і спарынгуюць на зборах. Здавалася б, руціна, зацішша, але не зусім. Ці не ўпершыню ў гісторыі клубы вымушаныя ўжывацца ў новы трэнд на мяжы фантастыкі, ад якога яшчэ ўчора ў любога функцыянера альбо трэнера вочы б палезлі на лоб. Аднак час цяпер асаблівы, і вочы на месцы — лыпаюць, звыкаюцца з тым, што паводле нейкага эксцэнтрычнага чыноўніцкага ноу-хау футбалістаў у Беларусі зрабілі амаль што невыязнымі.

Раней клубы маглі самі планаваць свае зімовыя паводзіны — і шчыльнымі радамі ехалі за якасным трэнінгам у цёплае замежжа (часцей за ўсё, у параўнальна танную Турцыю). Цяпер жа — ніякага свавольства і самакіравання. Усё праз узгадненне на ўзроўні Мінспорту, а гэта той яшчэ біном.

Фактычна, выязныя гастролі забароненыя — маўляў, каб дзяржаўныя грошы заставаліся ў краіне. Рыхтуйцеся на радзіме, на палях з натуральнай сінтэтыкі — для таго вам манежы і пабудавалі. Большасць так і робіць, і гульцы пакорліва топчуць траўманебяспечныя штучныя газоны. Але ж з любога правіла, як вядома, ёсць красамоўныя выключэнні. І калі некаму вельмі хочацца зганяць за мяжу і адпрацаваць тактыку пад сонейкам і на сапраўдным грунце, то мытня, як у тым кіно, умее даваць дабро.

І вось ужо салігорскі «Шахцёр», якім апякуецца магутны «Беларуськалій», паляцеў праграваць маторы ажно ў Дубай. І вось ужо брэсцкі «Рух» — клуб праўладнага бізнесоўца Аляксандра Зайцава — набіраецца моцы на турэцкім беразе. І вось ужо мінскае «Дынама» — праект, набліжаны да сілавога блоку, — становіцца лагерам у субтрапічным Сочы, дзе цёмныя ночы.

БАТЭ таксама хацеў выйсці ў людзі ў белых штанах, як той ільфа-пятроўскі Балаганаў. Аднак яго «ў вырай» не пусцілі. Міністэрства спорту заблакавала зборы барысаўчан у Турцыі, дый яшчэ патлумачыла гэта з пэўным цынізмам. Сядзіце дома, экс-чэмпіёны, бо, з аднаго боку, у Беларусі створаныя ўсе ўмовы для круглагадовай працы, а з другога — у свеце склалася зусім ужо цяжкая «эпідэміялагічная сітуацыя, выкліканая распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі, у тым ліку выкліканай новым штамам, што быў выяўлены ў Вялікабрытаніі…»

Так БАТЭ дома і застаўся, а тут яшчэ — відаць, каб мала не падалося, — на Капскага наехаў і асабіста міністр Сяргей Кавальчук. На сумеснай калегіі Мінспорту і БФФ кіраўнік галіны фамільярна папракнуў барысаўскага менеджара: «Андрэй Капскі, ты не крыўдуй за БАТЭ. Вам адмоўлена». І дадаў, узнёсшыся ў эмпірэі: «Вялікі клуб, праславіў краіну на міжнароднай арэне, а колькі ўклаў за 25 гадоў у сваю школу?.. Не будзе дзіцячага футбола — не з’явіцца і дарослага».

Шэф БАТЭ і гэта маўкліва праглынуў, хаця яму было што адказаць. Бо калі і папракаць каго ва ўзнікненні аўгіевых стайняў у нашым дзіцячым футболе, то не ў першую чаргу Барысаў. Тут наўсцяж вінаватыя, і калі па коле прайсці, то да федэрацыі з міністэрствам таксама пытанні абавязкова знойдуцца.

Але дзяўбуць БАТЭ — як нейкага двоечніка, быццам «Баварыю» і «Арсенал» некалі перамагаў не ён, а мазырская «Славія» ці «Белшына» з Бабруйска. Быццам ён, а не «Шахцёр» з году на год вылятае з еўракубкаў на першых стадыях, праядаючы тлустыя дзяржаўныя бюджэты і прайграючы якім-небудзь малдаванам.

Атрымаў спадчыну

Справядліва спытаць: а чаго дзяўбуць? На тое, як лічыцца, ёсць дзве прычыны.

Першая — застарэлая нелюбоў да Барысава з боку некаторых чыноўнікаў федэрацыі. Антыпатыя, саспелая яшчэ ў тыя часы, калі БАТЭ кіраваў іншы Капскі — Анатоль, самы паспяховы футбольны менеджар суверэннай Беларусі. Гэта ён стварыў клуб — і ад самых нізоў узнёс да касмічных вяршынь. Гэта ён аберагаў каманду, спарадзіў там славутую барысаўскую аўру, якая натхняла футбалістаў на буйныя перамогі. Гэта ён зрабіў БАТЭ камерцыйна паспяховым, а значыць — незалежным і самадастатковым. А паспяховых у Беларусі не любяць — і гэта назіранне не новае.

Кажуць, Капскі-старэйшы і цяпер бы не даў сваё дзецішча ў крыўду — ён умеў ставіць на месца апанентаў. Аднак гэтага мы ўжо дакладна не даведаемся, бо легендарны функцыянер сышоў з жыцця праз анкалогію яшчэ ў верасні 2018-га, на 53-м годзе жыцця. Сышоў — і пакінуў клуб на маладасведчанага сына, то-бок фактычна безабаронным.

Другая прычына кіраўнічай непрыязнасці да БАТЭ, здаецца, палягае ў палітычнай плоскасці. Не сказаць, каб Барысаў быў надта апазіцыйным, бо футбалісты, з іх зайздроснымі заробкамі пераважна ад дзяржаўнай шчодрасці, — не тое саслоўе. Аднак то паўабаронца Станіслаў Драгун выкажацца ў падтрымку баскетбалісткі Алены Леўчанка, то нападаючы Мікалай Сігневіч напіша сторыз за перамены, то гульцы ў адмысловым відэа выступяць супраць гвалту, то на матч зборнай выйдуць з белымі стужкамі…

Улады, асабліва апошнім часам, намастачыліся зводзіць з такімі рахункі — як у асабістым парадку, так і дзейнічаючы супраць цэлых асяродкаў. Таму, калі аднойчы Андрэй Капскі распавядзе пра сённяшнія змрочныя часы, без палітычнага чынніку яго расказ наўрад ці абыдзецца.

Вырашыў дагадзіць

Але пакуль Андрэй Анатольевіч працягвае маўчаць. Прычыны свайго нечаканага дэлегацтва на УНС ён каментаваць адмовіўся, але ж яны і не схаваныя ў самай далёкай шуфлядзе.

Калісьці перад выбарамі, яшчэ на свабодзе, Віктар Бабарыка слушна казаў, што найлепшы гарант незалежнасці Беларусі — не прэзідэнт-патрыёт, а ў першую чаргу ўстойлівая эканоміка. Так адбылося і з самым тытулаваным клубам краіны. З-за пагаршэння вынікаў (у першую чаргу ў еўракубках) дабрабыт БАТЭ моцна пахіснуўся. І цяпер барысаўчанам будзе цяжка выжыць без дзяржаўнай дапамогі.

Насамрэч, гэтая дапамога прапісаная ў спецыяльных нарматыўных дакументах — і яе ў рознай ступені маюць ці не ўсе беларускія клубы. Але ж спецыфіка — як з тымі замежнымі трэніровачнымі зборамі: каб атрымаць болей, трэба быць у добрых стасунках з кіраўніцтвам. Трэба быць добранадзейным і хрыбетнікам адчуваць ваганні генеральнай лініі.

За тым, як мяркуецца, Капскі на сход і ідзе. Не ірвецца, вядома, але шматзначна прапанавалі — і тут ужо «або-або». Ці пагаджайся, дэманструй лаяльнасць і атрымлівай шанцы на фінансаванне, ці выжывай як хочаш.

І шэф БАТЭ вырашыў дагадзіць. Уліцца ў шэрагі бюджэтнікаў, мясцовых дэпутатаў, чыноўнікаў ды яшчэ тых, хто прайшоў жорсткі ідэалагічны фільтр пры адборы. Наколькі вострая дылема перад ім стаяла — пытанне філасофскае, але адказ на яго трэба шукаць, маючы на ўвазе тысячы затрыманых, сотні палітвязняў, рэпрэсіі, звальненні, гвалт… Свая кашуля, вядома, бліжэй, але ж і салідарнасць, ахвярнасць беларусаў у гэтыя месяцы — не пусты гук. Тым больш, прасіць у дзяржавы, як паказвае практыка, — гэта працэс безупынны. Калі аднойчы руку працягнуць, потым давядзецца рабіць гэта зноў і зноў. Зноў і зноў — плацячы па рахунках.

Ну і хай сабе — вырашыў, дык вырашыў. Яшчэ, глядзі, і на выступ да мікрафону запросяць — як дзесяць гадоў таму Капскага-старэйшага. Тады, аднак, часы былі іншыя, дый стваральнік БАТЭ заставаўся шчырым прыхільнікам дзяржаўнага курсу. Цяпер усё змянілася — і настрой грамадства перш за ўсё. Здабываючы на часовы пражытак зараз, лёгка страціць нешта большае, прычым — назаўжды.

Уласна, працэс пайшоў — ад БАТЭ пачалі ўжо адварочвацца заўзятары. А гэта, па гамбургскім рахунку, самае горшае, што можа быць у футболе.

Поделиться ссылкой: